Фразеалагізмы, якія прыйшлі з прафесій

  1. Абводзіць (абкручваць) вакол (кругом) пальца каго. Спрытна, хітра ашукваць, падманваць каго-н.

Паходзіць выраз ад жульніцтва базарных ілюзіяністаў. Фокуснік браў у гледачоў які-небудзь прадмет і абводзіў ім вакол пальца, адцягваючы іхнюю ўвагу, а ў гэты час фокуснікавы хаўруснікі ачышчалі кішэні гледачоў.

 

  1. Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці.

Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з аблавай на ваўкоў.

 

  1. Агнём і мячом. 3 бязлітаснай лютасцю, гвалтоўна. Агнём і мячом хочуць вынішчыць яны ўсіх непакорных.

Першапачаткова ў старажытных грэчаскіх медыкаў выраз асацыіраваўся са сродкам залечвання, «знішчэння» ран выразаннем іх і прыпяканнем у адпаведнасці з формулай славутага Гіпакрата: «Чаго не можа вылечыць жалеза (меч, нож), тое вылечваецца агнём».

 

  1. Адводзіць (адвесці) вочы каму. Хітруючы, адцягваць увагу ад чаго-н.

Склаўся на аснове былога павер’я ў магічную сілу слова або пэўных дзеянняў, даступных ведзьмакам, знахарам, нібыта здольным знарок пераключыць чыю-небудзь увагу на што-небудзь іншае.

 

  1. Аддаць канцы. Ужыв. са значэннямі: 1) адвязаць канаты, трос або ланцуг, калі судна

адыходзіць ад прычала ў плаванне, 2) уцячы, 3) памерці.

Выраз сваім першым значэннем прыйшоў з прафесійнага маўлення маракоў, дзе замест афіцыйнага

аддаць швартовы кажуць і аддаць канцы (швартовы і канцы — ‘канаты’).

 

  1. Асёл маляваны. Уласна бел. Тупы, неразумны чалавек.

Фразеалагізм «ідзе ад вандроўных цыркаў, калі такога „ўдзельніка“ спектакля, як асёл, размалёўвалі, але гэта не змяняла характару, упартасці „цыркача“, асёл заставаўся аслом».

 

  1. Баш на баш. Рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.).

Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай. Баш — з цюркскіх м.: bаs ‘галава’. Літаральна: ‘галава за галаву’

 

  1. Без сучка і <без> задзірынкі. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’.

Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.

 

  1. Біць адбой. Адступаць, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння, погляду.

Паходзіць з ваеннай тэрміналогіі, дзе адбой першапачаткова абазначаў ‘барабанны бой ці іншы гукавы сігнал пра адступленне войска’, а біць адбой — ‘падаваць знак адступлення’.

 

  1. Біць пад дых каго. Уласна бел. Раптоўна ашаламляць якім-н. паведамленнем, дзеяннем, учынкам.

Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.

 

  1. Блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты. Разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі.

Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з маўлення карцёжнікаў.

 

  1. Браць (узяць) быка за рогі. Смела, энергічна пачынаць з самага галоўнага.

Узнікненне фразеалагізма звязана з такім масавым відовішчам у Іспаніі, Партугаліі, як карыда — бой тарэадора з быком.

 

  1. Браць (узяць) на арапа каго. Дабівацца чаго-н. ашуканствам, хітрыкамі.

Выток фразеалагізма — маўлснне карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам.

 

  1. Браць (узяць) на буксір каго.Дапамагаць таму, хто адстае.

Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася і ўжываецца ў маўленні маракоў, дзе буксірам называюць канат ці стальны трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць за сабой другое.

 

  1. Браць (узяць) на зыхер каго. Уласна бел. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н.

Паходзіць з жаргону арыштантаў. Адно са значэнняў слова sісhеr (у такім разе з клічнікам

на канцы) абазначае ‘абавязкова, безумоўна’.

 

  1. Браць (узяць) на мушку каго, што. Засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н.

Выток фразеалагізма — маўленне ваенных.

 

  1. Браць (узяць) на понт каго. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н.

Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе понт атаясамліваецца з хітрыкамі, ашуканствам і, відаць, з’яўляецца запазычаннем з франц. м., у якой ропtе (чытаецца: понт) абазначае ‘панцёр’ і

‘уплывовая асоба’.

 

  1. Браць (узяць) на пушку каго. Дзейнічаючы хітрасцю, падманам, дабівацца чаго-н. ад каго-н.

Выраз са зладзейскага жаргону, дзе пушкай называюць рэвальвер.

 

  1. Бярозавая каша. Агульны для ўсходнесл. м. Розгі або дубец, рэмень і пад.

Як мяркуюць, выраз узнік у школьным асяроддзі. Раней у школах, дзе вучылі дзяцей грамаце, пераход да чытання новай кнігі і іншыя поспехі ў вучобе адзначаліся кашай: бацькі ў такіх выпадках прыносілі гаршчок кашы, якую ўсе вучні елі разам. Калі вучань правінавачваўся, яго каралі розгамі, як правіла,бярозавымі. Такое пакаранне сталі называць бярозавай кашай.

 

  1. Вешаць нос на квінту. Агульны для ўсходнесл. м. Даходзіць да адчаю, тужыць, маркоціцца.

Фразеалагізм узнік у асяроддзі музыкантаў. Вобраз, пакладзены ў аснову фразеалагізма, становіцца зразумелым, калі мець на ўвазе, што музычны тэрмін квінта абазначае найвышэйшую па тону скрыпічную струну, да якой, як да найбліжэйшай, скрыпач амаль што датыкаецца носам, іграючы на

інструменце і падтрымліваючы яго падбародкам.

 

  1. Вуха на вуха. Адно на другое, паслуга за паслугу, рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.).

Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай.

 

  1. Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю. Ужыв. са значэннямі ‘траціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ і ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’.

Утвораны на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

 

  1. Вывесці на чыстую ваду каго. Выкрыць чые-н. цёмныя справы, нядобрыя ўчынкі.

Мяркуюць, што фразеалагізм паходзіць з мовы рыбакоў — са словазлучэння вывесці на чыстую ваду рыбу (калі яна, клюнуўшы, трапіла на вудачку). Узнікненне выразу звязваюць таксама са старажытным жорсткім звычаем выпрабавання «ведзьмакоў» вадой: падазронага кідалі ў раку, і калі ён усплываў, то лічыўся вінаватым, а калі тануў — несправядліва абвінавачаным.

 

  1. Выдаваць (выдаць) нагара што. Ужыв. са значэннямі ‘рабіць што-н., займацца чым-н.’, ‘даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.’ і ‘ствараць у працэсе творчай дзейнасці’.

Утвораны на аснове тэрміналагічнага словазлучэння гарнякоў,  у якім нагара абазначае ‘наверх, на паверхню зямлі’.

 

  1. Выклікаць агонь на сябе. Ужыв. са значэннямі: 1) знарок адцягваць увагу ворага на сябе замест іншых, 2) прымаць на сябе самае цяжкае, першаму трапляць у небяспеку.

Паходзіць з маўлення вайскоўцаў. У часе баявых дзеянняў іншы раз, каб выратаваць астатніх, даводзіцца знарок адцягваць увагу праціўніка на адзін аб’ект.

 

  1. Выпускаць (выпусціць) пару. Уласна бел. Узбуджана, як выбух раздражнення, рэагаваць на што-н. і пасля супакойвацца.

Відаць, выраз «паравознага паходжання». З дапамогай пары паравоз гудзеннем падае розныя сігналы.

 

  1. Высокай пробы. Ужываецца са значэннем ‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’, калі характарызуюць асобу ці прадмет.

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; у іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць самай высокай, высокай або нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве.

                                               

  1. Выходзіць (выйсці) на арбіту. Станавіцца прыметным, вядомым, дабівацца больш высокага становішча ў жыцці.

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое з прамым значэннем выкарыстоўваецца ў галіне касманаўтыкі.

 

  1. Выходзіць (выйсці) у тыраж. Ужыв. са значэннямі ‘становячыся непрыгодным да чаго-н., канчаць ранейшую дзейнасць’ і ‘старэць, станавіцца непрыгодным для выкарыстання’.

Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.

 

  1. Да белага калення даводзіць (давесці). Да поўнага адчаю, да поўнай страты самавалодання.

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні кавалёў ужываецца ў прамым значэнні. Метал перад коўкай ці плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым).

 

  1. Даваць (даць) газу каму. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным.

Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае ‘паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага’.

 

  1. Даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>.. Паказваць прыклад у чым-н., аказваць уплыў на ход падзей.

Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.

 

  1. Даваць (даць) задні ход. Адступаць ад раней сказанага, зробленага, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння.

Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні машыністаў-чыгуначнікаў або шафёраў ужываецца з прамым значэннем ‘ад’язджаць назад’.

 

  1. Даць пудла. Уласна бел. Памыліцца, схібіць.

Паходзіць з мовы паляўнічых, дзе пудла—‘няўдачны стрэл, промах’. Першапачатковае значэнне выразу — «спудлаваць, прамахнуцца, страляючы; толькі спудзіць (птушку ці звера)».

 

  1. Для мэблі. Зусім бескарысны, непатрэбны пры якой-н. справе або дзе-н.

Паходзіць з маўлення карцёжнікаў. Словам мэбля (мебель) карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх было мала.

 

  1. Другое дыханне. Новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.).

Паходзіць з маўлення спартсменаў-бегуноў. У часе бегу на далёкія дыстанцыі ў здаровага чалавека пасля крайняй стомы нечакана адбываецца новы прыліў сілы, выраўноўваецца дыханне.

 

  1. Заганяць (загнаць) у тупік каго. Даводзіць да разгубленасці, збянтэжанасці.

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом’.

 

  1. Заставацца (застацца) за кадрам. (Заставацца) неадлюстраваным, непаказаным.

Паходзіць з маўлення кінарэжысёраў, дзе кадрам называюць асобны здымак або асобны эпізод у фільме.

 

  1. Закідваць (закінуць) вуду (вудачку). Асцярожна намякаць на што-н. з мэтай высвятлення абставін, выведвання чаго-н.

Паходзіць з маўлення рыбакоў. Рыбак закідвае вудачку, каб разведаць, ці будзе клёў.

 

  1. Закручваць (закруціць) гайкі каму. Павышаць патрабаванні да каго-н., узмацняць строгасць.

Паходзіць з маўлення механікаў. (гайкі закручваюць, каб механізм працаваў надзейна, бездакорна).

 

  1. Заліваць кулі каму. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае.

Выраз склаўся ў асяроддзі ліцейшчыкаў.

 

  1. Запраўляць арапа. Знарок уводзіць у зман, выдумваючы што-н.

Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам, а выраз запраўляць арапа першапачаткова ўжываўся са значэннем ‘не заплаціць долі ўдзельнікам шулерскай гульні’.

 

  1. Збоку прыпёку. Абазначае ‘зусім непатрэбны, лішні, чужы’ і ‘зусім недарэчы, недарэчна (быць, аказацца, знаходзіцца дзе-н. і інш.)’.

Узнік у прафесійнай мове пекараў, дзе прыпёкай называюць тое лішняе, непатрэбнае, што прыліпла збоку да печыва пры выпяканні.

 

  1. Зводзіць (звесці) канцы з канцамі. Ужыв. са значэннямі ‘пераадольваючы перашкоды, узгадняць розныя бакі чаго-н., злучаючы іх у адно’ і ‘задавальняць жыццёвыя патрэбы, знаходзячы выйсце з цяжкага матэрыяльнага становішча’.

Узнік у маўленні рахункаводаў, дзе канцы асэнсоўваліся як «расход і прыход».

 

  1. Здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго. Уздзейнічаць на каго-н., адчытваючы, моцна прабіраючы яго.

Паходзіць, відаць, з маўлення токараў, дзе здымаць стружку з загатоўкі абазначае ‘даводзіць дэталь да неабходных памераў’.

 

  1. З месца ў кар’ер. Адразу ж, без адцягвання.

Паходзіць з мовы кавалерыстаў, дзе словам кар’ер называюць самы хуткі бег каня і дзе спалучэнне з месцаў кар’ер, звычайна ўжываючыся з дзеясловам узяць, мае значэнне ‘адразу перайсці на галоп’.

 

  1. Зроблены на адзін капыл. Вельмі падобныя адзін да другога, аднолькавыя.

Паходзіць з маўлення шаўцоў: капыл — ‘кавалак з дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’.

                                 

  1. Зялёная вуліца. Свабодны шлях, без перашкод і затрымак.

Паходзіць з прафесійнай мовы чыгуначнікаў: калі трэба тэрмінова даставіць па чыгунцы важны груз, то поезду на працягу ўсяго яго руху адкрываюць зялёныя семафоры.

 

  1. Іграць першую скрыпку. Быць галоўным у якой-н. справе.

Прыйшоў з прафесійнай мовы музыкантаў, якія першай называюць скрыпку, што выконвае ў аркестры галоўную партыю.

 

  1. I след прастыў каго, чый. Хто-н. бясследна знік, схаваўся.

З лексікону паляўнічых, для якіх след можа прапасці ці прастыць і ў прамым значэнні гэтых слоў.

 

  1. Камар носа не падточыць (не падсуне). Нельга прыдрацца да чаго-н.

Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа.

 

  1. Кідаць (кінуць) якар дзе. Спыняцца, уладкоўвацца дзе-н. на пастаяннае жыхарства.

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў.

 

  1. Класці (пакласці, палажыць) пад сукно што. Адкладваць рашэнне чаго-н. (справы, просьбы, заявы), пакідаць без увагі, без руху.

Узнікненне фразеалагізма звязана з традыцыямі даўнейшай судовай практыкі, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час пад сукно, якім засцілаўся службовы стол чыноўніка.

 

  1. Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую. Ужыв. са значэннямі ‘паддацца на падман’ і ‘аказацца пад уздзеяннем чаго-н.’.

Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.

 

  1. Круціць баранку. Працаваць шафёрам.

Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе баранкай называюць рулявое кола ў аўтамабілі.

 

  1. Легчы (залегчы) на дно. Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў.

Паходзіць з маўлення маракоў падводнага флоту.

 

  1. Мёртвая хватка. Здольнасць упарта дабівацца свайго.

Узнік y выніку метафарызацыі тэрміналагічнага словазлучэння, вядомага ў мове паляўнічых, дзе яно абазначае хватку ў сабак, пры якой сківіцы, сутаргава сціснуўшыся, доўгі час не могуць разамкнуцца.

 

  1. На кудыкіну гару. Ужыв. як уніклівы, няпэўны адказ на пытанне: „Куды ідзеш?“

Прыметнікавы кампанент “кудыкіну”, утвораны ад прыслоўя “куды”, па-за фразеалагізмам y літаратурнай мове не ўжываецца. Мяркуюць, што выраз узнік y асяроддзі паляўнічых. Ідучы на паляванне, яны, y адпаведнасці з павер’ем, ні ў якім разе не называлі месца, куды ідуць: іначай ім не пашанцуе.

 

  1. На поўную (усю) катушку. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі строга (караць, штрафаваць і пад.)’, ‘па-сапраўднаму, як і трэба (рабіць што-н.)’ і ‘спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.)’.

Паходзіць з жаргону зняволеных, дзе катушка асацыіруецца з тэрмінам асуджэння, зняволення каго-н.

 

  1. На ўсе коркі. Mae значэнне ‘вельмі моцна’.

Выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме “распекать на обе (на все) корки” (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка).

 

  1. Ні грана. Зусім нічога (няма, не было, не знайсці і пад.).

Узнік, відаць, y маўленні аптэкараў. Гран — даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.

 

  1. Ні пуху ні пяра. Ужыв. як шчырае пажаданне поспеху, удачы каму-н. y якой-н. справе.

Узнік y асяроддзі паляўнічых і гаварыўся перад адыходам на паляванне як пажаданне ўдачы, выказанае ў адмоўнай форме, што адлюстроўвала прымхлівыя ўяўленні, быццам пры прамым пажаданні (і пуху і пяра) можна сурочыць.

 

  1. Па гарачых слядах. Неадкладна, не марудзячы, непасрэдна пасля чаго-н.

Паходзіць з мовы паляўнічых, для якіх, калі яны гоняцца за зверам, сляды сапраўды могуць быць гарачымі, астылымі ці халоднымі, што асабліва відаць зімой.

 

  1. Пад заслону. У самым канцы (рабіць, зрабіць што-н.).

Паходзіць з маўлення акцёраў. Найбольш эфектныя сцэны нярэдка прыпадаюць на канец акта ці ўсёй п’есы перад тым, калі апускаецца заслона.

 

  1. Пачуццё (адчуванне) локця. Узаемная падтрымка.

Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць уменне салдатаў падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі.

 

  1. Скідаць (скінуць) з рахунку каго, што. Не ўлічваць што-н.,пераставаць надаваць значэнне чаму-н.

Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні бухгалтараў, рахунковых работнікаў. Калі падлікі закончаны, то костачкі скідваюць з лічыльнікаў, паварочваючы рамку так, каб костачкі аказаліся справа.

 

  1. Спісваць (спісаць) y тыраж каго. Адхіляць каго-н., лічачы непрыдатным да якой-н. дзейнасці.

Паходзіць з аднайменнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.

 

  1. Трымаць руку на пульсе чаго. Быць у курсе падзей, сочачы за іх развіццём.

Утвораны на базе састаўнога медыцынскага тэрміна ў выніку яго пераноснага ўжывання.

 

  1. У абозе. Ззаду ўсіх (заставацца, плесціся, цягнуцца і пад.).

Паходзіць з маўлення ваенных. Вайсковы абоз як сукупнасць транспартных сродкаў знаходзіўся ззаду палка, дывізіі, замыкаў рух вайсковага злучэння.

 

  1. У ажуры. Абазначае ‘добра, паспяхова’ і ’добры, паспяховы, як і павінна быць’.

Узнік y мове рахунковых работнікаў, дзе словам ажур называюць такі стан рахункаводства, пры якім запісы ў бухгалтарскіх кнігах робяцца ў дзень правядзення аперацыі.

 

  1. Удар пад дых. Уласна бел. Раптоўная і балючая непрыемнасць для каго-, чаго-н.

Склаўся ў выніку пераасэнсаванкя адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.

 

  1. Ход канём. Спрытны, абходны манеўр.

Выраз узнік параўнальна нядаўна і ўвайшоў y літаратурны ўжытак з мовы шахматыстаў. Конь ходзіць не па прамой лініі ці дыяганалі, як іншыя фігуры, a літарай «Г», таму яго хады звычайна не чаканыя для праціўніка.

 

  1. Ціхай сапай. Цішком, потайкам і паступова рабіць што-н.

Выраз узнік y асяроддзі ваенных, дзе тэрмін сапа, запазычаны, як і роднаснае сапёр, з франц. м., абазначае ‘падкоп або роў y кірунку да непрыяцельскай пазіцыі’. Такія падземныя хады, звычайна для падрыву крапасных сцен, a таксама траншэі рабіліся непрыкметна, цішком. Ва ўзнікненні метафарычнага

зместу фразеалагізма семантыкаўтваральную ролю адыгрывае і эпітэт ціхай, што «прырос» да пераасэнсаванай формы сапай.

 

  1. Цуд(-а) y рэшаце. Штосьці незвычайнае, неверагоднае.

Паходзіць з прыказкі “Чудеса в решете: дыр много, a вылезть некуда”.

 

  1. Чыстай (самай чыстай) вады. Сапраўдны, несумненны, дакладны.

Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім ювеліры называюць зусім бясколерныя і празрыстыя, як чыстая вада, брыльянты, алмазы і іншыя каштоўныя камяні.

 

  1. Шыта (сшыта) белымі ніткамі. Ужыв. y ролі выказніка і азначэння, a таму развіў два суадносныя значэнні: 1) няўмела схавана, скрыта што-н., 2) няўмела, няўдала схаваны, скрыты.

Паходзіць, відаць, з маўлення краўцоў, якія адзенне для першай прымеркі толькі збольшага прыхопліваюць звычайна белымі ніткамі.

 

  1. Як (быццам, нібы) аршын праглынуў. Ненатуральна прама стаіць ці сядзіць.

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см.

  1. Як піліп з канапель. Зусім нечакана, знянацку, раптоўна (выскачыць, з’явіцца).

 У польск. м. слова filip і сёння — другая, народная назва зайца. Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль.

 

Уласнабеларускія фразеалагізмы

Гэтыя фразеалагічныя адзінкі не былі запазычаны з іншых моў, а ўзніклі непасрэдна ў сваёй, беларускай мове.

  1. Абедзвюма рукамі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю (падтрымліваць каго-н.)’ і ‘вельмі моцна, з вялікай зацікаўленасцю (брацца за што-н.)’.
  2. Муж аб’еўся груш. Уласна бел. Незаконны, не аформлены юрыдычна або які знік, прапаў.
  3. Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Уласна бел. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці.
  4. Абы з рук. Уласна бел. Вельмі нядбала, без ахвоты і старання (працаваць, рабіць і пад.).
  5. Авохці мне! Уласна бел. Ужыв. як выказванне здзіўлення, задавальнення, спачування і інш. Авохці мне! Што ж гэта будзе?
  6. Адвейваць зерне ад паловы. Уласна бел. Аддзяляць добрае ад дрэннага, карыснае ад шкоднага, непатрэбнага.
  7. Ад гаршка паўвяршка. Уласна бел. Вельмі нізкі, малы ростам.
  8. Ад зямлі не адрос. Уласна бел. Вельмі нізкага росту, малы.
  9. Адмыкаць адамкнёныя (адчыненыя) дзверы. Уласна бел. Настойліва даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома і не выклікае пярэчанняў.
  10. Адпускаць (адпусціць) гайкі. Уласна бел. Паслабляць патрабаванні, рабіць іх менш строгімі.
  11. Ад’яда душы (сэрца). Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек.
  12. Ад яйка (ад яйца) адліць. Уласна бел. Неверагодна лоўка ўкрасці, прысвоіць нават тады, калі гэта здаецца немагчымым.
  13. Апалоскваць (апаласкаць; паласкаць, папаласкаць) косці (костачкі) чые, каго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘займацца плёткамі, абгаворваць каго-н.’ і ‘асуджаць чые-н. недахопы’.
  14. Апошняя ў папа жонка. Уласна бел. Ужыв. як рэакцыя суразмоўніка ка слова апошні. Не, не апошні.
  15. Араць дарогі(-у). Уласна бел. Гаварыць ці рабіць якое-н. глупства.
  16. Асёл маляваны. Уласна бел. Тупы, неразумны чалавек.
  17. Баранчык божы. Уласна бел. Вобразна-метафарычная назва бакаса — балотнай птушкі з голасам, падобным да бляяння.
  18. Без духу. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: (прыметнікавым) ‘мёртвы’ і (прыслоўным) ‘у знямозе ад хуткага бегу’.
  19. 19. Без духу бегчы, уцякаць і пад. Уласна бел. Вельмі хутка, як мага. Гарачка дзядзьку так і носіць, бяжыць, тхара ён даганяе, напагатове кол трымае. За дзядзькам Костусь прэ без духу.
  20. Бібікі біць. Біць тылылы. Уласна бел. Марнаваць час, гультаяваць.
  21. Біць у званы. Уласна бел. Настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н., што выклікае трывогу, заклікаць да барацьбы з якой-н. небяспекай.
  22. Біць у хамут. Уласна бел. Упарціцца, рэзка рэагаваць.
  23. Бочку арыштантаў нагаварыць, навыдумляць і пад. Уласна бел. Занадта многа і абы-чаго, без разбору.
  24. Брацца (узяцца) у рожкі з кім. Уласна бел. Выяўляючы сваю незалежнасць, задзірацца, спрачацца, сутыкацца.
  25. Браць (узяць) за шчэлепы каго. Уласна бел. Прымушаць паступаць пэўным чынам.
  26. Браць (узяць) лейцы ў <свае> рукі. Уласна бел. Прымаць на сябе кіраванне чым-н.
  27. Браць (узяць) уцям што. Уласна бел. Разумець, усведамляць што-н.
  28. Варона загуменная. Уласна бел. Разявака, нерастаропны, нехлямяжны чалавек.
  29. Вароты пірагамі падпёрты ў каго. Уласна бел. Усяго ўволю,колькі хочаш (пра багатае жыццё).
  30. Вомегам вылазіць каму. Уласна бел. Ужыв. са значэннем ‘адпомсціцца, не праходзіць бясследна’, калі кажуць пра расплату за які-н. кепскі ўчынак.
  31. Воўк дарогу перабег каму. Уласна бел. Вельмі шанцуе каму-н. Узнік на аснове павер’я, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, «прадракае шчасце, а заяц або лісіца — няшчасце»
  1. Вочы вялікія зрабіліся ў каго. Уласна бел. Хто-н. быў вельмі здзіўлены, збянтэжаны, разгублены.
  2. Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае.
  3. Выкручваць (выкруціць) сырыцу з каго. Уласна бел. Поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі, свайму жаданню; муштраваць каго-н.
  4. Выяда душы. Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек.
  5. Гавары з чортам пацеры! Уласна бел. Выказванне абурэння, незадавальнення тым, з кім немагчыма весці размову, ніяк нельга дамовіцца.
  6. Гад печаны. Уласна бел. Агідны, шкодны чалавек.
  7. Гады ў рады. Уласна бел. Занадта рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі (бываць дзе-н., бачыцца, сустракацца з кім-н., зайсці куды-н. і пад.).
  8. Газеты чытаць. Уласна бел. Галадаць (звычайна пра каня).
  9. Ганяць гусей. Уласна бел. Ужыв. у дачыненні да п’янага са значэннем ‘ісці хістаючыся’.
  10. Гарадзіць плот. Уласна бел. Выкручваючыся ў размове, гаварыць глупства, выдумляць што-н.
  11. Голаму за пазуху. Уласна бел. Зусім няма (чаго-н.).
  12. Гула асмаленая. Уласна бел. Зусім нічога не (атрымаць, зрабіць, дастанецца і пад.).
  13. Да абуха дабіваць (дабіць) і пад. Уласна бел. Да поўнай непрыгоднасці.
  14. Даваць (даць) перуноў каму. Уласна бел. Гнеўна, з абурэннем гаварыць, пагражаць.
  15. Даставаць гізунты з каго. Уласна бел. Здзекавацца з кагосьці, збіваць кагосьці.
  16. Да трох не гавары з кім, каму. Уласна бел. Хто-н. рашучы, гарачы; з кім-н. жарты кепскія.
  17. Два канцы адной палкі. Уласна бел. Вельмі блізкія ці аднолькавыя ў якіх-н. адносінах з’явы (рэжымы, вучэнні і пад).
  18. Душой загавець. Уласна бел. Памерці, загінуць.
  19. Заводзіць (завесці) катрынку. Уласна бел. Дакучліва гаварыць пра адно і тое ж.
  20. За гуж узяцца. Уласна бел. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе.
  21. Задаваць (задаць) труса. Уласна бел. Баяцца, палохацца.
  22. За дзедам шведам. Уласна бел. Вельмі даўно.
  23. Закідваць (закінуць) наперад. Уласна бел. Рабіць які-н.прадбачлівы, апераджальны ход з надзеяй мець потым ад гэтага пэўную карысць для сябе.
  24. Заліваць кулі каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае.
  25. Замуж за <пана> Пясоцкага збірацца. Уласна бел. Паміраць.
  26. Збор-каляда. Уласна бел. Група людзей ці прадметаў, неаднародных па якіх-н. прыметах, якасцях.
  27. Збыць з галавы што. Уласна бел. Вызваліцца, пазбавіцца ад чаго-н. непрыемнага.
  28. З божай ласкі. Уласна бел. Прыроджаны, сапраўдны, таленавіты, з выключнымі здольнасцямі.
  29. З ветрам (з ветрыкам, з вецярком) у галаве. Уласна бел. Занадта легкадумны, несур’ёзны.
  30. З ветру вяроўкі віць (звіць). Уласна бел. Гаварыць, сцвярджаць што-н. без усякіх падстаў, пляткарыць, выдумваць.
  31. З’есці з трыбухамі каго. Уласна бел. Замучыць, загубіць нападкамі, ганеннем.
  32. З жабіны прыгаршчы чаго. Уласна бел. Вельмі мала (шчасця, радасці, здароўя і пад.).
  33. З затоеным дыханнем слухаць, глядзець. Уласна бел. Вельмі ўважліва, зацікаўлена.
  34. Зімой і летам адным цветам. Уласна бел. Ужыв. пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс ‘заўсёды ў адным і тым жа адзенні’.
  35. З капейкамі. Уласна бел. З невялікім перавышэннем.
  36. Злавіць (спаймаць) лісу (лісіцу). Уласна бел. Неасцярожна прапаліць вопратку пры агні.
  37. Злазіць (злезці) з карку (з шыі) чыйго (чыёй). Уласна бел. Пераставаць абцяжарваць каго-н., будучы на яго ўтрыманні.
  38. З паходам. Уласна бел. З невялікім перавышэннем (пры прыблізным вызначэнні велічыні, даўжыні, колькасці чаго-н.).
  39. З плеч ды ў печ. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) без асаблівых запасаў, не клапоцячыся пра заўтра, бестурботна (жыць), 2) абы-як, нядбайна (рабіць), 3) зараз жа, неадкладна, не задумваючыся (рабіць што-н.).
  40. I жук і жаба. Уласна бел. Усе без выключэння; усякі, кожны чалавек.
  41. I куры не шэпчуць пра каго. Уласна бел. Ніхто нічога не гаворыць пра каго-н., хто-н. не з’яўляецца аб’ектам размовы.
  42. I лейцы ў рукі каму. Уласна бел. У каго-н. ёсць усе падставы быць кіраўніком чаго-н.
  43. I пайшло і паехала. Уласна бел. Прыйшло ў рух, пачалося што-н. (пра інтэнсіўнае разгортванне чаго-н.).
  44. I ў коле і ў мяле. Уласна бел. У самых разнастайных жыццёвых сітуацыях (быць і пад.).
  45. Каланіца носіць каго, дзе, калі. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару аказваецца, з’яўляецца дзе-н.
  46. Капціць свет. Уласна бел. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых.
  47. Касіць дугой. Уласна бел. Не назапасіўшы корму для жывёлы, выпрошваць, купляць, пазычаць яго.
  48. Кату па пяту. Уласна бел. Вельмі малы, невысокі, нізкарослы.
  49. Конь божы. Уласна бел. Ужыв. як эўфемізм, як своеасаблівы стылістычны сінонім да слова асёл са значэннем ‘тупы, неразумны чалавек’.
  50. Костка ў горле каму, для каго, для чаго. Уласна бел. Вялікая перашкода, непрыемнасць для каго-, чаго-н.
  51. Кроіць сэрца каму, чыё. Уласна бел. Выклікаць вялікі душэўны боль, пакуты.
  52. Крывіць губы. Уласна бел. Крывіцца, выражаючы незадаволенасць, злосць.
  53. Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе.
  54. Курту з гурту выбіраць (выбраць). Уласна бел. (Выбіраць) каго-н. непрыгожага, кепскага.
  55. Лахі пад пахі. Уласна бел. Узяўшы ‘свае пажыткі з сабой’, калі гаворыцца пра любыя асабістыя рэчы, што можна прыхапіць з сабой, панесці ў руках ці на сабе перад адыходам, уцёкамі, ад’ездам.
  56. Легчы (залегчы) на дно. Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў.
  57. Лезці сляпіцай у вочы <каму>. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ і ‘раздражняць, злаваць каго-н. непрыемным уздзеяннем’.
  58. Лезці смалой у вочы каму, да каго. Уласна бел. Назойліва прыставаць, невыносна дакучаць.
  59. Ліслівае (ласкавае) цяля. Уласна бел. Спрытны, дагодлівы чалавек, які ўмее пакарыстацца абставінамі.
  60. Лынды біць. Уласна бел. Гультаяваць, займацца нявартымі справамі; пасіўнічаць.
  61. Людзьмі звацца. Уласна бел. Быць свабоднымі, незалежнымі, шчаслівымі.
  62. Малоць не падсяваючы. Уласна бел. Гаварыць глупства, пустасловіць.
  63. Мераць асьмінай грошы. Уласна бел. Многа мець, атрымліваць, нажываць (грошай).
  64. Мераць на адзін капыл каго. Уласна бел. Меркаваць пра каго-н., ацэньваць каго-н. абсалютна аднолькава, без уліку індывідуальных асаблівасцей.
  65. Млын пусты. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў.
  66. Можна ў плуг запрагаць каго. Уласна бел. Хто-н. вельмі моцны, здаровы.
  67. Можна язык зламаць. Уласна бел. Цяжка вымавіць што-н.
  68. На авось ды нябось. Уласна бел. 3 разлікам на шчаслівую выпадковасць; на ўдачу (пакладацца, рабіць што-н.).
  69. На ваду брахаць. Уласна бел. Бясконца многа піць, не могучы прагнаць смагу.
  70. На валовай скуры не спішаш чаго. Уласна бел. Вельмі многа, y вялікай колькасці.
  71. На горкі яблык. Уласна бел. Вельмі моцна, бязлітасна.
  72. На злом галавы. Уласна бел. Абазначае ‘не думаючы, неабачліва (рабіць што-н.)’ і ‘вельмі хутка, імкліва, стрымгалоў (імчацца, уцякаць і пад.)’.
  73. На пасад садзіць каго. Уласна бел. Аддаваць замуж.
  74. На пень брахаць. Уласна бел. (Вучыць, навучыць каго-н.) гаварыць недарэчнае, неразумнае.
  75. На ростанях. Уласна бел. У стане сумнення, хістанняў, y нерашучасці перад выбарам чаго-н. (быць, заставацца і пад.).
  76. На ўзвей (на ўзві) вецер. Уласна бел. Дарэмна, упустую, безвынікова (рабіць што-н.).
  77. На хвост (на хвасце) станавіцца. Уласна бел. Пагрозліва, варожа ставіцца да каго-н.
  78. Ні вока ні бока не шкадаваць, не пашкадаваць. Уласна бел. Абсалютна нічога.
  79. Ні млён ні таўкач. Уласна бел. Ні на што не здатны, няўмелы.
  80. Ні семя ні емя ў каго, дзе. Уласна бел. Зусім няма нічога есці.
  81. Нялёгкая гоніць (прыгнала) каго. Уласна бел. Хто-н. недарэчы, не ў пару прыходзіць, з’яўляецца (выказванне незадавальнення ў сувязі з прыходам нежаданага госця, наведвальніка).
  82. Падмінаць (падмяць) пад сябе каго, што. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘поўнасцю падпарадкоўваць сваёй волі’ і ‘сілай авалодваць чым-н. (часцей пра ўладу)’.
  83. Падпілоўваць (падпілаваць) рогі каму. Уласна бел. Уціхамірваць, утаймоўваць, рабіць больш памяркоўным каго-н., прымушаць пакарыцца.
  84. Першай гільдыі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘найвышэйшай якасці, адметны (майстар, штукар і пад.)’ і ‘самы заўзяты, з крайнім праяўленнем якіх-н. якасцей (махляр, дармаед і пад.)’.
  85. Плесці кашалі / лапці <каму, пра каго, пра што>. Уласна бел. Гаварыць абы-што, выдумваць.
  86. Плячысты на жывот. Уласна бел. Прагны да яды, пражэрлівы, любіць многа есці.
  87. Пракладаць (пракладваць, пракласці, пралажыць) першую баразну. Уласна бел. Быць пачынальнікам, першаадкрывальнікам у якой-н. справе.
  88. Прышыванне ярлыкоў. Уласна бел. Аднабаковая, шаблонная ацэнка, характарыстыка каго-н.
  89. Пустая малатарня. Уласна бел. Чалавек, які займаецца не справай, a пустымі размовамі; балбатун, пустаслоў.
  90. Пушку(-і) заліваць каму. Уласна бел. Бессаромна лгаць, пускаць пагалоскі.
  91. Рабіць (зрабіць) з камара каня. Уласна бел. Беспадстаўна перабольшваць што-н., надаваць чаму-н. нязначнаму вялікае значэнне.
  92. Рукой пайсці. Уласна бел. Добра весціся, гадавацца (пра жывёлу, птушку, пчол).
  93. Рыхтык у рыхтык падобны. Уласна бел. Вельмі моцна, абсалютна.
  94. Сабакам сена касіць. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) бадзяцца дзе-н., займаючыся пустой справай, 2) знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям’і.
  95. Следам за дзедам. Уласна бел. Па шляху іншых, шляхам папярэднікаў (ісці, ехаць, рабіць што-н.).
  96. Спяваць на хлеб. Уласна бел. Збіраць міласціну, жабраваць.
  97. Сядзець на двух крэслах. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘займаць няпэўную, няясную пазіцыю, прытрымліваючыся розных, несумяшчальных пунктаў гледжання’ і ‘займаць адначасова дзве пасады’.
  98. Сякера пад лаўкай (лавай). Уласна бел. Не знаходка, не адкрыццё, даўно вядомая рэч, з’ява, факт і пад.
  99. Табаку важыць. Уласна бел. Драмаць седзячы ці стоячы, то апускаючы, то падымаючы галаву.
  100. Трымацца абедзвюма рукамі за каго. Уласна бел. Высока цаніць каго-н., даражыць кім-н.
  101. Узяць (браць) за шкірку каго. Уласна бел. Пакараць, прыцягнуць да адказнасці.
  102. У лапці абуць каго. Уласна бел. Паступіць нядобрасумленна, ашукаць, падмануць каго-н.
  103. У момант вока. Уласна бел. Адразу ж, вельмі хутка, імгненна (зрабіць што-н.).
  104. У сабакі вачэй пазычыць. Уласна бел. Страціць сумленне, сорам, набрацца нахабнасці.
  105. Фіга на талерцы. Уласна бел. Непрыемнасць для кагосьці, прыхаваная ветлівасцю, далікатнасцю.
  106. Хоцькі-няхоцькі. Уласна бел. Насуперак жаданню, незалежна ад жадання, старання каго-н.
  107. Чортава вока. Уласна бел. Багністая бяздонная прорва.
  108. Шарварку(-і) адрабляць. Уласна бел. Марудліва, абыякава, без старання рабіць якую-н. справу.
  109. Што ўбіў то < і > уехаў. Уласна бел. Бесклапотны, гультаяваты, такі, што толькі пад прымусам робіць што-н. (пра чалавека).
  110. Язык каля (ля) вушэй матляецца ў каго. Уласна бел. Хто-н. празмерна балбатлівы, гаворыць многа лішняга.
  111. Язык на шарнірах у каго. Уласна бел. Хто-н. умее свабодна, гладка, добра гаварыць.
  112. Як га. Уласна бел. Вельмі хутка.
  113. Як жару ўхапіўшы. Уласна бел. Вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, уцякаць і пад.).
  114. Ляпнуць як лапцем па балоце. Уласна бел. Вельмі недарэчна, нетактоўна (сказаць што-н.).
  115. Як на дзяды. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі: 1) выдатна, уволю (наесціся, пад’есці), 2) чаго, вельмі многа (пра яду).
  116. Спаць як пшаніцу (пяньку) прадаўшы. Уласна бел. Вельмі моцна.
  117. Як серада на пятніцу крывіцца, касіцца. Уласна бел. 3 вялікім незадавальненнем, болем і пад.
  118. 149. Як скурат на агні. Уласна бел. Ужыв. са знач. ‘празмерна, залішне (выкручвацца)’ і ‘бесперастанку (круціцца)’.
  119. Прыстаць як сляпы да плота. Уласна бел. Неадчэпна, дакучліва.
  120. Як старой бабе сесці чаго. Уласна бел. Вельмі мала (звычайна пра зямлю).
  121. Як (што) босаму разуцца. Уласна бел. Вельмі лёгка, проста, не складае ніякіх цяжкасцей (зрабіць што-н.).
  122. Як (што) костка ў горле каму. Уласна бел. Вялікая перашкода для каго-н., тое, што дапякае каму-н.

Фразеалагізмы з літаратурных крыніц

  1. Апошні з магікан. Прадстаўнік якога-н. тыпу, што знікае.

Выраз з аднайменнага рамана (1826) Ф. Купера. Магікане — вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У рамане расказваецца пра цяжкую долю апошняга прадстаўніка гэтага племя, вынішчанага еўрапейскімі каланізатарамі.

  1. Асадзі назад! Уласна бел. Прэч (як патрабаванне пазбавіцца ад каго- ці чаго-н.).

Крылаты выраз з аднайменнага верша Я. Коласа. Выраз як рэфрэн паўтараецца ў вершы амаль ва ўсіх строфах:

Дрэнна маё жыцце,

Усё ідзе не ў лад.

I крычаць мне ўсюды:

«Асадзі назад!»

  1. Баль у часе чумы. Вясёлае бестурботнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну.

Паходзіць ад назвы драматычных сцэн (1830) А. С. Пушкіна, сюжэтнай асновай для якіх паслужыла сцэна з паэмы англійскага паэта Дж. Вільсана «Чумны горад» (1816), дзе апісваецца лонданская чума 1665 г. 

  1. Без руля (стырна) і ветразяў. (без руля и без ветрил). Ужыв. са значэннямі ‘без акрэсленага накірунку (жыць, рухацца і пад.)’ і ‘без яснай, дакладнай жыццёвай мэты’.

Паходзіць з паэмы М. Ю. Лермантава «Демон» (1834), дзе спалучэнне без руля и без ветрил не было яшчэ фразеалагізмам з яго сучаснымі значэннямі: «На воздушном океане без руля и без ветрил тихо плавают в тумане хоры стройные светил». 

  1. Браты нашы меншыя. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам).

Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове». 

  1. Варона ў паўлінавых пёрах. Чалавек, які марна імкнецца паказаць сябе лепшым, больш значным, чым ён ёсць на самай справе.

Склаўся на аснове байкі І. А. Крылова «Варона» (1825).Уставіўшы сабе ў хвост паўлінавыя пёры, варона фанабэрыста пайшла гуляць з павамі, мяркуючы, што цяпер усе будуць глядзець на яе, як на дзіва. Атрымаўся, аднак, непрадбачаны канфуз. 

  1. Ваяваць (змагацца) з ветракамі. Дарэмна траціць сілы ў барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі.

Склаўся на аснове аднаго з эпізодаў рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), дзе галоўны герой змагаецца з ветракамі, палічыўшы іх за злых веліканаў. 

  1. Воз і цяпер там. Ужыв. у ролі другой часткі складаназлучанага сказа з супраціўнымі адносінамі і абазначае ‘справа ніколькі не рухаецца ўперад’.

Выраз з байкі І. А. Крылова «Лебедзь, Шчупак і Рак» (1814). У ёй расказваецца, як Лебедзь, Рак і Шчупак разам узяліся везці воз, але Лебедзь цягнуў яго ў неба, Шчупак — у раку, а Рак адыходзіў назад. Як ні стараліся яны, «ды толькі воз і цяпер там».

 

  1. Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае.

Выраз з паэмы К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос» (1930). 

  1. Высцебаць самога сябе. Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе.

Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову, прыняўшы яго за рэвізора: «Унтэр-афіцэрша нахлусіла вам, быццам бы я яе высцебаў; яна лжэ, дальбог, ілжэ. Яна сама сябе высцебала». 

  1. Вясельны генерал. Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі.

Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!» 

  1. Голы кароль. Пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам.

Крылаты выраз з казкі Х. К. Андэрсена «Новае ўбранне караля» (1837). У ёй расказваецца, як два ашуканцы ўзяліся адзенне каралю, а фактычна падманулі. 

  1. Вернемся да нашых бараноў. (Вернемся) да асноўнай тэмы, да прадмета гаворкі.

Паходзіць з фарса «Адвакат П’ер Патлен» (1470). На судзе багаты суконшчык, у якога пастух украў бараноў і авечак, пачынае, забываючы пра сутнасць распачатай ім судовай справы супраць пастуха, папракаць пастуховага адваката Патлена, які не заплаціў яму да гэтага часу за шэсць локцяў сукна. Суддзя мусіў перапыніць суконшчыка словамі: «Вернемся да нашых бараноў”. 

  1. Дзірка ад абаранка. Зусім нічога.

Стваральнік выразу — У. У. Маякоўскі. У яго «Містэрыі Буф» (1918) чытаем: «Чего канителитесь? Обещали и делим поровну: одному бублик, другому — дырка от бублика”. 

  1. Дзям’янава юшка. Тое, што назойліва прапануецца каму-н. у вялікай колькасці.

Выраз з аднайменнай байкі (1813) І. А. Крылова, у якой расказваецца, як Дзям’ян так частаваў юшкай суседа Фоку, што той мусіў уцячы і пасля гэтага «да Дзям’яна ні нагой». 

  1. Дражніць гусей. Злаваць каго-н., выклікаць злосць.

Крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Гусі» (1811). У ёй гаворыцца, як гусі, якіх селянін гнаў у горад прадаваць і «не вельмі ветлівы быў» з імі, раззлаваліся і сталі наракаць. 

  1. Ездзіць па левым баку. Уласна бел. Парушаць нормы літаратурнай мовы.

Крылаты выраз з артыкула К. Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1973). I ў загалоўку, і ў тэксце артыкула словазлучэнне ўжыта з метафарычным, пераносным значэннем. Падаецца і аснова пераасэнсавання — супастаўленне з правіламі дарожнага руху (у прыватнасці, такога правіла, як «трымайся правага боку»). 

  1. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах у каго. Хто-н. мае сілу, энергію, каб зрабіць, здзейсніць што-н.

Крылаты выраз з аповесці М. В. Гогаля «Тарас Бульба». У час бітвы з непрыяцелем Тарас тройчы звяртаецца да казакоў: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці не гнуцца казакі?» I чуе іх адказ: «Ёсць яшчэ, бацька, порах у парахаўніцах. Не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ не гнуцца казакі!» 

  1. Жаба ў каляіне. Уласна бел. Нікчэмнасць, асуджаная на пагібель

Выраз з аднайменнай байкі (1927) К. Крапівы, у якой гаворыцца, як жаба, сеўшы ў каляіну, рашыла перавярнуць воз.Але: «Тут колам — хрась! I кроў і гразь… Пад кола, жаба, не падлазь». 

  1. Залатая сярэдзіна. Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў.

Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’. 

  1. За прыгожыя вочы. Бескарысліва, дарэмна, толькі з-за сімпатыі да каго-н. (рабіць што-н.).

Выраз з камедыі Мальера «Манерніцы» (1660). Паклоннікі, адхіленыя манерніцамі, яшчэ раз вяртаюцца да іх і знаходзяць там сваіх слуг, якія, пераапрануўшыся, выдалі сябе за маркіза і віконта. Слугі выкрыты. Звяртаючыся да манерніц, адзін з паклоннікаў гаворыць: «Калі вы пакахаеце іх, то гэта сапраўды будзе за іх прыгожыя вочы». 

  1. 21. З карабля на баль. Спалучаецца з дзеясловамі пападаць, прыязджаць, трапіць і ўжываецца, калі кажуць пра неспадзяваную змену абставін, са значэннем ‘з дарогі на нечаканы занятак’:

Крылаты выраз з рамана А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін». Герой рамана пасля падарожжа прыехаў у сталіцу і трапіў, «як Чацкі, з карабля на баль». 

  1. Змяю гадаваць на сваіх грудзях. Клапаціцца пра чалавека, які пасля адплачвае няўдзячнасцю.

Фразеалагізм склаўся на аснове байкі Эзопа «Селянін і Змяя»: селянін падабраў скарчанелую змяю і паклаў за пазуху, а тая, адагрэўшыся, укусіла яго. 

  1. Кветкі з чужых палёў. Уласна бел. Запазычаныя з іншых прац матывы, вобразы, думкі і іх выражэнне.

Паходзіць ад назвы зборніка (1928) Ю. Гаўрука, куды ўвайшлі пераклады з твораў англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай і польскай паэзіі. Намёк на перакладчыка і яго зборнік знаходзім у паэме К Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос»: «Пра яго яшчэ трапалі, што ён жыў „з чужых палёў“, а сваё было ў папары». 

  1. Ківаць на Пятра. Выраз абазначае ‘звальваць віну на іншага’.

Крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Люстэрка і Малпа», у маралі якой гаворыцца:

Што Клімыч рукі грэць умее, — людзі знаюць;

Пра хабар Клімычу чытаюць,

А ён украдкаю ківае на Пятра. 

  1. Кінуць косць каму. Даць зачэпку для спрэчак, сваркі.

Выраз паходзіць з байкі І. А. Крылова «Сабачая дружба». У байцы гаворыцца, як Палкан і Барбос кляліся адзін аднаму ў вечнай дружбе:

Прэч сваркі, зайздрасць, злосць!

Тут повар на бяду ім з кухні кінуў косць. 

  1. Лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Карысліва карыстацца якімі-н. цяжкасцямі.

Выраз склаўся на аснове адной з баек Эзопа. У байцы расказваецца, як хітры рыбак, ускаламуціўшы ваду, ловіць у ёй рыбу, якая сама ўсплывае наверх. 

  1. Людзьмі звацца. Быць свабоднымі, незалежнымі, шчаслівымі.

Крылаты выраз з верша Я. Купалы «А хто там ідзе?»:

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца. 

  1. Ля разбітага карыта. Ужываецца са значэннем ‘ні з чым, страціўшы ўвесь ранейшы набытак’:

Крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна.

  1. Мёртвыя душы. Неіснуючыя асобы, якія толькі фіктыўна лічацца дзе-н.

Выраз з аднайменнай паэмы (1842) М. В. Гогаля. Галоўны герой паэмы Чычыкаў са спекуляцыйнай мэтай скуплівае ў памешчыкаў «мёртвыя душы» — прыгонных сялян-нябожчыкаў, якія па дакументах яшчэ лічыліся жывымі. 

  1. На задніх лапках хадзіць перад кім. Прыслугоўваць, лісліва дагаджаць каму-н.

Паходзіць з байкі І. А. Крылова „Два сабакі“, дзе спачатку выкарыстаны як свабоднае словазлучэнне (гаворыцца пра сабаку, які ў прамым сэнсе можа хадзіць на задніх лапках).

Так шчасце многія y тым знаходзяць,

Што ўсё жыццё на задніх лапках ходзяць! 

  1. Настаўляць (наставіць) акуляры каму. Уласна бел. Уводзіць у зман, паказваючы што-н. y фальшывым, скажоным, але выгадным для сябе выглядзе.

Фразеалагізаваны крылаты выраз з камедыі К. Крапівы „Хто смяецца апошнім“ (1939): „[Гарлахвацкі—адзін: ] Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца“. 

  1. Наступаць (наступіць) на граблі. Рабіць непрадуманы крок з мажлівымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць.

Крылаты выраз з байкі Л. Талстога „Вучоны сын“ (1872). 

  1. Неба ў алмазах. Штосьці жаданае, прыемнае (убачыць, пабачыць).

Выраз з п’есы А. П. Чэхава „Дзядзька Ваня“ (1897). Ужыты ў рэпліцы Соні, якая, суцяшаючы змучанага жыццём дзядзьку Ваню, верыць, што яны яшчэ ўбачаць „усё неба ў алмазах“. 

  1. He на той вуліцы. Не так, як трэба (жыць, пражыць).

Выраз з п’есы М. Горкага „Ягор Булычоў і іншыя“ (1932). Галоўны персанаж п’есы, нарэшце, зразумеў, што ён жыў „не на той вуліцы“, што яму не па дарозе з тымі, з кім шмат гадоў пражыў y адным доме, з людзьмі, гатовымі накінуцца адзін на аднаго. 

  1. Не па днях, a па гадзінах. Вельмі хутка (расці, развівацца, павялічвацца і пад.).

Выраз з „Казкі пра цара Салтана“ (1831) А. С. Пушкіна.Размова ідзе пра малога царэвіча. Яго пасадзілі ў бочку, засмалілі яе і кінулі ў мора. Царэвіч там расце не па днях, a па гадзінах і хутка выратоўваецца. 

  1. 36. Ні бэ ні мя. Зусім нічога не разумець, не разбірацца ў чымсьці.

Крылаты выраз з байкі К. Крапівы «Дыпламаваны Баран», мараль якой: «Другі баран — ні „бэ“, ні „мя“, A любіць гучнае імя». 

  1. Ні жывы ні мёртвы. У стане вялікага страху, знямення; страшэнна спалоханы.

Упершыню выкарыстаны ў камедыі «Грубіян» Плаўта (каля 254–184 да н. э.). 

  1. Падкаваць блыху. Паказаць, праявіць надзвычайную вынаходлівасць у якой-н. справе.

Выраз з апавядання М. С. Ляскова «Ляўша» (1881), дзе расказваецца, як тульскі майстар Ляўша змог падкаваць маленькую металічную блыху, якую англічане падарылі рускаму цару, каб паказаць сваё адмысловае ўменне. 

  1. Пайшла пісаць губерня. Выкарыстоўваецца з іранічнай афарбоўкай, калі кажуць пра інтэнсіўнае разгортванне якіх-н. дзеянняў, пра пачатак перапалоху, розных плётак і г.д.

Крылаты выраз з паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы». Назіраючы на балі ў губернатара, як дамы і чыноўнікі падняліся і панесліся ў хуткім танцы, Чычыкаў усклікнуў: «Вона! пошла писать губерния!» 

  1. Пальма першынства. Перавага над іншымі, першае месца.

Этымалагічнай асновай выразу з’яўляецца звычай старажытных грэкаў узнагароджваць пальмавай галінкай — сімвалам найвышэйшай славы — пераможцаў на алімпійскіх гульнях ці іншых спаборніцтвах. 

  1. Пасаліўшы есці можна. Уласна бел. Ні кепскі і ні добры, пасрэдны.

І.І.Насовіч звязвае этымалогію фразеалагізма з народным апавяданнем. Малады муж прыйшоў з працы і, калі маці падала яму есці, сказаў са злосцю: «Хто варыў, вочы б яму заліў». — «Ды гэта ж жонка твая», — адказала маці. «Ат! — стрымана заўважыў сын, — пасаліўшы есці можна». 

  1. Ружовы туман. Уласна бел. Стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці.

Паходзіць з назвы апавядання (1995) В. Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ужо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, y тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, «можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка». 

  1. Рыльца ў пушку ў каго. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага.

Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы. 

  1. Рыцар журботнага вобраза. Наіўны, бясплённы летуценнік.

Выраз з рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). Так аднойчы называе пабітага, пацярпелага, упрыгожанага сінякамі Дон Кіхота яго збраяносец Санча Панса. 

  1. Свінтус грандыёзус. Уласна бел. Ганебны чалавек, нахабнік, невук.

Выраз з камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (1939), дзе ён спачатку ўжыты для абазначэння вялізнай дапатопнай жывёліны з жабрамі, «адкрытай» ілжэвучоным Гарлахвацкім, a пасля пераносна — y дачыненні да таго ж Гарлахвацкага — невука і прайдзісвета. 

  1. Сена на асфальце. Уласна бел. Гараджанін y першым пакаленні, ахоплены настальгіяй па роднай вёсцы.

Выраз з аднайменнага апавядання (1963) і назвы зборніка апавяданняў (1966) М. Стральцова. 

  1. Сіняя птушка. Сімвал шчасця; тое, што ўвасабляе для каго-н. найвышэйшае шчасце.

Аўтар крылатага выразу — бельгійскі паэт і драматург М. Метэрлінк (пісаў на франц. м.). Вяршыня яго творчасці — паэтычная п’еса «Сіняя птушка» (1908). Сюжэт п’есы казачны, пабудаваны на прыгодах дзяцей дрывасека, якія шукаюць «сінюю птушку» — «таямніцу рэчаў і шчасця», але не знаходзяць яе. 

  1. Скакаць пад дудку чыю. Пакарацца каму-н., выконваць яго волю.

Выраз склаўся на аснове байкі старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа «Рыбак і рыбы». Адзін рыбак іграннем на флейце хацеў прывабіць да сябе рыб, але яны не выйшлі з мора. Тады ён закінуў сетку. Улоў быў добры. Бачачы, як рыбы трапечуцца і падскокваюць, рыбак сказаў з дакорам: «О нягодныя! Хопіць. Калі я іграў, вы не скакалі пад маю флейту, a як перастаў, вы скачаце». 

  1. Трышкаў кафтан (каптан). Непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія.

Выраз з аднайменнай байкі (1815) І.А. Крылова. У ёй гаворыцца, як Трышка, каб палапіць прадзёртыя локці кафтана, абрэзаў рукавы, a каб надтачыць рукавы, абрэзаў полы і канчаткова сапсаваў свой кафтан. У баечнай маралі выраз ужыты ў іншасказальным значэнні; ён дастасаваны да асоб, якія, заблытаўшы свае справы, так іх папраўляюць, што ў выніку «ў трышкавым кафтане францяць».

  1. У рожкі з кім. Уласна бел. Уступаць у сутычку з кім-н.

Узнік на аснове фразеалагізма брацца ў рожкі з кім (гл.) y выніку апушчэння дзеяслоўнага кампанента. Першапачаткова (у 20-я гады) ужываўся толькі ў кантэксце ў рожкі са старымі ў мове маладых беларускіх літаратараў, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Маладняк», часам не прызнавалі літаратурных аўтарытэтаў, выступалі супраць старэйшых пісьменнікаў. «Сярод маладнякоўцаў нават хадзячы лозунг бытаваў: „У рожкі са старымі“.

  1. Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘доўга спаць, вылежвацца’ і ‘весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.’

Выраз з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана».

  1. Круціцца як вавёрка ў коле. У пастаянных занятках, клопатах.

Выраз з байкі І.А. Крылова «Вавёрка» (1833). У ёй апісваецца, як вавёрка, знаходзячыся ў клетцы, увесь час круціць прымацаванае там рухомае кола, чапляючыся лапкамі за тонкія планкі, і нібы бесперапынна бяжыць.

  1. Як дзядзька ў Вільні. Разгублена, збянтэжана, непрывычна, ніякавата.

Выраз склаўся на аснове эпізодаў з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»).

Фразеалагізмы, якія прыйшлі з міфаў

  1. Адамаў яблык. Другая назва кадыка ў мужчын.

Паходжанне выразу звязваецца з павер’ем: калі біблейскі Адам стаў есці яблык, што дала яму Ева, сарваўшы, насуперак Богавай забароне, з дрэва пазнання дабра і зла, то кавалачак засеў у горле і назаўсёды ператварыўся ў выступ, які як кляймо грэху перадаецца ўсім мужчынам.

  1. Арыядніна ніць. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Сродак выйсці з цяжкага становішча.

Паходзіць з міфа пра афінскага героя Тэзея. Найважнейшым подзвігам Тэзея было знішчэнне Мінатаўра — пачвары з чалавечым тулавам і бычынай галавой. Яму дапамагла Арыядна — дачка цара Мінаса, якая пакахала юнака і дала яму востры меч і клубок нітак. Прывязаўшы нітку ля ўваходу і размотваючы клубок, Тэзей дабраўся да Мінатаўра і, забіўшы яго, па нітцы знайшоў выйсце з заблытаных хадоў лабірынта, а таксама вывеў іншых асуджаных на з’ядзенне.

  1. Арэдавы вякі. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі доўга (жыць, пражыць).

Паходзіць з біблейскага аповеду (Быццё, 5, 15) пра патрыярха Іарэда, які пражыў нібыта 962 гады.

  1. Асядлаць Пегаса. Заняцца паэзіяй, стаць паэтам, пачаць пісаць вершы.

Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Пегасам у старажытных грэкаў называлі чарадзейнага крылатага каня, які сімвалізаваў паэтычную творчасць. Паводле міфа, музы так цудоўна спявалі аднойчы, што гара Гелікон, на якой яны жылі, пачала ад вялікага захаплення расці і паднялася была ўжо да неба. Тады Пегас ударыў капытом, вярнуў гару на ранейшае месца і высек цудадзейную крыніцу, якая стала крыніцай паэтычнага натхнення.

  1. 5. Аўгіевы канюшні (стайні). Абазначае ‘вельмі забруджанае памяшканне’ і ‘поўнае бязладдзе, надзвычайная запушчанасць спраў у якой-н. арганізацыі’.

Паводле міфа, у элідскага цара Аўгія былі вялізныя канюшні, якіх ніхто не прыбіраў трыццаць гадоў. Каб ачысціць іх, спатрэбілася сіла і розум міфічнага героя Геракла (Геркулеса). Ён зрабіў гэта за адзін дзень, перагарадзіўшы плацінай раку Алфей і пусціўшы ваду ў канюшні.

  1. Ахілесава пята. Калька з грэч. м. Найбольш слабае, паражальнае месца.

Паводле міфа, марская багіня Фетыда, каб зрабіць свайго сына Ахілеса несмяротным, акунула малога ў свяшчэнную ваду падземнай ракі Стыкс. Цела Ахілеса стала пасля гэтага непаражальнае. Толькі пятка, за якую, апускаючы ў ваду, трымала маці сына, засталася адзіным неабароненым месцам. У час Траянскай вайны Ахілес быў забіты царэвічам-траянцам Парысам, стралу якога нібыта бог Апалон накіраваў у пяту героя.

  1. Блудны сын. Легкадумны,свавольны, распусны чалавек, які раскаяўся ў сваіх памылках.

Паходзіць з евангельскай прытчы (Лука, 15,11–32) пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў, а пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў.

  1. Блукáнне па пакутах. Цяжкія жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на чыю-н. долю.

Узнік на аснове старажытнага веравання ў блуканне душ грэшнікаў па пакутах на працягу сарака дзён пасля смерці чалавека.

  1. Будаваць на пяску. Засноўваць на ненадзейных звестках, паказчыках.

Склаўся на базе евангельскай прытчы (Матфей, 7, 26–27): «Усякі, хто слухае гэтыя словы мае і не выконвае іх, стане падобны на чалавека безразважнага, які пабудаваў дом свой на пяску. I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры і налеглі на дом той, і ён паваліўся».

  1. Вавілонскае стоўпатварэнне. Поўная неразбярыха, беспарадак, гармідар.

Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1–9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба. Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» языкі будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго.

  1. Валаамава асліца (валаамаў асёл). Пакорны, маўклівы чалавек, які раптам выказаў сваю думку або нязгоду, пратэст.

Утвораны на аснове біблейскай легенды (Лічбы, 22, 27–28) пра чараўніка Валаама і яго асліцу, якая, калі гаспадар пачаў біць яе, запратэставала чалавечай мовай, стала ўгаворваць гаспадара, каб ён не ішоў супраць Божай волі і адмовіўся ад намеру выконваць загад маавітанскага цара Валака.

  1. Валтасараў баль. Паўкалька з царк. — слав. м. Вясёлае, легкадумнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну.

Паходзіць з Бібліі. У кнізе Даніілы (5) расказваецца пра баль у халдзейскага цара Валтасара. Падчас балю таямнічая рука напісала на сцяне чатыры прарочыя словы пра непазбежную пагібель цара, той жа ноччу цар быў забіты, а яго царства дасталося Дарыю.

  1. Вастрыць (тачыць) зубы на каго, на што. Ужыв. са значэннямі ‘ненавідзячы каго-н., рыхтаваць яму якую-н. непрыемнасць’ і ‘старацца завалодаць чым-н. ці трапіць куды-н.’

Узнікненне фразеалагізма звязана з перыядам дзейнасці польскага караля Стафана Баторыя (1574– 1586), у гербе якога было тры зубы. Калі ён гневаўся на каго-небудзь, то гаварылі, што вострыць зубы на яго.

  1. Вісець на валаску. Аказвацца ў вельмі ненадзейным, небяспечным становішчы.

Узнікненне фразеалагізма, відаць, мае сувязь са старажытнагрэчаскім паданнем пра цара Дыянісія Старэйшага і яго прыбліжанага Дамокла, які зайздросціў свайму ўладару, называючы яго самым шчаслівым з людзей. I вось зайздросніка запрасілі ў царскі палац і пасадзілі на трон. Радасць была нядоўгай і перайшла ў страх, бо Дамокл убачыў, што ў яго над галавой вісіць на конскім валаску востры меч. Як растлумачыў Дыянісій, гэты меч — сімвал небяспекі, якая ўвесь час падпільноўвае цара, знак нетрываласці яго шчасця.

  1. Вока за вока <зуб за зуб>. Адплата злом за прычыненае зло.

Частка біблейскай формулы закону адплаты (Левіт, 24, 20): «Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб: як ён зрабіў пашкоджанне на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць».

  1. Восьмы цуд свету. Штосьці дзіўнае, велічнае, незвычайнае.

У старажытнасці лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету — грандыёзных, надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Семіраміды, храм Артэміды ў Эфесе, грабніца Маўсола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Родас), маяк на востраве Фарос, статуя Зеўса ў Алімпіі. У наш час выкарыстоўваюць выраз восьмы цуд свету для абазначэння чагосьці новага, нечаканага, надзвычайнага, як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў.

  1. Выносіць (вынесці) смецце з хаты. Выдаваць тое, чаго не павінны ведаць іншыя, што няславіць каго-, што-н. (сям’ю, калектыў і пад.).

Існуюць розныя меркаванні аб паходжанні гэтага фразеалагізма. Лічаць, напрыклад, што ў яго аснове — даўнейшае павер’е: у хатнім смецці бываюць і часцінкі чалавека (валасы, ногці), па якіх, калі іх выкінуць за парог, нядобразычлівец, злы дух нагоніць на хату насланнё, таму, каб не мець бяды, непрыемнасці, смецце не выкідвалі з хаты, а спальвалі ў печы.

  1. Выпусціць джына з бутлі. Ужыв. са значэннем ‘выклікаць нейкі непрыемны неабарачальны працэс, зрабіць штосьці неспадзяванае’.

Выраз узнік на аснове персідскай і арабскай міфалогіі, дзе джын — добры або злы дух.

  1. Геркулесавы слупы чаго. Ужыв. ва ўсходнесл., польск. і некаторых іншых мовах са значэннем ‘вышэйшая, крайняя ступень, мяжа чаго-н.’

Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія, міфы пра подзвігі Геркулеса. Першапачаткова геркулесавымі слупамі называлі дзве скалы на супрацьлеглых берагах Гібралтарскага праліва — «край свету», паводле ўяўлення старажытных грэкаў. Паставіў гэтыя слупы нібыта Геркулес, які прайшоў усю Афрыку і дасягнуў «канца зямлі».

  1. Гордзіеў вузел. Крылаты выраз з грэч. міфалогіі. Заблытаная справа, складанасць, цяжкасць.

Паводле міфа, Гордзій, да таго як стаў царом Фрыгіі, быў простым земляробам. Калі ён араў на валах, арол сеў на ярмо. Гэта прадказвала Гордзію, як растлумачыла прарочыца, царскую ўладу. Якраз у фрыгійцаў у хуткім часе не стала цара, і яны, выконваючы волю аракула, выбралі таго, хто першы на калёсах ехаў па дарозе да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій паставіў калёсы ў храм, а ярмо прымацаваў да дышля такім заблытаным вузлом, што ніхто не мог яго развязаць (гл. секчы гордзіеў вузел).

  1. Дарункі данайцаў. Каварная паслуга з мэтай прычыніць зло.

Сфарміраваўся на аснове легенды з грэчаскай міфалогіі аб узяцці Троі і траянскім кані. Данайцы (грэкі) пасля дзесяцігадовай асады рашылі хітрасцю авалодаць горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Траянцы не звярнулі ніякай увагі на гэту перасцярогу, разбурылі частку сцяны і ўцягнулі каня ў крэпасць. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава.

  1. Двухаблічны Янус. Крывадушны чалавек.

Выток фразеалагізма — рымская міфалогія. Янус — старажытнарымскі бог часу, а таксама пачатку і канца, уваходу і выхаду. На малюнках і ў скульптуры яго паказвалі з двума тварамі, звернутымі ў супрацьлеглыя бакі. Маладым тварам ён глядзеў наперад, у будучыню, а старым — назад, у мінулае.

  1. Дзе сабака закапаны. У чым сутнасць справы, сапраўдная прычына чаго-н. Было крыўдна, як гэта ён, майстра сваёй справы з вялікім, яшчэ даваенным стажам, не можа дабрацца, дзе тут, як кажуць, сабака закапаны.

Мяркуюць, што выраз нарадзіўся ў перыяд сярэднявечча, калі модным было шукаць скарбы, і першапачаткова абазначаў ‘вось дзе скарб закапаны’. Выкарыстанне замест скарб слова сабака вытлумачваецца тым, што існавала павер’е, быццам закапаныя ў зямлі скарбы ахоўваюцца нячыстай сілай у вобразе чорнага сабакі.

  1. 24. Днём з агнём. Запазыч. з руск. м. Ужыв. са значэннямі ‘ніякім чынам, аніяк (не знойдзеш, не знайсці каго-, чаго-н.)’ і ‘з вялікімі цяжкасцямі, прыкладаючы значныя намаганні (шукаць, пашукаць каго-, што-н.)’.

Узнікненне фразеалагізма звязваюць з легендай пра грэчаскага філосафа Дыягена (IV ст. да н. э.). Аднойчы ён, каб паказаць, як мала сапраўдных людзей сярод сапсаванага грамадства, запаліў днём ліхтар і ўсюды хадзіў з ім, гаворачы: «Шукаю чалавека».

  1. Добры геній. Чалавек, які аказвае на каго-н. дабратворны ўплыў, прыносіць каму-н. карысць. Злы геній. Чалавек, які аказвае на каго-н. дрэнны ўплыў, прыносіць каму-н. шкоду, зло.

Склаўся на аснове старажытнарымскіх міфалагічных уяўленняў. Геній, паводле гэтых уяўленняў, — дух-заступнік, які кіруе дзеяннямі і думкамі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця. Лічылася, што ёсць два геніі: добры, які прыносіць карысць, і злы, які аказвае на чалавека дрэнны ўплыў.

  1. Егіпецкая кáра. Нязносна цяжкае становішча, бяда, бядота.

Склаўся на аснове біблейскага аповеду (Зыход, 7-12) аб дзесяці карах (ператварэнне вады Ніла ў кроў, падзеж жывёлы, маравая пошасць, нашэсце саранчы, шматдзённая цемра і інш.), якімі Бог пакараў егіпцян за тое, што фараон адмаўляўся вызваліць яўрэяў, што жылі ў Егіпце на становішчы рабоў.

  1. 27. Забаронены плод. Штосьці прывабнае, спакуслівае, але недазволенае.

У рускай мове выраз узнік з прыказкі “Запретный плод сладок”, якая склалася на аснове біблейскага міфа пра першых людзей на зямлі. Паводле Бібліі (Быццё, 2, 16–17), Бог дазволіў Адаму і Еве есці плады з усіх дрэў, апрача дрэва пазнання дабра і зла. Аднак занадта цікаўная Ева не ўтрымалася, каб не сарваць забаронены плод, і спакусіла таксама Адама. За гэта абое былі пакараны і выгнаны з раю.

  1. Заблудная (блудная, аблудная) авечка. Абазначае ‘чалавек, які збіўся з правільнага жыццёвага шляху’.

Выраз склаўся на базе евангельскай прытчы (Лука, 15, 4–6) пра чалавека, які, «маючы сто авец і згубіўшы адну з іх», пакінуў астатніх у пустыні і пайшоў шукаць заблудную, а знайшоўшы яе, радаваўся «больш, чым дзевяноста дзевяці не заблудным». Так, гаворыцца ў канцы прытчы, «бывае радасць у анёлаў божых і аб адным грэшніку, які каецца».

  1. Закопваць (закапаць) <свой> талент у зямлю. Губіць свае здольнасці, не даваць ім развівацца.

Склаўся на аснове евангельскай прытчы (Матфей, 25, 15–30). Адзін багаты чалавек, ад’язджаючы ў далёкія краіны, даў аднаму свайму рабу пяць талантаў (буйных грашовых адзінак), другому — два, трэцяму — адзін. Вярнуўшыся, гаспадар даведаўся, што першыя два рабы ўклалі свае грошы ў розныя выгадныя справы і атрымалі значны прыбытак. Трэці ж сказаў, што ён закапаў атрыманы талант у зямлю. Гаспадар пахваліў першых двух і зганіў трэцяга.

  1. За круглым сталом. З роўнымі правамі, на роўных умовах (сустракацца, вырашаць і пад.)

Паходзіць з кельцкага народнага падання пра караля брытаў Артура (V–VI стст.). Усе рыцары адчувалі сябе ў караля як роўныя між роўных; на банкетах кароль і рыцары сядзелі за вялікім круглым сталом, па чарзе мяняючыся месцамі.

  1. Залаты дождж. Вялікія грашовыя сумы, прыбыткі.

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Жрэц-прарок прадказаў аргоскаму цару Акрысію, што ў яго дачкі Данаі народзіцца хлопчык, які пасля знішчыць свайго дзеда-цара. Акрысій загадаў трымаць дачку ў падземным будынку пад аховай служанак. Захоплены прыгажосцю Данаі, вярхоўны бог Зеўс пранік у падзямелле ў выглядзе залатога дажджу і апладніў яе.

  1. Зарубіць сабе на носе. Цвёрда запомніць.

Даўней пры амаль усеагульнай непісьменнасці своеасаблівай квітанцыяй пры разліках была бірка — палачка або дошчачка, на якой выразаліся зарубкі. Кожная зарубка адпавядала пэўнаму ліку (пудоў, адпрацаваных дзён і інш.). Бірка, пасля таго як на ёй былі зроблены зарубкі, расшчэплівалася на дзве палавінкі: адна аддавалася, напрыклад, уладальніку аўчын, другую пакідаў сабе дубільшчык. Калі бірку адзін з іх губляў, то пры такой сітуацыі маглі выказаць павучанне: «А ты другі раз зарубі сабе на носе, ужо не згубіш». Трапны выраз, падхоплены іншымі людзьмі, стаў агульнаўжывальным.

  1. За сачавічную поліўку (прадаваць, прадацца і пад). З-за дробязнай выгады.

Выток фразеалагізма — біблейская прытча (Быццё, 25, 31–34) пра братоў-блізнят Ісава і Якава — сыноў патрыярха Ісака. Ісаў нарадзіўся на некалькі мінут раней, чым Якаў, і атрымаў права першародства, якое гарантавала яму падвойную долю спадчыны і значную перавагу ў жыцці. Аднойчы галодны Ісаў папрасіў Якава накарміць яго сачавічнай поліўкай. Якаў згадзіўся, але пры ўмове, калі Ісаў уступіць яму права першародства. Ісаў даў згоду.

  1. Збіваць (збіць) з панталыку каго. Ужыв. са значэннямі ‘заблытваць, выклікаць замяшанне, разгубленасць’ і ‘уздзейнічаючы якім-н. чынам, схіляць да адыходу ад ранейшага, штурхаць на што-н. нядобрае’.

Фарміраванне выразу мае сувязь з назвай гары ў паўднёвай Грэцыі — Пентэлік. У старажытныя часы гара славілася сваім мармурам, а таксама вялікай пячорай з гротам і вапнавымі нарасцямі, дзе лёгка было заблудзіць, заблытацца. Фразеалагізм склаўся, хутчэй за ўсё, у маўленні гімназістаў.

  1. <І> пальцам не варухнуць (не паварушыць, не паварухнуць). Нічога не зрабіць, не прыкласці ніякіх намаганняў (для ажыццяўлення чаго-н.).

Склаўся на аснове евангельскага тэксту пра фарысеяў: «Звязваюць нязручны для нашэння цяжар і ўскладваюць на плечы людзям, а самі не хочуць і пальцам зрушыць яго».

  1. Калос на гліняных нагах. Што-н. знешне вялікаснае, але слабае, гатовае разбурыцца.

Склаўся на базе біблейскага аповеду (Данііл, 2, 31–36) пра вавілонскага цара Навухаданосара, якому прысніўся вялікі страшны ідал: галава яго «была з чыстага золата, грудзі і рукі з серабра, чэрава і клубы — медныя, галёнкі жалезныя, ногі часткова жалезныя, часткова гліняныя». «Камень адарваўся ад гары, ударыў у ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго — і разбіў іх». Паводле Бібліі, металічны ідал-велікан на гліняных нагах і яго лёс сімвалізавалі вавілонскае царства з незайздроснай будучыняй — разбурэннем, гібеллю ад персаў.

  1. Кануць у Лету. Быць забытым, назаўсёды знікнуць.

У грэчаскай міфалогіі Лета — рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.

  1. Конь божы. Ужыв. як эўфемізм, як своеасаблівы стылістычны сінонім да слова асёл са значэннем ‘тупы, неразумны чалавек’.

Паводле Евангелля, Ісус Хрыстос ездзіў па свеце на асле. Параўн.: «Калі ўязджаў Ісус Хрыстос у Іерусалім, Асёл яго на спіне вёз, натоўп ішоў за ім”.Выраз узнік як перыфраза, як другая назва асла — пры адначасовым перанясенні назвы з зыходнага значэння слова асёл (‘жывёліна’) на другаснае, метафарычнае (‘тупы, неразумны чалавек’).

  1. 39. Костачкі (косці, косткі) перамываць каму, чые, каго. Абазначае: 1) абгаворваць, бэсціць каго-н., 2) асуджаць чые-н. недахопы, крытыкаваць каго-н.

Узнікненне фразеалагізма звязана са старажытнаславянскім абрадам паўторнага пахавання. Звычайна праз тры гады пасля першага пахавання магіла раскопвалася: трэба было праверыць, ці не быў нябожчык пры жыцці звязаны з ведзьмакамі, пярэваратнямі, і, калі гэта так, зняць з яго закляцце і ачысціць ад грахоў. Перад тым як зноў закапаць нябожчыка, яго родзічы і сваякі перабіралі косці, перамывалі іх вадой або віном. Пры перамыванні костачак не абыходзіліся без ацэнкі нябожчыка, яго характару, паводзін, г. зн. без абгаворвання.

  1. Кракадзілавы слёзы. Крывадушнае спачуванне, прытворнае шкадаванне.

У аснове фразеалагізма — старажытнае павер’е, быццам кракадзіл, з’ядаючы сваю ахвяру, плача.

  1. Лазара пець (спяваць). Бедаваць, прыкідвацца няшчасным, старацца расчуліць кагосьці.

Песня пра Лазара склалася на аснове евангельскай прытчы (Лука, 16,19–25) пра Лазара, які, хворы, пакрыты струпамі, ляжаў каля варот багацея, чакаючы, пакуль яму выкінуць аб’едкі. Тэкст песні і яе жалобны матыў скіроўвалі на тое, каб расчуліць слухачоў, выпрасіць у іх міласціну.

  1. Лебядзіная песня. Апошні, найбольш значны твор каго-н., апошняя праява таленту, здольнасці.

Узнікненне фразеалагізма звязана з павер’ем, што лебедзь спявае адзін раз у жыцці — перад самай смерцю. Павер’е, вядомае старажытным грэкам, сустракаецца ў творах Эзопа, Эсхіла. Відаць, яно мае пад сабой грунт: як сведчаць вучоныя-заолагі, апошнія ўздыхі раненага лебедзя нагадваюць песню.

  1. Ляцець (паляцець) у тартарары. Змяняцца карэнным чынам, развальвацца, гінуць.

Паводле міфалогіі, называлася тая частка падземнага царства, дзе знаходзіцца пекла і куды пасля смерці перасяляліся грэшнікі. У Тартар скінуў Зеўс тытанаў, якія пачалі былі барацьбу з ім за авалоданне небам.

  1. Мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што. Незаслужана зневажаць, бэсціць, чарніць.

Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым звычаем мазаць дзёгцем у начны час вароты гаспадару, намякаючы гэтым на якую-небудзь правіннасць гаспадара ці членаў яго сям’і і тым самым ганьбячы іх.

  1. Між (паміж) Сцылай і Харыбдай. У цяжкім становішчы, калі непрыемнасці, небяспека пагражаюць з двух бакоў (выбіраць, быць і пад.)

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Сцыла і Харыбда — дзве пачвары, якія пільна ахоўвалі Месінскі праліў (паміж Сіцыліяй і Апенінскім паўвостравам) і жылі ў пячорах па абодва бакі ад праліва. Праход праз вузкі праліў (між Сцылай і Харыбдай) быў надзвычай небяспечны для мараплаўцаў.

  1. Мукі Тантала (танталавы мукі (пакуты). Сэнс выразу — ‘нясцерпныя пакуты ад блізкасці жаданай мэты і немажлівасці дасягнуць яе’.

Выток фразеалагізма — грэч. міфалогія. Паводле міфа, фрыгійскі цар Тантал доўгі час быў любімцам багоў, яго запрашалі на Алімп, пакуль ён не расказаў людзям пра тайнае рашэнне Зеўса (у другіх варыянтах міфа гаворыцца пра іншую віну Тантала перад багамі). Яго сурова пакаралі: скінулі ў падземнае царства на вечныя мукі прагі і голаду. Ён стаяў па горла ў вадзе, але не мог напіцца, бо вада адразу адступала. Над ім звісалі галіны з яблыкамі, грушамі і іншай садавіной і тут жа адхіналіся, калі ён працягваў да іх рукі.

  1. На сёмым небе. Ужыв. са значэннем ‘бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены’.

Выток фразеалагізма — уяўленні старажытных грэкаў, арабаў пра будову свету: купал неба нібыта складаецца з сямі крыштальных сфер; на верхнім, сёмым небе, дзе знаходзіцца Бог, — рай, царства нябеснае.

  1. На ўсе чатыры <бакі, стараны> ісці (пайсці), адпускаць (адпусціць) і пад. У любое месца, абы-куды, куды захочацца.

Выраз засноўваецца на даўнейшым звычаі франкаў пры вызваленні раба ставіць яго на скрыжаванні, што вядзе ў розныя чатыры бакі, і гаварыць: „Няхай будзе свабодны і ідзе куды хоча“.

  1. 49. На шчыце. Пераможаны, з паражэннем.

Склаўся на аснове легенды пра выключную мужнасць спартанцаў. Як апісвае старажытнагрэчаскі пісьменнік Плутарх (каля 46-126), адна са спартанскіх жанчын, выпраўляючы сына на вайну, падала яму шчыт і сказала: „3 ім ці на ім“, г. зн. вярніся пераможцам ці мёртвым. Забітага выносілі з поля бою на шчыце.

  1. На шырокую нагу. Ужыв. са значэннямі: 1) багата, раскошна, без абмежаванняў y сродках (жыць, пажыць і пад.), 2) з вялікім размахам (гуляць, ставіць і інш.), 3) багаты, раскошны, без абмежаванняў.

У XII ст. y Заходняй Еўропе была мода насіць доўгі і вялікі абутак. Мяркуюць, што першы заказаў сабе такія чаравікі з загнутымі ўгору наскамі кароль Англіі Генрых II, які зрабіў гэта, каб неяк прыхаваць нарасць на вялікім пальцы правай нагі. Абутак з доўгім наском стаў модай. Яна перакінулася ў іншыя краіны. Найбольш знатныя і багатыя асобы насілі чаравікі з асабліва вялікімі наскамі. Пра такіх людзей у Германіі сталі гаварыць, што яны жывуць „на вялікую нагу“.

  1. Ні дна ні пакрышкі каму, чаму. Выклічнікавы выраз, ужыв. як пажаданне ўсяго найгоршага.

Першапачаткова ўжываўся як пажаданне быць пахаваным не так, як прынята, a без труны, без дна і без пакрышкі.

  1. Пад эгідай чыёй, каго, чаго. Пад прыкрыццем каго-, чаго-н., пад чыёй-н. аховай, заступніцтвам ці кіраўніцтвам (рабіць што-н.).

Выраз склаўся на аснове грэчаскага слова эгіс, якім называлі шчыт бога Зеўса ў старагрэчаскай міфалогіі.

  1. Пажынаць (пажаць) лаўры. Карыстацца плёнам поспеху.

Паводле грэчаскага міфа, Апалон пакахаў німфу Дафну, але яна не хацела стаць яго жонкай і папрасіла дапамогі ў багоў. Яны ператварылі яе ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў свяшчэнным дрэвам Апалона, бога мастацтваў. У Старажытнай Грэцыі ўсталяваўся звычай узнагароджваць лаўровым вянком паэтаў, мастакоў, музыкантаў. Звычай перанялі старажытныя рымляне.

  1. Пасля дожджыку ў чацвер. Невядома калі ці ніколі.

Лічыцца, што фразеалагізм склаўся як формула недаверу да бога грому Перуна, днём якога быў чацвер. Паходжанне фразеалагізма звязваюць таксама з адміраннем язычніцкага свята ў гонар Перуна, якое адзначалася ў пэўны чацвер пасля першага вясенняга дажджу і грому.

  1. Пасыпаць галаву попелам. Глыбока смуткаваць, бедаваць з якойсьці прычыны.

Як расказваецца ў Бібліі (Іоў, 2, 12), y старажытных яўрэяў быў звычай выказваць пачуццё гора, роспачы не толькі плачам, але і пасыпаннем галавы попелам. Такі звычай, апісаны ў «Іліядзе» Гамера, быў і ў старажытных грэкаў. Ён сімвалізаваў і агульную для ўсіх жалобу.

  1.  Пацэліць (патрапіць, трапіць) y <самы > яблычак. Сказаць ці зрабіць менавіта тое, што

патрэбна.

У некаторых працах паходжанне гэтага выразу звязваюць з імем Вільгельма Тэля. Паводле легенды, аўстрыйскі намеснік y Швейцарыі Тэслер загадаў Тэлю, як пакаранне за непаслушэнства, збіць выстралам з лука яблык з галавы свайго сына.

  1. Пець (спяваць) дыфірамбы каму, чаму. Празмерна хваліць, захвальваць.

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага са звычаямі старажытных грэкаў. Першапачаткова слова дыфірамб мела вузкае значэнне: ім называлася ўрачыстая харавая песня ў гонар Дыяніса — бога вінаробства. Пасля песні-дыфірамбы спявалі і ў гонар іншых багоў і герояў.

  1. Пракрустава ложа. Мерка, пад якую сілком, штучна падганяюць ці прыстасоўваюць што-н.

Склаўся на аснове старажытнагрэчаскага міфа пра разбойніка Пракруста. Ён лавіў людзей, заводзіў да сябе і ўкладваў y сваю пасцель. Калі ахвяра была даўжэйшая за ложак, Пракруст адсякаў ёй ногі, a калі карацейшая — расцягваў госця да памеру ложка.

  1. Праметэеў агонь. Незгасальнае імкненне да высакароднай мэты.

Склаўся на аснове грэчаскіх міфаў пра тытана Праметэя — «самага высакароднага святога і мучаніка ў філасофскім календары» (К. Маркс). Паводле міфаў, Праметэй — багаборац і абаронца людзей. Ён выкраў з Алімпа, ад багоў, агонь і аддаў людзям, зрабіў для людзей яшчэ шмат чаго добрага: навучыў астраноміі, медыцыне, пісьму, чытанню, вадзіць караблі і інш. За гэта раззлаваны Зеўс, вярхоўны бог грэкаў, загадаў прыкаваць Праметэя да каўказскай скалы. Сюды кожную раніцу прылятаў вялізны арол і дзёўб печань прыкутага, a яна зноў загойвалася за коч. У гонар Праметэя ў Афінах святкавалі праметэі (бег з факелам і перадача яго з рук у рукі).

  1. Пуп зямлі. Самы важны, самы галоўны; лепшы за ўсіх.

Мяркуюць, што ў грэч. м. выраз трапіў з талмуда. Паводле старажытнаяўрэйскіх рэлігійных уяўленняў, пуп, або цэнтр, зямлі ў Іерусаліме, y алтары храма; адсюль Бог, кінуўшы ў мора камень, пачаў стварэнне свету. Такое ўяўленне пра святое месца, пуп зямлі, знаходзім і ў некаторых старажытнарускіх літаратурных помніках («Хождение в Иерусалим игумена Даниила»).

  1. Пуцяводная зорка. Першае значэнне – ‘тое, што накіроўвае чыё-н. жыццё, дзейнасць’, другое значэнне — ‘чалавек, які вызначае чыё-н. жыццё, дзейнасць’.

Склаўся на аснове евангельскай легенды. Паводле аднаго з хрысціянскіх міфаў, вешчуны, убачыўшы на небе зорку, якая была знакам таго, што нарадзіўся Ісус, пайшлі шукаць яго. «I зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, нарэшце прыйшла і спынілася над месцам, дзе было дзіця».

  1. Рубікон перайсці. Зрабіць сур’ёзны крок, рашучы ўчынак, які вызначае далейшыя падзеі.

Рубікон, рака ў паўночнай Італіі, была да 49 г. да н. э. граніцай паміж Рымам (Італіяй) і яго паўночнай правінцыяй Галіяй. Кіраваў гэтай правінцыяй Юлій Цэзар. Ён ноччу перайшоў са сваімі легіёнамі Рубікон, што прывяло да грамадзянскай вайны, якая закончылася перамогай над арміямі сената і ўстанаўленнем у Рыме імперыі на чале з Цэзарам — фактычным пажыццёвым дыктатарам.

  1. Садом і гамора. Крайняе бязладдзе, беспарадак, хаос.

Узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 19, 24–25) пра лёс двух суседніх гарадоў старажытнай Палесціны — Садома і Гаморы. У гэтых гарадах запанавалі беспарадак, распуста, і Бог вогненным дажджом і землетрасеннем рашыў пакараць грэшнікаў.

  1. Свет цесны. У любым месцы можна нечакана сустрэцца са знаёмым.

Выраз прыпісваецца Хрыстафору Калумбу, які ў 1492 г. адправіўся на трох іспанскіх суднах шукаць прамы марскі шлях y Індыю, але нечакана прычаліў да берагоў невядомай тады Амерыкі, «адкрыў Амерыку».

  1. Скрыня Пандоры. Крыніца ліха, бедстваў.

Выток фразеалагізма — грэчаская міфалогія. Паводле аднаго з міфаў, доўгі час людзі жылі, не ведаючы ніякіх хвароб, няшчасця і старасці. Калі ж Праметэй выкраў ад багоў агонь і аддаў яго людзям, раззлаваны Зеўс паслаў на зямлю прыгожую жанчыну Пандору, даўшы ёй таямнічую скрыню і забараніўшы адчыняць яе. Будучы цікаўнай, Пандора прыадчыніла вечка, і са скрыні тут жа вылецелі ўсе чалавечыя няшчасці і разляцеліся па ўсёй зямлі. Так Зеўс адпомсціў людзям за Праметэеў учынак.

  1. Турусы на калёсах. Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы.

Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту.

  1. У абдымкі (абдоймы) Марфея ісці, пайсці і пад. Спаць.

Склаўся на аснове грэчаскай міфалогіі, дзе Марфей — бог сну, y антычным мастацтве адлюстроўваўся як стары чалавек з крыламі.

  1. У гарачай вадзе купаны. Занадта гарачы, запальчывы.

Узнікненне выразу звязана з царкоўным абрадам хрышчэння, калі малога апускалі ў спецыяльную пасудзіну з вадой (купель).

  1. Устаць з левай нагі. Быць у дрэнным настроі, y раздражнёным стане.

Выток фразеалагізма — павер’е, якое з антычных часоў існавала ў многіх народаў. Лічылася, што правы бок — добры, a левы — дрэнны, што ўстаць раніцай з левай нагі — значыць пачаць новы дзень пад уладай злога духу.

  1.  У тры пагібелі. Mae значэнне ‘вельмі нізка’, якое рэалізуецца пры дзеясловах сагнуцца, схіліцца і інш.

Узнікненне фразеалагізма знаходзіцца ў сувязі са страшным відам катавання на Русі ў часы сярэднявечча. Пры допыце «прывязвалі да ног галаву: y вяроўку прасоўвалі палку і круцілі яе, аж пакуль галава не прыгіналася да самых ног». У тры пагібелі — гэта ‘у тры згібы’.

  1. Хоць рэпку спявай. Выказванне роспачы, адчаю, бяссілля, немагчымасці зрабіць штосьці, каб выйсці з цяжкага становішча.

У Старажытнай Русі рэпкай называлі спецыяльныя, мудрагелістыя абцугі, верхняя палавінка якіх знешне падобная на рэпку. Гэта быў інструмент для катавання. Ім так сціскалі ногці, што ахвяра пачынала прызнавацца, a то і нагаворваць абы-чаго на сябе і на другіх. Рэпка змушала чалавека плакаць. Відаць, тыя, хто паспытаў яе, склалі ў гонар рэпкі песню-галашэнне, не зусім, як зазначае У. Даль, прыстойную.

  1. Ціпун на язык каму. Ужыв. як рэзкае асуджэнне чыйго-н. недарэчнага выказвання і як нядобрае пажаданне таму, хто гаворыць не тое, што трэба.

Ціпун — птушыная хвароба, нараст на кончыку языка і пашкоджанне гартані, поласці носа.

  1. Цыганскае сонца. Месяц, начное свяціла.

Выраз адлюстроўвае даўнейшы быт цыганоў, якія начавалі ў шатрах або пад адкрытым небам, пераязджалі на новае месца, асабліва ў гарачую летнюю пару, пры святле месяца і для якіх «ноч — матка: усё гладка» (намёк на крадзеж коней).

  1. Цягнуць лямку. Займацца нялёгкай, аднастайнай справай.

Выраз прыйшоў з мовы бурлакоў, якія і ў прамым сэнсе цягнулі лямку — шырокі скураны рэмень, надзеты цераз плячо. Бурлакі запрагаліся ў свае лямкі з пастронкамі, прымацаванымі да доўгай тоўстай вяроўкі, і, напружваючыся, цягнулі супраць цячэння баржу ці іншае судна. Цяжкая бурлацкая доля адбілася ў прыказцы “Цягні лямку, пакуль не выкапаюць ямку”.

  1. Чортаў тузін. Тузін — гэта ‘дванаццаць’, a чортаў тузін — ‘трынаццаць’.

Лічба «трынаццаць», паводле забабонных уяўленняў многіх народаў,— нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. A ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, a ад чорта. Таму «трынаццаць» — чортаў тузін.

  1. Шарашкіна кантора. Несалідная, неаўтарытэтная ўстанова, арганізацыя, прадпрыемства.

Паходзіць з турэмна-лагернага жаргону. Утвораны ў выніку разгортвання слова шарашка ў фразеалагізм. У перыяд сталінска-берыеўскага масавага тэрору зняволеныя называлі шарашкай спецыяльныя зоны, абнесеныя калючым дротам, дзе, пазбаўленыя свабоды і грамадзянскіх правоў, матэматыкі, фізікі, хімікі, інжынеры-радысты і інш. абавязаны былі займацца загаданай тэматыкай навуковых даследаванняў. Вучоныя жылі там у адносна някепскіх умовах, нядрэнна харчаваліся. У шарашцы працавалі ў свой час відныя фізікі-атамшчыкі, ракетчыкі і многія іншыя спецыялісты. Пабываў там і А. Салжаніцын, які пасля жыццё бяспраўных насельнікаў «шарашкі Марфіна» адлюстраваў y славутым рамане «У крузе першым».

  1. Яблык разладу. Прычына сваркі, спрэчак.

Склалася на аснове грэч. міфа пра багіню разладу Эрыду. Пакрыўджаная за тое, што яе не запрасілі на вяселле фесалійскага цара Пелея і багіні Фетыды, Эрыда падкінула гасцям залаты яблык з надпісам: «Найпрыгажэйшай». Паміж багінямі Герай, Афінай і Афрадытай пачалася спрэчка: кожная лічыла сябе найпрыгажэйшай. Траянскі царэвіч Парыс, якому даверылі вырашыць сварку, аддаў яблык Афрадыце. Удзячная, яна дапамагла Парысу ўкрасці Алену — жонку спартанскага цара Менелая. A гэта стала прычынай дзесяцігадовай Траянскай вайны.

  1. Як асінавы ліст калаціцца, дрыжаць, трымцець. Вельмі моцна (калаціцца — часцей ад страху).

Узнікненне фразеалагізма звязваюць з павер’ем пра асіну як праклятае дрэва: евангельскі здраднік Юда пасля раскаяння нібыта сам павесіўся на асінавым суку, з таго часу асінавыя лісты асуджаны на вечнае трымценне.

  1. Як Заблоцкі на мыле зарабіць, выручыць, выгадаць і пад. Зусім нічога, ніколькі ці амаль нічога, амаль ніколькі не (зарабіць і інш.).

Узнікненне фразеалагізма звязваецца з легендай: купец Заблоцкі, каб не плаціць пошліны, вырашыў правезці кантрабандай мыла, вымененае за граніцай на жыта, і схаваў яго на дне судна, дзе яно размокла.

  1. Як укопаны. Ужываецца са словам стаяць і абазначае ‘нерухома’.

Этымалагічнай асновай фразеалагізма было пакаранне ў Расіі XVII ст. — закопванне жывых у зямлю. Злачынца, абвінавачанага ў забойстве, ставілі ў яму і закопвалі да самай галавы.

  1. Як фенікс з попелу. Ужыв. як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння.

Склаўся на аснове міфа, які ўзнік y старажытнай Аравіі і быў вядомы таксама егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.

 

Фразеалагізмы як часткі прыказак ці прымавак

1 Абое рабое. Адны не лепшыя за другіх, адзін не лепшы за другога.
Выраз з’яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя “Абое рабое, паеў воўк абое”.

2. Абрастаць (абрасці) мохам. Ужыв. са значэннямі ‘станавіцца багацейшым, разжывацца’ і ‘адставаць ад жыцця, духоўна апускацца’.
Паходзіць з прыказкі “На адным месцы і камень мохам абрастае “ і сваім першым значэннем знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘жывучы на адным месцы, чалавек разжываецца, становіцца багацейшым’.

3. Абяцанка-цацанка. Ненадзейнае ці нездзяйсняльнае абяцанне.
Паходзіць з прыказкі “Абяцанка-цацанка, а дурню радасць”.Скарачэнне прыказкі адлюстроўвае адзін з жывых працэсаў і часткова вытлумачваецца стылістычным недагаворваннем, тактычным замоўчваннем.

4. Адальюцца слёзы каму, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. паплаціцца за прычыненае каму-н. зло, крыўду.
Паходзіць з прыказкі “Адальюцца воўку авечыя слёзы”.

5. Ад дошкі да дошкі. Ад пачатку да канца, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць і пад.).
У «Зборніку беларускіх прыказак» выраз фіксуецца ў форме ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі і тлумачыцца як ‘насмешка з хлопчыкаў, якія хваляцца ўменнем чытаць’.

6. Адрэзаная луста (скібка, кавалак). Абазначае ‘чалавек, аддзелены ад сям’і’ і ‘чалавек, які парваў сувязь з чымсьці прывычным’.
Выток фразеалагізма — прыказка “Адрэзанае лусты не прылепіш”, якая першапачаткова ўжывалася, калі гаворка ішла пра аддадзеную замуж дачку.

7. Араць дарогі(-у). Уласна бел. Гаварыць ці рабіць якое-н. глупства.
З прыказкі “Каб свінні рогі, арала б дарогі”.

8. Ваду ў ступе таўчы. Ужываецца са значэннямі ‘марнаваць час, займацца бескарыснай справай’ і ‘весці пустыя размовы, пустасловіць’.
Паводле паходжання гэта першая частка прыказкі “Ваду ў ступе таўчы — вада і будзе”.

9. Вазіць ваду на кім. Агульны для ўсходнесл. м. Абцяжарваць каго-н. непасільнай, зневажальнай работай.
Паходзіць з прыказкі “На сярдзітых ваду возяць”.

10. Вольнаму воля. Перадае значэнне ‘як сабе хочаш’, калі гавораць пра таго ці таму, хто не прымае чыіхсьці парад.
Узнік з прыказкі “Вольнаму воля, шалёнаму поле” і існуе як яе скарочаны варыянт з тым жа значэннем.

11. Гнацца (пагнацца) за двума зайцамі. Брацца адразу за некалькі спраў.
Паходзіць з прыказкі “За двума зайцамі пагонішся, ніводнога не зловіш” і знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘калі возьмешся адразу за некалькі спраў, не даб’ешся вынікаў ні ў адной’.

12. Гром грымнуў. Узнікла небяспека, пагроза; здарылася бяда.
Паходзіць з прыказкі “Пакуль гром не грымне (не загрыміць), мужык не перахрысціцца”, сэнс якой — ‘пакуль не здарыцца непрыемнасць, бяда, бестурботны чалавек не думае пра гэта’.

13. Губа не дура ў каго. Хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае.
Паходзіць з прыказкі Губа не дура: знае, што прымае.

14. Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек.
Выраз з’яўляецца часткай прыказкі “Усе бабры дабры, адна выдра ліхая”.

15. Дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя. Загадзя размяркоўваць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццёўленага.
Склаўся на аснове прыказкі, вядомай многім народам у блізкіх разнавіднасцях: Не забіўшы мядзведзя, шкуры не прадавай (руск.).

16. Другая натура. Арганічная патрэба, унутраная схільнасць, істотная рыса каго-н.
«Абломак» прыказкі “Прывычка — другая натура”.

17. Журавéль у небе. Аддаленая будучыня, нешта няпэўнае.
Паходзіць з прыказкі “Лепш сініцаў руках, чым журавель у небе”, якая абазначае ‘лепш мець што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на большае і лепшае ў аддаленай будучыні’.

18. Забіваць (забіць) двух зайцаў. Дабівацца адначасовага ажыццяулення дзвюх мэт.
Узнік на вобразнай аснове прыказкі “За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш” як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.

19. За гуж узяцца. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе.
Паводле паходжання гэта «абломак», першая частка прыказкі “Узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж”, якая абазначае ‘калі ўзяўся за якую-н. справу, не адмаўляйся, спасылаючыся на цяжкасці яе выканання’.

20. Заднім розумам моцны. Няздольны своечасова прыняць патрэбнае рашэнне.
Паходзіць з прыказкі “Мужык задним умом крепок”

21. Закідваць (закінуць) наперад. Уласна бел. Рабіць які-н.прадбачлівы, апераджальны ход з надзеяй мець потым ад гэтага пэўную карысць для сябе.
Паходзіць з прыказкі “Кінь (закінь) наперад — знойдзеш ззаду”, якая мае сэнс ‘калі зробіш каму-н. ласку, то і табе адплацяць тым самым’.

22. Закон(-ы) не пісаны каму, для каго. Хто-н. не лічыцца з агульнапрынятымі правіламі, нормамі паводзін.
Выраз паходзіць з прыказкі “Дурному закон не пісан”, у складзе якой меў тое ж значэнне.

23. За саломінку ўхапіцца. Шукаючы выйсця, паспрабаваць выратавацца хоць якім, хоць і ненадзейным спосабам.
Паводле паходжання гэта другая частка прыказкі “Хто топіцца — за саломінку ўхопіцца”.

24. З’есці пуд солі з кім. Доўга пражыць разам.
Фрагмент прыказкі “Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці”.

25. З міру па нітцы збіраць, сабраць. Ад усіх патроху.
Паходзіць з прыказкі “З міру па нітцы — голаму сарочка”.

26. З царом у галаве. Вельмі разумны, кемлівы.
Узнік на аснове прыказкі “Свой ум — царь в голове”.

27. I кнігі ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У кагосьці ёсць усе падставы, вялікія магчымасці зрабіць, выканаць што-н.
Узнік з прыказкі “Пісьменнаму і кнігі ў рукі”.

28. I нашым і вашым. Ужыв. са значэннем ‘адначасова і адным і другім’, адмоўна характарызуючы паводзіны чалавека, які служыць, дагаджае двум розным па поглядах бакам.
Выраз паводле паходжання з’яўляецца часткай прыказкі “И нашим и вашим за копейку спляшем”.

29. Калоць вочы каму. Абазначае ‘быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць’ і ‘моцна папікаць, сароміць каго-н.’.
Выраз паходзіць з прыказкі “Праўда вочы коле”.

30. Капаць яму каму, пад каго, для каго. Рабіць зло, шкодзіць, рыхтаваць вялікую непрыемнасць каму-н.

Паходзіць з прыказкі Не капай другому яму, сам увалішся.

31. Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе.
Крыніцай фразеалагізма стала прыказка “Крывое кола на сябе гразь (бруд, балота) кідае”.

32. Куку ў руку. Абазначае ‘хабар, звычайна грашовы’.
Склаўся, відаць, на аснове прыказкі “Схавай тры грошы ў руку на куку”; узнікненне прыказкі звязвалі са старажытным павер’ем. Прыметай вясны было з’яўленне зязюлі ў лясах, і, каб шчасце падарожнічала чалавеку ўвесь год, трэба было, пачуўшы першае «куку», зазвінець мапетамі ў кішэні ці ў руцэ. На куку або на зязюльку стала абазначаць ‘грошы, прызапашаныя на шчасце’.

33. Кусаць <сабе> локці. Перажываць, шкадаваць з прычыны чагосьці няздзейсненага, непапраўна страчанага.
Узнік на аснове прыказкі “Блізка локаць, ды не ўкусіш”.

34. Лезці са сваім статутам у чужы манастыр. Умешвацца ў чужыя справы, навязваючы каму-н. свае рашэнні.
Паходзіць з прыказкі “У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць”. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў.

35. Ліслівае (ласкавае) цяля. Спрытны, дагодлівы чалавек, які ўмее пакарыстацца абставінамі.
Узнік з прыказкі “Ліслівае (ласкавае) цяля дзвюх матак ссе”.

36. На мякіне не правядзеш каго. Не перахітруеш, не абдурыш, не ашукаеш.
Паходзіць з прыказкі “Старога вераб’я на мякіне не правядзеш”.

37. Неба капціць. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых.
Узнік з прыказкі “Без працы жыць — толькі неба капціць”.

38. Ні села ні пала. Неспадзявана, нечакана.
Страчаная вобразнасць фразеалагізма ўзнаўляецца, калі мець на ўвазе, што ён утварыўся з прыказкі “Ні села ні пала, захацела баба сала ў выніку яе скарачэння”.

39. Ногі кормяць каго. Чыя-н. плённая праца патрабуе бегатні, амаль сталага знаходжання ў руху.
Паходзіць з прыказкі “Ваўка (воўка) ногі кормяць”, якая абазначае ‘каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, a не сядзець на адным месцы’.

40. Пальца ў рот не кладзі каму. Хто-н. такі, што з ім трэба быць асцярожным.
Узнік y выніку скарачэння прыказкі “Не кладзі сабаку пальца ў рот, бо адкусіць”.

41. Паспееш з козамі на торг. Няма чаго спяшацца, не спяшайся.
Гэта «абломак», першая частка прыказкі Паспееш з козамі на торг: і коз прадасі, і грошы праясі.

42. Прыйдзе коза да воза. Выкарыстоўваецца як выказванне пагрозы, папярэджання ці прароцтва, што хтосьці некалі адумаецца, пакаецца, звернецца з просьбай.
Паходзіць з прыказкі “Прыйдзе коза да воза, ды не будзе сена”.

43. Пужаная варона. Залішне асцярожны чалавек, які з-за перажытых выпрабаванняў баіцца нават таго, што не пагражае яму небяспекай.
Паходзіць з прыказкі “Пужаная варона куста баіцца”.

44. Ранняя птушка. Дбайны чалавек, які рана ўстае, раней за іншых прыходзіць куды-н.
Выток фразеалагізма — прыказка “Ранняя птушка зубкі цярэбіць, a позняя вочкі працірае”.

45. Раса вочы выядае каму. Уласна бел. Хто-н. нешчаслівы, жыве ў горы, нядолі.
Паходзіць з прыказкі “Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць”.

46. Сабака на сене. Чалавек, які сам не карыстаецца і іншым не дае карыстацца чымсьці.
Крыніца фразеалагізма — прыказка “Сабака на сене ляжыць, сам не есць і другім не дае”.

47. Сабаку з’еў на чым, y чым. Mae вялікі вопыт, навык у чымсьці.
Паходзіць з прыказкі “Сабаку з’еў, a хвастом удавіўся” (падаецца ў слоўніку УДаля) Яна ўжывалася ў XIX ст., калі гаворка ішла пра вопытнага майстра, які выканаў штосьці вельмі цяжкае, a на дробязі спатыкнуўся.

48. Стары верабей. Вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек.
Узнік з прыказкі “Старога вераб’я на мякіне не правядзеш”.

49. Сыр-бор. Шум, неразбярыха, перапалох.
Паходзіць з прыказкі “Ад іскры сыр-бор загарэўся”.

50. Трапіць (папасціся, улезці) y нерат. Уласна бел. Апынуцца ў безвыходным, непрыемным ці няёмкім становішчы.
Узнік з прыказкі “Трапіў y нерат — ні ўзад ні ўперад”.

51. Тры корабы нагаварыць, наплесці і пад. Вельмі многа і абы-чаго.
Паходзіць з прыказкі “Приехала баба из города, привезла вестей с три короба”.

52. У лес глядзець. Мець намер вярнуцца да ранейшага, прывычнага, свайго.
Утварыўся з прыказкі “Як ваўка ні кармі, a ён усё ў лес глядзіць”.

53. Цягнуць ваду на сваё кола. Уласна бел. Рабіць усё на сваю карысць, служыць выключна асабістым інтарэсам, не клапоцячыся аб іншых.
Паходзіць з прыказкі “Усякі чорт на сваё кола ваду цягне”.

54. Чорт дзяцей калыша каму. Каму-н. вельмі шанцуе.
Паходзіць з прыказкі “Багатаму чорт дзяцей калыша <а беднаму з калыскі выкідае>”.

55. Язык без касці (касцей) у каго. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе.
Паходзіць з прыказкі “Язык без касці: што хочаш пляшчы”.

56. Як гарох пры дарозе. Ужыв. са значэннямі: 1) ненадзейна, трывожна, неспакойна, 2) адзінока і без дагляду (расці, заставацца, жыць і пад.).
Прыказка: “Жыву, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той скубе”.

57. Як нітка за іголкай. Уласна бел. Неразлучна (ісці, цягнуцца і пад.)
Утварыўся на вобразнай аснове прыказкі “Куды іголка, туды і нітка”, якой характарызуюць непарыўныя сувязі паміж кім-н.

58. Як чорт панёс каго, што. Уласна бел. Хто-н. ці што-н. вельмі хутка памчаўся (памчалася).
Паходзіць з прыказкі “Баба з калёс, a калёсы як чорт панёс”.