- Адамаў яблык. Другая назва кадыка ў мужчын.
Паходжанне выразу звязваецца з павер’ем: калі біблейскі Адам стаў есці яблык, што дала яму Ева, сарваўшы, насуперак Богавай забароне, з дрэва пазнання дабра і зла, то кавалачак засеў у горле і назаўсёды ператварыўся ў выступ, які як кляймо грэху перадаецца ўсім мужчынам.
- Арыядніна ніць. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Сродак выйсці з цяжкага становішча.
Паходзіць з міфа пра афінскага героя Тэзея. Найважнейшым подзвігам Тэзея было знішчэнне Мінатаўра — пачвары з чалавечым тулавам і бычынай галавой. Яму дапамагла Арыядна — дачка цара Мінаса, якая пакахала юнака і дала яму востры меч і клубок нітак. Прывязаўшы нітку ля ўваходу і размотваючы клубок, Тэзей дабраўся да Мінатаўра і, забіўшы яго, па нітцы знайшоў выйсце з заблытаных хадоў лабірынта, а таксама вывеў іншых асуджаных на з’ядзенне.
- Арэдавы вякі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўга (жыць, пражыць).
Паходзіць з біблейскага аповеду (Быццё, 5, 15) пра патрыярха Іарэда, які пражыў нібыта 962 гады.
- Асядлаць Пегаса. Заняцца паэзіяй, стаць паэтам, пачаць пісаць вершы.
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Пегасам у старажытных грэкаў называлі чарадзейнага крылатага каня, які сімвалізаваў паэтычную творчасць. Паводле міфа, музы так цудоўна спявалі аднойчы, што гара Гелікон, на якой яны жылі, пачала ад вялікага захаплення расці і паднялася была ўжо да неба. Тады Пегас ударыў капытом, вярнуў гару на ранейшае месца і высек цудадзейную крыніцу, якая стала крыніцай паэтычнага натхнення.
- 5. Аўгіевы канюшні (стайні). Абазначае ‘вельмі забруджанае памяшканне’ і ‘поўнае бязладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў у якой-н. арганізацыі’.
Паводле міфа, у элідскага цара Аўгія былі вялізныя канюшні, якіх ніхто не прыбіраў трыццаць гадоў. Каб ачысціць іх, спатрэбілася сіла і розум міфічнага героя Геракла (Геркулеса). Ён зрабіў гэта за адзін дзень, перагарадзіўшы плацінай раку Алфей і пусціўшы ваду ў канюшні.
- Ахілесава пята. Калька з грэч. м. Найбольш слабае, паражальнае месца.
Паводле міфа, марская багіня Фетыда, каб зрабіць свайго сына Ахілеса несмяротным, акунула малога ў свяшчэнную ваду падземнай ракі Стыкс. Цела Ахілеса стала пасля гэтага непаражальнае. Толькі пятка, за якую, апускаючы ў ваду, трымала маці сына, засталася адзіным неабароненым месцам. У час Траянскай вайны Ахілес быў забіты царэвічам-траянцам Парысам, стралу якога нібыта бог Апалон накіраваў у пяту героя.
- Блудны сын. Легкадумны,свавольны, распусны чалавек, які раскаяўся ў сваіх памылках.
Паходзіць з евангельскай прытчы (Лука, 15,11–32) пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў, а пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў.
- Блукáнне па пакутах. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на чыю-н. долю.
Узнік на аснове старажытнага веравання ў блуканне душ грэшнікаў па пакутах на працягу сарака дзён пасля смерці чалавека.
- Будаваць на пяску. Засноўваць на ненадзейных звестках, паказчыках.
Склаўся на базе евангельскай прытчы (Матфей, 7, 26–27): «Усякі, хто слухае гэтыя словы мае і не выконвае іх, стане падобны на чалавека безразважнага, які пабудаваў дом свой на пяску. I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і налеглі на дом той, і ён паваліўся».
- Вавілонскае стоўпатварэнне. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар.
Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1–9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба. Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» языкі будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго.
- Валаамава асліца (валаамаў асёл). Пакорны, маўклівы чалавек, які раптам выказаў сваю думку або нязгоду, пратэст.
Утвораны на аснове біблейскай легенды (Лічбы, 22, 27–28) пра чараўніка Валаама і яго асліцу, якая, калі гаспадар пачаў біць яе, запратэставала чалавечай мовай, стала ўгаворваць гаспадара, каб ён не ішоў супраць Божай волі і адмовіўся ад намеру выконваць загад маавітанскага цара Валака.
- Валтасараў баль. Паўкалька з царк. — слав. м. Вясёлае, легкадумнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну.
Паходзіць з Бібліі. У кнізе Даніілы (5) расказваецца пра баль у халдзейскага цара Валтасара. Падчас балю таямнічая рука напісала на сцяне чатыры прарочыя словы пра непазбежную пагібель цара, той жа ноччу цар быў забіты, а яго царства дасталося Дарыю.
- Вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што. Ужыв. са значэннямі ‘ненавідзячы каго-н., рыхтаваць яму якую-н. непрыемнасць’ і ‘старацца завалодаць чым-н. ці трапіць куды-н.’
Узнікненне фразеалагізма звязана з перыядам дзейнасці польскага караля Стафана Баторыя (1574– 1586), у гербе якога было тры зубы. Калі ён гневаўся на каго-небудзь, то гаварылі, што вострыць зубы на яго.
- Вісець на валаску. Аказвацца ў вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы.
Узнікненне фразеалагізма, відаць, мае сувязь са старажытнагрэчаскім паданнем пра цара Дыянісія Старэйшага і яго прыбліжанага Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў царскі палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім валаску востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае цара, знак нетрываласці яго шчасця.
- Вока за вока <зуб за зуб>. Адплата злом за прычыненае зло.
Частка біблейскай формулы закону адплаты (Левіт, 24, 20): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».
- Восьмы цуд свету. Штосьці дзіўнае, велічнае, незвычайнае.
У старажытнасці лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету — грандыёзных, надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Семіраміды, храм Артэміды ў Эфесе, грабніца Маўсола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Родас), маяк на востраве Фарос, статуя Зеўса ў Алімпіі. У наш час выкарыстоўваюць выраз восьмы цуд свету для абазначэння чагосьці новага, нечаканага, надзвычайнага, як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў.
- Выносіць (вынесці) смецце з хаты. Выдаваць тое, чаго не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.).
Існуюць розныя меркаванні аб паходжанні гэтага фразеалагізма. Лічаць, напрыклад, што ў яго аснове — даўнейшае павер’е: у хатнім смецці бываюць і часцінкі чалавека (валасы, ногці), па якіх, калі іх выкінуць за парог, нядобразычлівец, злы дух нагоніць на хату насланнё, таму, каб не мець бяды, непрыемнасці, смецце не выкідвалі з хаты, а спальвалі ў печы.
- Выпусціць джына з бутлі. Ужыв. са значэннем ‘выклікаць нейкі непрыемны неабарачальны працэс, зрабіць штосьці неспадзяванае’.
Выраз узнік на аснове персідскай і арабскай міфалогіі, дзе джын — добры або злы дух.
- Геркулесавы слупы чаго. Ужыв. ва ўсходнесл., польск. і некаторых іншых мовах са значэннем ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-н.’
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, міфы пра подзвігі Геркулеса. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўлення старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».
- Гордзіеў вузел. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Заблытаная справа, складанасць, цяжкасць.
Паводле міфа, Гордзій, да таго як стаў царом Фрыгіі, быў простым земляробам. Калі ён араў на валах, арол сеў на ярмо. Гэта прадказвала Гордзію, як растлумачыла прарочыца, царскую ўладу. Якраз у фрыгійцаў у хуткім часе не стала цара, і яны, выконваючы волю аракула, выбралі таго, хто першы на калёсах ехаў па дарозе да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій паставіў калёсы ў храм, а ярмо прымацаваў да дышля такім заблытаным вузлом, што ніхто не мог яго развязаць (гл. секчы гордзіеў вузел).
- Дарункі данайцаў. Каварная паслуга з мэтай прычыніць зло.
Сфарміраваўся на аснове легенды з грэчаскай міфалогіі аб узяцці Троі і траянскім кані. Данайцы (грэкі) пасля дзесяцігадовай асады рашылі хітрасцю авалодаць горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Траянцы не звярнулі ніякай увагі на гэту перасцярогу, разбурылі частку сцяны і ўцягнулі каня ў крэпасць. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава.
- Двухаблічны Янус. Крывадушны чалавек.
Выток фразеалагізма — рымская міфалогія. Янус — старажытнарымскі бог часу, а таксама пачатку і канца, уваходу і выхаду. На малюнках і ў скульптуры яго паказвалі з двума тварамі, звернутымі ў супрацьлеглыя бакі. Маладым тварам ён глядзеў наперад, у будучыню, а старым — назад, у мінулае.
- Дзе сабака закапаны. У чым сутнасць справы, сапраўдная прычына чаго-н. Было крыўдна, як гэта ён, майстра сваёй справы з вялікім, яшчэ даваенным стажам, не можа дабрацца, дзе тут, як кажуць, сабака закапаны.
Мяркуюць, што выраз нарадзіўся ў перыяд сярэднявечча, калі модным было шукаць скарбы, і першапачаткова абазначаў ‘вось дзе скарб закапаны’. Выкарыстанне замест скарб слова сабака вытлумачваецца тым, што існавала павер’е, быццам закапаныя ў зямлі скарбы ахоўваюцца нячыстай сілай у вобразе чорнага сабакі.
- 24. Днём з агнём. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘ніякім чынам, аніяк (не знойдзеш, не знайсці каго-, чаго-н.)’ і ‘з вялікімі цяжкасцямі, прыкладаючы значныя намаганні (шукаць, пашукаць каго-, што-н.)’.
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з легендай пра грэчаскага філосафа Дыягена (IV ст. да н. э.). Аднойчы ён, каб паказаць, як мала сапраўдных людзей сярод сапсаванага грамадства, запаліў днём ліхтар і ўсюды хадзіў з ім, гаворачы: «Шукаю чалавека».
- Добры геній. Чалавек, які аказвае на каго-н. дабратворны ўплыў, прыносіць каму-н. карысць. Злы геній. Чалавек, які аказвае на каго-н. дрэнны ўплыў, прыносіць каму-н. шкоду, зло.
Склаўся на аснове старажытнарымскіх міфалагічных уяўленняў. Геній, паводле гэтых уяўленняў, — дух-заступнік, які кіруе дзеяннямі і думкамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Лічылася, што ёсць два геніі: добры, які прыносіць карысць, і злы, які аказвае на чалавека дрэнны ўплыў.
- Егіпецкая кáра. Нязносна цяжкае становішча, бяда, бядота.
Склаўся на аснове біблейскага аповеду (Зыход, 7-12) аб дзесяці карах (ператварэнне вады Ніла ў кроў, падзеж жывёлы, маравая пошасць, нашэсце саранчы, шматдзённая цемра і інш.), якімі Бог пакараў егіпцян за тое, што фараон адмаўляўся вызваліць яўрэяў, што жылі ў Егіпце на становішчы рабоў.
- 27. Забаронены плод. Штосьці прывабнае, спакуслівае, але недазволенае.
У рускай мове выраз узнік з прыказкі “Запретный плод сладок”, якая склалася на аснове біблейскага міфа пра першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі (Быццё, 2, 16–17), Бог дазволіў Адаму і Еве есці плады з усіх дрэў, апрача дрэва пазнання дабра і зла. Аднак занадта цікаўная Ева не ўтрымалася, каб не сарваць забаронены плод, і спакусіла таксама Адама. За гэта абое былі пакараны і выгнаны з раю.
- Заблудная (блудная, аблудная) авечка. Абазначае ‘чалавек, які збіўся з правільнага жыццёвага шляху’.
Выраз склаўся на базе евангельскай прытчы (Лука, 15, 4–6) пра чалавека, які, «маючы сто авец і згубіўшы адну з іх», пакінуў астатніх у пустыні і пайшоў шукаць заблудную, а знайшоўшы яе, радаваўся «больш, чым дзевяноста дзевяці не заблудным». Так, гаворыцца ў канцы прытчы, «бывае радасць у анёлаў божых і аб адным грэшніку, які каецца».
- Закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю. Губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца.
Склаўся на аснове евангельскай прытчы (Матфей, 25, 15–30). Адзін багаты чалавек, ад’язджаючы ў далёкія краіны, даў аднаму свайму рабу пяць талантаў (буйных грашовых адзінак), другому — два, трэцяму — адзін. Вярнуўшыся, гаспадар даведаўся, што першыя два рабы ўклалі свае грошы ў розныя выгадныя справы і атрымалі значны прыбытак. Трэці ж сказаў, што ён закапаў атрыманы талант у зямлю. Гаспадар пахваліў першых двух і зганіў трэцяга.
- За круглым сталом. З роўнымі правамі, на роўных умовах (сустракацца, вырашаць і пад.)
Паходзіць з кельцкага народнага падання пра караля брытаў Артура (V–VI стст.). Усе рыцары адчувалі сябе ў караля як роўныя між роўных; на банкетах кароль і рыцары сядзелі за вялікім круглым сталом, па чарзе мяняючыся месцамі.
- Залаты дождж. Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі.
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Жрэц-прарок прадказаў аргоскаму цару Акрысію, што ў яго дачкі Данаі народзіцца хлопчык, які пасля знішчыць свайго дзеда-цара. Акрысій загадаў трымаць дачку ў падземным будынку пад аховай служанак. Захоплены прыгажосцю Данаі, вярхоўны бог Зеўс пранік у падзямелле ў выглядзе залатога дажджу і апладніў яе.
- Зарубіць сабе на носе. Цвёрда запомніць.
Даўней пры амаль усеагульнай непісьменнасці своеасаблівай квітанцыяй пры разліках была бірка — палачка або дошчачка, на якой выразаліся зарубкі. Кожная зарубка адпавядала пэўнаму ліку (пудоў, адпрацаваных дзён і інш.). Бірка, пасля таго як на ёй былі зроблены зарубкі, расшчэплівалася на дзве палавінкі: адна аддавалася, напрыклад, уладальніку аўчын, другую пакідаў сабе дубільшчык. Калі бірку адзін з іх губляў, то пры такой сітуацыі маглі выказаць павучанне: «А ты другі раз зарубі сабе на носе, ужо не згубіш». Трапны выраз, падхоплены іншымі людзьмі, стаў агульнаўжывальным.
- За сачавічную поліўку (прадаваць, прадацца і пад). З-за дробязнай выгады.
Выток фразеалагізма — біблейская прытча (Быццё, 25, 31–34) пра братоў-блізнят Ісава і Якава — сыноў патрыярха Ісака. Ісаў нарадзіўся на некалькі мінут раней, чым Якаў, і атрымаў права першародства, якое гарантавала яму падвойную долю спадчыны і значную перавагу ў жыцці. Аднойчы галодны Ісаў папрасіў Якава накарміць яго сачавічнай поліўкай. Якаў згадзіўся, але пры ўмове, калі Ісаў уступіць яму права першародства. Ісаў даў згоду.
- Збіваць (збіць) з панталыку каго. Ужыв. са значэннямі ‘заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць’ і ‘уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае’.
Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў.
- <І> пальцам не варухнуць (не паварушыць, не паварухнуць). Нічога не зрабіць, не прыкласці ніякіх намаганняў (для ажыццяўлення чаго-н.).
Склаўся на аснове евангельскага тэксту пра фарысеяў: «Звязваюць нязручны для нашэння цяжар і ўскладваюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць яго».
- Калос на гліняных нагах. Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае разбурыцца.
Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.
- Кануць у Лету. Быць забытым, назаўсёды знікнуць.
У грэчаскай міфалогіі Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.
- Конь божы. Ужыв. як эўфемізм, як своеасаблівы стылістычны сінонім да слова асёл са значэннем ‘тупы, неразумны чалавек’.
Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос ездзіў па свеце на асле. Параўн.: «Калі ўязджаў Ісус Хрыстос у Іерусалім, Асёл яго на спіне вёз, натоўп ішоў за ім”.Выраз узнік як перыфраза, як другая назва асла — пры адначасовым перанясенні назвы з зыходнага значэння слова асёл (‘жывёліна’) на другаснае, метафарычнае (‘тупы, неразумны чалавек’).
- 39. Костачкі (косці, косткі) перамываць каму, чые, каго. Абазначае: 1) абгаворваць, бэсціць каго-н., 2) асуджаць чые-н. недахопы, крытыкаваць каго-н.
Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзіліся без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г. зн. без абгаворвання.
- Кракадзілавы слёзы. Крывадушнае спачуванне, прытворнае шкадаванне.
У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, быццам кракадзіл, з’ядаючы сваю ахвяру, плача.
- Лазара пець (спяваць). Бедаваць, прыкідвацца няшчасным, старацца расчуліць кагосьці.
Песня пра Лазара склалася на аснове евангельскай прытчы (Лука, 16,19–25) пра Лазара, які, хворы, пакрыты струпамі, ляжаў каля варот багацея, чакаючы, пакуль яму выкінуць аб’едкі. Тэкст песні і яе жалобны матыў скіроўвалі на тое, каб расчуліць слухачоў, выпрасіць у іх міласціну.
- Лебядзіная песня. Апошні, найбольш значны твор каго-н., апошняя праява таленту, здольнасці.
Узнікненне фразеалагізма звязана з павер’ем, што лебедзь спявае адзін раз у жыцці — перад самай смерцю. Павер’е, вядомае старажытным грэкам, сустракаецца ў творах Эзопа, Эсхіла. Відаць, яно мае пад сабой грунт: як сведчаць вучоныя-заолагі, апошнія ўздыхі раненага лебедзя нагадваюць песню.
- Ляцець (паляцець) у тартарары. Змяняцца карэнным чынам, развальвацца, гінуць.
Паводле міфалогіі, называлася тая частка падземнага царства, дзе знаходзіцца пекла і куды пасля смерці перасяляліся грэшнікі. У Тартар скінуў Зеўс тытанаў, якія пачалі былі барацьбу з ім за авалоданне небам.
- Мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што. Незаслужана зневажаць, бэсціць, чарніць.
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем мазаць дзёгцем у начны час вароты гаспадару, намякаючы гэтым на якую-небудзь правіннасць гаспадара ці членаў яго сям’і і тым самым ганьбячы іх.
- Між (паміж) Сцылай і Харыбдай. У цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў (выбіраць, быць і пад.)
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Сцыла і Харыбда — дзве пачвары, якія пільна ахоўвалі Месінскі праліў (паміж Сіцыліяй і Апенінскім паўвостравам) і жылі ў пячорах па абодва бакі ад праліва. Праход праз вузкі праліў (між Сцылай і Харыбдай) быў надзвычай небяспечны для мараплаўцаў.
- Мукі Тантала (танталавы мукі (пакуты). Сэнс выразу — ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’.
Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Паводле міфа, фрыгійскі цар Тантал доўгі час быў любімцам багоў, яго запрашалі на Алімп, пакуль ён не расказаў людзям пра тайнае рашэнне Зеўса (у другіх варыянтах міфа гаворыцца пра іншую віну Тантала перад багамі). Яго сурова пакаралі: скінулі ў падземнае царства на вечныя мукі прагі і голаду. Ён стаяў па горла ў вадзе, але не мог напіцца, бо вада адразу адступала. Над ім звісалі галіны з яблыкамі, грушамі і іншай садавіной і тут жа адхіналіся, калі ён працягваў да іх рукі.
- На сёмым небе. Ужыв. са значэннем ‘бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены’.
Выток фразеалагізма — уяўленні старажытных грэкаў, арабаў пра будову свету: купал неба нібыта складаецца з сямі крыштальных сфер; на верхнім, сёмым небе, дзе знаходзіцца Бог, — рай, царства нябеснае.
- На ўсе чатыры <бакі, стараны> ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. У любое месца, абы-куды, куды захочацца.
Выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча“.
- 49. На шчыце. Пераможаны, з паражэннем.
Склаўся на аснове легенды пра выключную мужнасць спартанцаў. Як апісвае старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх (каля 46-126), адна са спартанскіх жанчын, выпраўляючы сына на вайну, падала яму шчыт і сказала: „3 ім ці на ім“, г. зн. вярніся пераможцам ці мёртвым. Забітага выносілі з поля бою на шчыце.
- На шырокую нагу. Ужыв. са значэннямі: 1) багата, раскошна, без абмежаванняў y сродках (жыць, пажыць і пад.), 2) з вялікім размахам (гуляць, ставіць і інш.), 3) багаты, раскошны, без абмежаванняў.
У XII ст. y Заходняй Еўропе была мода насіць доўгі і вялікі абутак. Мяркуюць, што першы заказаў сабе такія чаравікі з загнутымі ўгору наскамі кароль Англіі Генрых II, які зрабіў гэта, каб неяк прыхаваць нарасць на вялікім пальцы правай нагі. Абутак з доўгім наском стаў модай. Яна перакінулася ў іншыя краіны. Найбольш знатныя і багатыя асобы насілі чаравікі з асабліва вялікімі наскамі. Пра такіх людзей у Германіі сталі гаварыць, што яны жывуць „на вялікую нагу“.
- Ні дна ні пакрышкі каму, чаму. Выклічнікавы выраз, ужыв. як пажаданне ўсяго найгоршага.
Першапачаткова ўжываўся як пажаданне быць пахаваным не так, як прынята, a без труны, без дна і без пакрышкі.
- Пад эгідай чыёй, каго, чаго. Пад прыкрыццем каго-, чаго-н., пад чыёй-н. аховай, заступніцтвам ці кіраўніцтвам (рабіць што-н.).
Выраз склаўся на аснове грэчаскага слова эгіс, якім называлі шчыт бога Зеўса ў старагрэчаскай міфалогіі.
- Пажынаць (пажаць) лаўры. Карыстацца плёнам поспеху.
Паводле грэчаскага міфа, Апалон пакахаў німфу Дафну, але яна не хацела стаць яго жонкай і папрасіла дапамогі ў багоў. Яны ператварылі яе ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў свяшчэнным дрэвам Апалона, бога мастацтваў. У Старажытнай Грэцыі ўсталяваўся звычай узнагароджваць лаўровым вянком паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Звычай перанялі старажытныя рымляне.
- Пасля дожджыку ў чацвер. Невядома калі ці ніколі.
Лічыцца, што фразеалагізм склаўся як формула недаверу да бога грому Перуна, днём якога быў чацвер. Паходжанне фразеалагізма звязваюць таксама з адміраннем язычніцкага свята ў гонар Перуна, якое адзначалася ў пэўны чацвер пасля першага вясенняга дажджу і грому.
- Пасыпаць галаву попелам. Глыбока смуткаваць, бедаваць з якойсьці прычыны.
Як расказваецца ў Бібліі (Іоў, 2, 12), y старажытных яўрэяў быў звычай выказваць пачуццё гора, роспачы не толькі плачам, але і пасыпаннем галавы попелам. Такі звычай, апісаны ў «Іліядзе» Гамера, быў і ў старажытных грэкаў. Ён сімвалізаваў і агульную для ўсіх жалобу.
- Пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы > яблычак. Сказаць ці зрабіць менавіта тое, што
патрэбна.
У некаторых працах паходжанне гэтага выразу звязваюць з імем Вільгельма Тэля. Паводле легенды, аўстрыйскі намеснік y Швейцарыі Тэслер загадаў Тэлю, як пакаранне за непаслушэнства, збіць выстралам з лука яблык з галавы свайго сына.
- Пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму. Празмерна хваліць, захвальваць.
Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага са звычаямі старажытных грэкаў. Першапачаткова слова дыфірамб мела вузкае значэнне: ім называлася ўрачыстая харавая песня ў гонар Дыяніса — бога вінаробства. Пасля песні-дыфірамбы спявалі і ў гонар іншых багоў і герояў.
- Пракрустава ложа. Мерка, пад якую сілком, штучна падганяюць ці прыстасоўваюць што-н.
Склаўся на аснове старажытнагрэчаскага міфа пра разбойніка Пракруста. Ён лавіў людзей, заводзіў да сябе і ўкладваў y сваю пасцель. Калі ахвяра была даўжэйшая за ложак, Пракруст адсякаў ёй ногі, a калі карацейшая — расцягваў госця да памеру ложка.
- Праметэеў агонь. Незгасальнае імкненне да высакароднай мэты.
Склаўся на аснове грэчаскіх міфаў пра тытана Праметэя — «самага высакароднага святога і мучаніка ў філасофскім календары» (К. Маркс). Паводле міфаў, Праметэй — багаборац і абаронца людзей. Ён выкраў з Алімпа, ад багоў, агонь і аддаў людзям, зрабіў для людзей яшчэ шмат чаго добрага: навучыў астраноміі, медыцыне, пісьму, чытанню, вадзіць караблі і інш. За гэта раззлаваны Зеўс, вярхоўны бог грэкаў, загадаў прыкаваць Праметэя да каўказскай скалы. Сюды кожную раніцу прылятаў вялізны арол і дзёўб печань прыкутага, a яна зноў загойвалася за коч. У гонар Праметэя ў Афінах святкавалі праметэі (бег з факелам і перадача яго з рук у рукі).
- Пуп зямлі. Самы важны, самы галоўны; лепшы за ўсіх.
Мяркуюць, што ў грэч. м. выраз трапіў з талмуда. Паводле старажытнаяўрэйскіх рэлігійных уяўленняў, пуп, або цэнтр, зямлі ў Іерусаліме, y алтары храма; адсюль Бог, кінуўшы ў мора камень, пачаў стварэнне свету. Такое ўяўленне пра святое месца, пуп зямлі, знаходзім і ў некаторых старажытнарускіх літаратурных помніках («Хождение в Иерусалим игумена Даниила»).
- Пуцяводная зорка. Першае значэнне – ‘тое, што накіроўвае чыё-н. жыццё, дзейнасць’, другое значэнне — ‘чалавек, які вызначае чыё-н. жыццё, дзейнасць’.
Склаўся на аснове евангельскай легенды. Паводле аднаго з хрысціянскіх міфаў, вешчуны, убачыўшы на небе зорку, якая была знакам таго, што нарадзіўся Ісус, пайшлі шукаць яго. «I зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, нарэшце прыйшла і спынілася над месцам, дзе было дзіця».
- Рубікон перайсці. Зрабіць сур’ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі.
Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам.
- Садом і гамора. Крайняе бязладдзе, беспарадак, хаос.
Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 19, 24–25) пра лёс двух суседніх гарадоў старажытнай Палесціны — Садома і Гаморы. У гэтых гарадах запанавалі беспарадак, распуста, і Бог вогненным дажджом і землетрасеннем рашыў пакараць грэшнікаў.
- Свет цесны. У любым месцы можна нечакана сустрэцца са знаёмым.
Выраз прыпісваецца Хрыстафору Калумбу, які ў 1492 г. адправіўся на трох іспанскіх суднах шукаць прамы марскі шлях y Індыю, але нечакана прычаліў да берагоў невядомай тады Амерыкі, «адкрыў Амерыку».
- Скрыня Пандоры. Крыніца ліха, бедстваў.
Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, доўгі час людзі жылі, не ведаючы ніякіх хвароб, няшчасця і старасці. Калі ж Праметэй выкраў ад багоў агонь і аддаў яго людзям, раззлаваны Зеўс паслаў на зямлю прыгожую жанчыну Пандору, даўшы ёй таямнічую скрыню і забараніўшы адчыняць яе. Будучы цікаўнай, Пандора прыадчыніла вечка, і са скрыні тут жа вылецелі ўсе чалавечыя няшчасці і разляцеліся па ўсёй зямлі. Так Зеўс адпомсціў людзям за Праметэеў учынак.
- Турусы на калёсах. Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы.
Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту.
- У абдымкі (абдоймы) Марфея ісці, пайсці і пад. Спаць.
Склаўся на аснове грэчаскай міфалогіі, дзе Марфей — бог сну, y антычным мастацтве адлюстроўваўся як стары чалавек з крыламі.
- У гарачай вадзе купаны. Занадта гарачы, запальчывы.
Узнікненне выразу звязана з царкоўным абрадам хрышчэння, калі малога апускалі ў спецыяльную пасудзіну з вадой (купель).
- Устаць з левай нагі. Быць у дрэнным настроі, y раздражнёным стане.
Выток фразеалагізма — павер’е, якое з антычных часоў існавала ў многіх народаў. Лічылася, што правы бок — добры, a левы — дрэнны, што ўстаць раніцай з левай нагі — значыць пачаць новы дзень пад уладай злога духу.
- У тры пагібелі. Mae значэнне ‘вельмі нізка’, якое рэалізуецца пры дзеясловах сагнуцца, схіліцца і інш.
Узнікненне фразеалагізма знаходзіцца ў сувязі са страшным відам катавання на Русі ў часы сярэднявечча. Пры допыце «прывязвалі да ног галаву: y вяроўку прасоўвалі палку і круцілі яе, аж пакуль галава не прыгіналася да самых ног». У тры пагібелі — гэта ‘у тры згібы’.
- Хоць рэпку спявай. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча.
У Старажытнай Русі рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, a то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае У. Даль, прыстойную.
- Ціпун на язык каму. Ужыв. як рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання і як нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба.
Ціпун — птушыная хвароба, нараст на кончыку языка і пашкоджанне гартані, поласці носа.
- Цыганскае сонца. Месяц, начное свяціла.
Выраз адлюстроўвае даўнейшы быт цыганоў, якія начавалі ў шатрах або пад адкрытым небам, пераязджалі на новае месца, асабліва ў гарачую летнюю пару, пры святле месяца і для якіх «ноч — матка: усё гладка» (намёк на крадзеж коней).
- Цягнуць лямку. Займацца нялёгкай, аднастайнай справай.
Выраз прыйшоў з мовы бурлакоў, якія і ў прамым сэнсе цягнулі лямку — шырокі скураны рэмень, надзеты цераз плячо. Бурлакі запрагаліся ў свае лямкі з пастронкамі, прымацаванымі да доўгай тоўстай вяроўкі, і, напружваючыся, цягнулі супраць цячэння баржу ці іншае судна. Цяжкая бурлацкая доля адбілася ў прыказцы “Цягні лямку, пакуль не выкапаюць ямку”.
- Чортаў тузін. Тузін — гэта ‘дванаццаць’, a чортаў тузін — ‘трынаццаць’.
Лічба «трынаццаць», паводле забабонных уяўленняў многіх народаў,— нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. A ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, a ад чорта. Таму «трынаццаць» — чортаў тузін.
- Шарашкіна кантора. Несалідная, неаўтарытэтная ўстанова, арганізацыя, прадпрыемства.
Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утвораны ў выніку разгортвання слова шарашка ў фразеалагізм. У перыяд сталінска-берыеўскага масавага тэрору зняволеныя называлі шарашкай спецыяльныя зоны, абнесеныя калючым дротам, дзе, пазбаўленыя свабоды і грамадзянскіх правоў, матэматыкі, фізікі, хімікі, інжынеры-радысты і інш. абавязаны былі займацца загаданай тэматыкай навуковых даследаванняў. Вучоныя жылі там у адносна някепскіх умовах, нядрэнна харчаваліся. У шарашцы працавалі ў свой час відныя фізікі-атамшчыкі, ракетчыкі і многія іншыя спецыялісты. Пабываў там і А. Салжаніцын, які пасля жыццё бяспраўных насельнікаў «шарашкі Марфіна» адлюстраваў y славутым рамане «У крузе першым».
- Яблык разладу. Прычына сваркі, спрэчак.
Склалася на аснове грэч. міфа пра багіню разладу Эрыду. Пакрыўджаная за тое, што яе не запрасілі на вяселле фесалійскага цара Пелея і багіні Фетыды, Эрыда падкінула гасцям залаты яблык з надпісам: «Найпрыгажэйшай». Паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай пачалася спрэчка: кожная лічыла сябе найпрыгажэйшай. Траянскі царэвіч Парыс, якому даверылі вырашыць сварку, аддаў яблык Афрадыце. Удзячная, яна дапамагла Парысу ўкрасці Алену — жонку спартанскага цара Менелая. A гэта стала прычынай дзесяцігадовай Траянскай вайны.
- Як асінавы ліст калаціцца, дрыжаць, трымцець. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху).
Узнікненне фразеалагізма звязваюць з павер’ем пра асіну як праклятае дрэва: евангельскі здраднік Юда пасля раскаяння нібыта сам павесіўся на асінавым суку, з таго часу асінавыя лісты асуджаны на вечнае трымценне.
- Як Заблоцкі на мыле зарабіць, выручыць, выгадаць і пад. Зусім нічога, ніколькі ці амаль нічога, амаль ніколькі не (зарабіць і інш.).
Узнікненне фразеалагізма звязваецца з легендай: купец Заблоцкі, каб не плаціць пошліны, вырашыў правезці кантрабандай мыла, вымененае за граніцай на жыта, і схаваў яго на дне судна, дзе яно размокла.
- Як укопаны. Ужываецца са словам стаяць і абазначае ‘нерухома’.
Этымалагічнай асновай фразеалагізма было пакаранне ў Расіі XVII ст. — закопванне жывых у зямлю. Злачынца, абвінавачанага ў забойстве, ставілі ў яму і закопвалі да самай галавы.
- Як фенікс з попелу. Ужыв. як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння.
Склаўся на аснове міфа, які ўзнік y старажытнай Аравіі і быў вядомы таксама егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.