Алесь Наўроцкі “Чатырохгранная ваза”

Алесь Наўроцкі “Чатырохгранная ваза”

Чатырохгранная ваза — гэта прырода,
дзе чатыры грані — поры года.
I
Зіма
Зноў заснежыла. Можа, ў раз соты.
Хоць бы ўгледзець душу адну.
Белыя скруткі калючага дроту
кідае мяцеліца мне на спіну.
Дрыжыць агеньчык. Можа, там прыстану?
Сярод шалёнага енку-выцця
ў неаглядна-сівым акіяне
змагаецца кропля жыцця.
II
Вясна
Не мыльная пена зляцела з коней былінных —
дзе-нідзе бялее набраклы вадою снег.
I не шабельны звон зазвінеў над лагчынай —
ручаі звіняць, з узгорка ўзяўшы разбег.
Пазіраеш — і травы зямлю пакрылі.
I куды вачыма ні кінь —
начапілі бярозы зялёныя крыллі
і ўзлятаюць пад неба сінь.
III
Лета
Знаёмы малюнак, сэрцу блізкі:
прападае сцежка ў прасторах палёў.
Жыта то нахіляецца нізка,
то выпрамляецца зноў.
Вунь хмарка плыве над лесу дзялянкай,
грымоты далёкія нараслі.
Эх, як жа пасля ўсмешак маланкі
лёгка дыхаць зямлі!
IV
Восень
Лета, зматвай свае вудачкі!
Дрэвы выплаўляюць руду.
Вецер свістаў спачатку ў дудачку,
потым у дудку, а ўжо затым у дуду.
Адзвінелі промняў сонечныя прыіскі,
адзвінеў дажджоў серабрысты апад,
адзвінелі лісты і ляжаць залацістым прысакам1, —
што прайшло, не вернеш назад.
Чатырохгранная ваза — гэта прырода,
дзе чатыры грані — поры года.

Незразумелыя словы

  1. Скруткі – свёртки.
  2. Дрот – проволока.
  3. Прыстаць – остановиться.
  4. Шалёны – безумный.
  5. Набраклы – набухший.
  6. Лагчына – ложбина.
  7. Сцежка – тропинка.
  8. Хмарка – тучка.
  9. Промні – лучи.
  10. Прысак – горячий пепел.

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code

 

Posted on: 27.11.2018Varvaryshka

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *