Day: 31.10.2018

Анатоль Грачанікаў “Верасень”

Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшастых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах,
І травастою пах яшчэ не знік.
Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
І гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
І не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.
Так, свет!
І сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,
Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
І ў жураўліным сцішаным палёце,
І ў засцюдзелай быстрыні рачной.
Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
І дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.

Незразумелыя словы

  1. Шчыраваць – усердствовать, сильно стараться.
  2. Імшасты – покрытый мхом.
  3. Баравіна – 1) молодой хвойный лес; 2) возвышенность в бору.
  4. Трымцець – трепетать, дрожать.
  5. Немітусліва – без суеты, спокойно.
  6. Гронка – гроздь.
  7. Даспадобы – по нраву, нравится.
  8. Абшары – просторы.
  9. Шчымліва – щемяще, так, что берет за душу.
  10. Вашчына – неочищенный воск; пустые пчелиные соты.
  11. Барва – окраска; бордовый цвет.

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code

 

Анатоль Грачанікаў “Як ападае ліст”

Як ападае ліст, як ападае…
Нібы дазволу ў восені пытае.
Бывай, галінка гнуткая, бывай!
Няхай цяпер цябе галубіць вецер,
Салодка закалыхвае пад вечар
І будзіць на зары цябе няхай.
Хіба табе, пажоўклы, я раўня?
З табою развітацца мне не сорам,
Як з небам — ціхім пераспелым зорам
Перад прыходам маладога дня.
Бывайце, сонца, поле і таполя!
Мне час заснуць у восені ў прыполе…

Незразумелыя словы

  1. Дазвол – разрешение.
  2. Галінка – веточка.
  3. Гнуткі – гибкий.
  4. Галубіць – ласкать.
  5. Пажоўклы – пожелтевший.
  6. Прыпол – подол.