Ніл Гілевіч “Маці”

Я ўзыходжу на двор,
Я кажу ёй: «Са святам!» —
I цалую знаёмыя родныя вусны,
I бяру пад руку,
I іду з ёй у хату,
Дзе ад прыпечка б’е
Дух гарачы капусны.
Я гляджу ў яе вочы,
Што свецяцца шчасцем,
Гладжу рукі сухія,
Прапахлыя зеллем,
I хілюся да сэрца…
А трэба б упасці
Перад ёю — нядужнай, сівой —
На калені…
Вочы маці!
У доўгія зімнія ночы
Вы над намі
Вясёлымі зоркамі ззялі,
Вы ў нясцерпнай дрымоце
Зліпаліся, вочы,
I ўсё ж усміхаліся нам,
Забаўлялі…
Рукі маці!
Вы ў працы не зналі прынукі,
Вы насілі штогод
Мазалі΄, як бабіны,
Вы аж нылі увечары,
Мілыя рукі,
Спавіваючы нас
Перад сном галубіным.
Сэрца маці!
Наш боль быў тваім,
Не іначай,
Сорам наш
Ты насіла вялізарным горам,
Кропля ж кожная
Радасці светлай дзіцячай
Напаўняла цябе,
Разлівалася морам…
А цяпер ёй —
Адно б на сынка наглядзецца…
Жаль, і горыч, і боль
Мне душу працінае:
Як жа позна,
Як позна — любімыя дзеці —
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем…

Незразумелыя словы

  1. Вусны – губы.
  2. Зелле – зелье, травы.
  3. Прынука – принуждение.
  4. Штогод – ежегодно.
  5. Спавіваць – пеленать.
  6. Сорам – стыд.
  7. Працінаць – пронзать.
  8. Няўдзячнасць – неблагодарность.

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code