Васіль Зуёнак “Дала прырода мне ваду і цвердзь”

Дала прырода мне ваду і цвердзь,
Дала агонь, каб не блукаў я слепа,
Дала жыццё, а з ім дала і смерць…
Дала зямлю — а я глядзеў у неба…
А каб агонь свяшчэнны не патух,
Каб зноў не захлынуўся чорнай багнай,
Дала прырода мне высокі дух.
А я ствараў багоў — я неба прагнуў…
Я шмат чаго тады не разумеў,
Я і цяпер, бадай, не разумею.
Я іх ствараў, і з імі я старэў.
Як і цяпер ствараю і старэю.
Усё, што сёння ісцінай слыло,
Назаўтра толькі рэхам адгукнецца.
І сіняй птушкі сіняе крыло
Кавалкам неба ў сэрцы разаб’ецца.
Загадкі непазнаных берагоў…
Адказ — адна ў мяне самаахова.
Адказу не было — ствараў багоў,
Каб потым іх забыць і ўславіць новых.
Бог — невядомасць. Вечны вораг мой.
Яго ствараю і яго звяргаю.
Бясконцы з ім і ўсеадольны бой.
Яго кляну, яму ж і прысягаю.
Быў атам — «непадзельны» — атам-бог.
Цяпер — цяпер ажно дыханне зойме,
Калі ступаю праз яго парог —
Галактыку адкрыць у пі-мезоне.
Якое неба заўтра засялю?
З якіх арбіт пабачацца мне цуды?
Не ведаю. Адно скажу: зямлю —
Вось гэту, грэшную, ніколі не забуду.
Як ёсць яна — я сэнс вышынь лаўлю.
Ствараю неба — сонечны паганец1.
А дайце неба — я ствару зямлю,
І пойдзе ўсё зваротнымі кругамі.
Незразумелыя словы
- Багна – топь, трясина.
- Прагнуць – жаждать, сильно желать.
- Самаахова – самооборона.
- Усеадольны – который всё преодолеет.
- Пі-мезон – элементарная частица (в физике).
- Паганец – язычник.