Янка Купала “Спадчына”

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
I крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
I ў белы дзень і чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я
I сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

Незразумелыя словы

  1. Спадчына – наследство.
  2. Амшалы – покрытый мхом.
  3. Тын – забор, сплетенный из деревянных прутьев.
  4. Покатам – друг за другом, в беспорядке.
  5. Грамада – община, сообщество.
  6. Усцяж – вдоль.
  7. Агледзіны – смотрины, осмотр.
  8. Вандола – ров, канава.
  9. Нязводны – который нельзя свести, уничтожить.

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code