Уладзімір Караткевіч “Беларуская песня”

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
I вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,
I бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.
Дзе мой край?
Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край?
Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам,
Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,
Ты — наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому
Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі
I апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі,
Так,
Ніколі не кінем,
Не кінем,
Не кінем цябе.

Незразумелыя словы

  1. Вежа – башня.
  2. Цьмяны – тусклый, тёмный.
  3. Кажан – летучая мышь.
  4. Ветразь – парус.
  5. Поліўка – суп с приправой (из муки, картофеля или крупы).
  6. Жніўё – поле после жатвы, солома на корню.
  7. Знічка – падающая звезда.
  8. Раць – войско.
  9. Апаганіць – осквернить.
  10. Ралля – вспаханное поле, пашня.
  11. Журба – кручина, грусть.

 

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code

 


Тэгі: , ,

Posted 22.11.2018 by Varvaryshka in category "Лексіка беларускай літаратуры 8 клас

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *