Анатоль Грачанікаў “Верасень”

Зноў верасень —
Запаслівы грыбнік —
Шчыруе па імшастых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах,
І травастою пах яшчэ не знік.
Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
І гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
І не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай — малады.
Так, свет!
І сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,
Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
І ў жураўліным сцішаным палёце,
І ў засцюдзелай быстрыні рачной.
Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
І дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.
Незразумелыя словы
- Шчыраваць – усердствовать, сильно стараться.
- Імшасты – покрытый мхом.
- Баравіна – 1) молодой хвойный лес; 2) возвышенность в бору.
- Трымцець – трепетать, дрожать.
- Немітусліва – без суеты, спокойно.
- Гронка – гроздь.
- Даспадобы – по нраву, нравится.
- Абшары – просторы.
- Шчымліва – щемяще, так, что берет за душу.
- Вашчына – неочищенный воск; пустые пчелиные соты.
- Барва – окраска; бордовый цвет.
Гульня на замацаванне
(для мабільных гаджэтаў)
Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.
Вялікі дзякуй! Ужо некалькі разоў скарысталася Вашым сайтам. Дзеці засталіся задаволеныя і вершам, і падборам карцінак да незразумелых слоў. Буду прапаноўваць сваім калегам.
Рады бачыць Вас сярод нашых карыстальнікаў.