Яўген Крупенька “Ёсць у кожнага з нас незабыўны маленства куток”

Ёсць у кожнага з нас незабыўны маленства
куток,
Як у птушак, дзе вывелі дзетак, гняздоўе.
Борам стаў стагалосы за вёскай
маленькі лясок —
Для мяне ён адзіны на свеце ў маім
Прыдняпроўі.
Дзе б ні быў я далёка, куды б мяне лёс ні занёс,
Хату матчыну помню — заўсёды стаіць
прад вачыма.
Чую клёкат бусліны, пад акном —
ціхі шэпат бяроз,
Ты такой перад мной паўстаеш, дарагая Радзіма.
Нізкім стаў мне даўно, што здаваўся высокім,
парог,
Ды і хата, як маці мая, за гады пастарэла.
На кляновым стале, на бялюткім абрусе, пірог,
Нібы сонца, ляжыць — ад яго на зямлі
пасвятлела.
Сонца ў лісцях бяроз, на мурожнай у росах траве,
Жаўруковаю песняй злятае на колас жытнёвы,
А ў матуліным сэрцы найвялікшае сонца жыве,
Найвялікшае сонца — мая беларуская мова.
Слова маці! Цябе перадам я сынам.
Ты — мой скарб дарагі, найсвятлейшая спадчына.
За цябе, калі трэба, жыццё я аддам,
Толькі песня не моўкнула б матчына.
А пакуль я жыву, незабыўны маленства куток
Мяне вабіць туды, ён заўсёды стаіць прад
вачыма…
Борам стаў стагалосы за вёскай маленькі лясок.
Ён у кожнага свой, ды адна для ўсіх нас —
Радзіма.
Незразумелыя словы
- Бор – хвойный лес.
- Лёс – судьба.
- Абрус – скатерть.
- Мурожны – покрытый молодой травой (луг).
- Скарб – богатство.
- Спадчына – наследство.
- Вабіць – манить, притягивать.