Тэарэтычны матэрыял па раздзелу “Лексіка”

Да ведама: Тэарэтычныя вытрымкі ўзяты з дапаможніка В.М.Сіўковіч “Беларуская мовы ў пытаннях і адказах”.

Лексікалогія – раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем лексічнай сістэмы, слоўнікавага складу мовы, а таксама слова, яго значэння, паходжання, ужывання.

Слова мае лексічнае і граматычнае значэнне. Лексічнае значэнне слова – гэта яго ўнутраны змест, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам ці з’явай рэчаіснасці. Граматычнае значэнне – значэнне, уласцівае слову як пэўнай часціне мовы. Яно выражаецца граматычнымі катэгорыямі роду, ліку, склону, асобы, часу і г.д. Граматычнае значэнне аналізуюць па канчатках, суфіксах або прыстаўках, лексічнае – па корані і аснове.

Слова можа мець адно або некалькі значэнняў.

  1. Словы, якія маюць адно лексічнае значэнне, называюцца адназначнымі.
  2. Словы, якія маюць некалькі лексічных значэнняў, называюцца мнагазначнымі.

Такія словы ў слоўніках запісаны ў адным слоўнікавым артыкуле, кожнае значэнне тлумачыцца пад пэўнай лічбай.

Напрыклад: Плынь. 1) рух вады ў рэчках, морах: рачная плынь. 2) перан. Вялікая маса людзей, якая рухаецца ў адным напрамку: людская плынь. 3) перан. Напрамак у якой-небудзь галіне дзейнасці: літаратурная плынь.

Амонімы два ці больш слоў, якія гучаць аднолькава, але маюць розныя значэнні. Такія словы ў слоўніках падаюцца ў розных слоўнікавых артыкулах. Прычым слова запісваецца столькі разоў, колькі мае розных значэнняў, і пазначаецца лічбай.

Напрыклад:

Юшка¹ – металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Жалезная юшка.

Юшка² – страва са свежай рыбы з прыправамі. Смачная юшка.

Антонімысловы з супрацьлеглым значэннем. Чорны – белы, радасць – гора.

Сінонімы – словы, якія абазначаюць адзін і той жа прадмет, якасць, дзеянне, але пішуцца і вымаўляюцца па-рознаму.

Група з двух ці больш сінонімаў называецца сінанімічным радам, пры запісе якога на першым месцы ставіцца слова дамінанта (слова, якое шырэй за іншыя выкарыстоўваецца ў мове і больш дакладна выражае агульнае значэнне):

Паронімы – словы з блізкім гучаннем, але розным лексічным значэннем (аператыўны і аперацыйны, атамнік і атамшчык, вытворны і вытворчы).