Максім Танк “Паэзія”

Я ведаў, што ты — бліскавіца,
Што хмары рассекла;
Я ведаў, што ты — вызваленне
З няволі і пекла,
Вясновая кветка,
Што камень прабіла магільны,
Разведчыка след
На дарозе крамністай і пыльнай;
Я ведаў, што ты — пацалунак,
Ты — дружба і радасць,
Ты — чорствага хлеба скарынка
I сок вінаграда.
А ты аказалася большым:
Ты — кроў, што пульсуе па жылах,
Ты — сонца, якое
Прасторы святлом азарыла,
І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!
Незразумелыя словы
- Бліскавіца – молния без грома.
- Пекла – ад.
- Скарынка – корочка.