Мікола Арочка “Хлеб роднай мовы”

Шчодрым дамашнім богам
Ляжыць на стале маім бохан —
Па зярнятку з вякоў назапашаны,
У дзяжы ліхалеццяў заквашаны,
Замяшаны на мудрасці, поце
I апалены духам на подзе
Жыцця!
Як ніколі я сёння жадзён яму,
Гэтаму хлебу надзённаму!
Лусту кладу на настольніцы,
Крою дзецям: ешце па поўніцы!
Калі выпадзе з рук — абдзьмухніце,
Не кідайцеся ім, не тапчыце!
Наядайцеся змалку уволю,
Каб ён вечна вам пах
Родным полем,
Баравінай, зялёнай лагчынай
I рукамі матулі,
Айчынай!

Незразумелыя словы

  1. Шчодры – щедрый.
  2. Бохан – буханка.
  3. Назапашаны – запасённый.
  4. Дзяжа – кадка.
  5. Под – нижняя поверхность печи для выпечки хлеба.
  6. Надзённы – насущный.
  7. Луста – кусок.
  8. Настольніца – скатерть.
  9. Кроіць – резать.
  10. Баравіна – молодой бор.
  11. Лагчына – ложбина.

 

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code

 

Данута Бічэль “Роднае слова”

Пад казачным дубам над Нёманам сінім
хлапец прызнаваўся ў каханні дзяўчыне.
I рэхам той шэпт адгукаўся між гаю:
— Кахаю… кахаю… кахаю… кахаю…
Я чула пяшчотнае, шчырасці поўнае,
маё, беларускае, роднае, кроўнае,
такое раптоўнае, такое чароўнае.
Такое ласкавае, цёплае, чыстае,
як сонца, агністае, як Нёман, празрыстае,
як казка, быліна, як песня, жаданае,
дагэтуль зусім у жыцці не спазнанае,
вясновае слова ад шчырага сэрца.
Яно празвінела над хвалямі ў рэчцы.
Вятрыска шаптаў яго з лісцем між гаю —
кахаю, кахаю… кахаю, кахаю…
Шапталі яго сенажаць і дуброва —
людзьмі перачутае, некаму нова,
адзінае, дзіўнае, светлае слова…
Кахаю… Люблю…
Беларускаму краю
бясконца я слова «люблю» паўтараю.
Калоссям жытнёвым, зялёнай дуброве
кажу гэта слова на матчынай мове.

Незразумелыя словы

  1. Гай – роща.
  2. Шчырасць – искренность.
  3. Раптоўны – неожиданный.
  4. Чароўны – волшебный.
  5. Сенажаць – сенокос.

 

Максім Багдановіч “Маёвая песня”

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых,
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
I ліецца хваляй песня —
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?

Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі1,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.

Незразумелыя словы

  1. Шпаркі – быстрый.
  2. Матылёк – бабочка.
  3. Хваля – волна.
  4. Зёлкі – лекарственные травы.
  5. Шапацець – шелестеть.
  6. Чарот – камыш.
  7. Зыкі – звуки.

 

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code

 

Максім Танк “Паэзія”

Я ведаў, што ты — бліскавіца,
Што хмары рассекла;
Я ведаў, што ты — вызваленне
З няволі і пекла,
Вясновая кветка,
Што камень прабіла магільны,
Разведчыка след
На дарозе крамністай і пыльнай;
Я ведаў, што ты — пацалунак,
Ты — дружба і радасць,
Ты — чорствага хлеба скарынка
I сок вінаграда.
А ты аказалася большым:
Ты — кроў, што пульсуе па жылах,
Ты — сонца, якое
Прасторы святлом азарыла,
І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!

Незразумелыя словы

  1. Бліскавіца – молния без грома.
  2. Пекла – ад.
  3. Скарынка – корочка.

 

Васіль Зуёнак “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў”

З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
«Прапаў без вестак…»
Сябры пасумавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца… Знаць, лёс яе такі…
Ды толькі сын для маці не загінуў.
Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
I высушыць на родным твары слёзы.
Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
гамоніць з імі,
плача і ўздыхае…
I ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: «Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне… Чакай!..»
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.

Незразумелыя словы

  1. Радзіць – обсуждать, советоваться между собой.
  2. Употайкі – украдкой.
  3. Лёс – судьба.
  4. Кашуля – рубашка.
  5. Гаманіць – размаўляць.