Васіль Зуёнак “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў”

З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
«Прапаў без вестак…»
Сябры пасумавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца… Знаць, лёс яе такі…
Ды толькі сын для маці не загінуў.
Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
I высушыць на родным твары слёзы.
Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
гамоніць з імі,
плача і ўздыхае…
I ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: «Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне… Чакай!..»
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.
Незразумелыя словы
- Радзіць – обсуждать, советоваться между собой.
- Употайкі – украдкой.
- Лёс – судьба.
- Кашуля – рубашка.
- Гаманіць – размаўляць.