Фразеалагізмы з літаратурных крыніц

- Апошні з магікан. Прадстаўнік якога-н. тыпу, што знікае.
Выраз з аднайменнага рамана (1826) Ф. Купера. Магікане — вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У рамане расказваецца пра цяжкую долю апошняга прадстаўніка гэтага племя, вынішчанага еўрапейскімі каланізатарамі.
- Асадзі назад! Уласна бел. Прэч (як патрабаванне пазбавіцца ад каго- ці чаго-н.).
Крылаты выраз з аднайменнага верша Я. Коласа. Выраз як рэфрэн паўтараецца ў вершы амаль ва ўсіх строфах:
Дрэнна маё жыцце,
Усё ідзе не ў лад.
I крычаць мне ўсюды:
«Асадзі назад!»
- Баль у часе чумы. Вясёлае бестурботнае існаванне каго-н. у бядотную для іншых часіну.
Паходзіць ад назвы драматычных сцэн (1830) А. С. Пушкіна, сюжэтнай асновай для якіх паслужыла сцэна з паэмы англійскага паэта Дж. Вільсана «Чумны горад» (1816), дзе апісваецца лонданская чума 1665 г.
- Без руля (стырна) і ветразяў. (без руля и без ветрил). Ужыв. са значэннямі ‘без акрэсленага накірунку (жыць, рухацца і пад.)’ і ‘без яснай, дакладнай жыццёвай мэты’.
Паходзіць з паэмы М. Ю. Лермантава «Демон» (1834), дзе спалучэнне без руля и без ветрил не было яшчэ фразеалагізмам з яго сучаснымі значэннямі: «На воздушном океане без руля и без ветрил тихо плавают в тумане хоры стройные светил».
- Браты нашы меншыя. Звяры (свойскія ці прыручаныя чалавекам).
Паходзіць з верша С. Ясеніна «Мы теперь уходим понемногу…» (1924), дзе ёсць радкі: «И зверьё, как братьев наших меньших, никогда не бил по голове».
- Варона ў паўлінавых пёрах. Чалавек, які марна імкнецца паказаць сябе лепшым, больш значным, чым ён ёсць на самай справе.
Склаўся на аснове байкі І. А. Крылова «Варона» (1825).Уставіўшы сабе ў хвост паўлінавыя пёры, варона фанабэрыста пайшла гуляць з павамі, мяркуючы, што цяпер усе будуць глядзець на яе, як на дзіва. Атрымаўся, аднак, непрадбачаны канфуз.
- Ваяваць (змагацца) з ветракамі. Дарэмна траціць сілы ў барацьбе з уяўнай небяспекай ці несапраўднымі цяжкасцямі.
Склаўся на аснове аднаго з эпізодаў рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615), дзе галоўны герой змагаецца з ветракамі, палічыўшы іх за злых веліканаў.
- Воз і цяпер там. Ужыв. у ролі другой часткі складаназлучанага сказа з супраціўнымі адносінамі і абазначае ‘справа ніколькі не рухаецца ўперад’.
Выраз з байкі І. А. Крылова «Лебедзь, Шчупак і Рак» (1814). У ёй расказваецца, як Лебедзь, Рак і Шчупак разам узяліся везці воз, але Лебедзь цягнуў яго ў неба, Шчупак — у раку, а Рак адыходзіў назад. Як ні стараліся яны, «ды толькі воз і цяпер там».
- Выдраць лысаму валасы (валоссе). Уласна бел. Зрабіць ці, выхваляючыся, мець намер зрабіць што-н. недарэчнае.
Выраз з паэмы К. Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос» (1930).
- Высцебаць самога сябе. Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе.
Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову, прыняўшы яго за рэвізора: «Унтэр-афіцэрша нахлусіла вам, быццам бы я яе высцебаў; яна лжэ, дальбог, ілжэ. Яна сама сябе высцебала».
- Вясельны генерал. Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі.
Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!»
- Голы кароль. Пасрэдны чалавек з прэтэнзіяй на аўтарытэт ці з перабольшаным аўтарытэтам.
Крылаты выраз з казкі Х. К. Андэрсена «Новае ўбранне караля» (1837). У ёй расказваецца, як два ашуканцы ўзяліся адзенне каралю, а фактычна падманулі.
- Вернемся да нашых бараноў. (Вернемся) да асноўнай тэмы, да прадмета гаворкі.
Паходзіць з фарса «Адвакат П’ер Патлен» (1470). На судзе багаты суконшчык, у якога пастух украў бараноў і авечак, пачынае, забываючы пра сутнасць распачатай ім судовай справы супраць пастуха, папракаць пастуховага адваката Патлена, які не заплаціў яму да гэтага часу за шэсць локцяў сукна. Суддзя мусіў перапыніць суконшчыка словамі: «Вернемся да нашых бараноў”.
- Дзірка ад абаранка. Зусім нічога.
Стваральнік выразу — У. У. Маякоўскі. У яго «Містэрыі Буф» (1918) чытаем: «Чего канителитесь? Обещали и делим поровну: одному бублик, другому — дырка от бублика”.
- Дзям’янава юшка. Тое, што назойліва прапануецца каму-н. у вялікай колькасці.
Выраз з аднайменнай байкі (1813) І. А. Крылова, у якой расказваецца, як Дзям’ян так частаваў юшкай суседа Фоку, што той мусіў уцячы і пасля гэтага «да Дзям’яна ні нагой».
- Дражніць гусей. Злаваць каго-н., выклікаць злосць.
Крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Гусі» (1811). У ёй гаворыцца, як гусі, якіх селянін гнаў у горад прадаваць і «не вельмі ветлівы быў» з імі, раззлаваліся і сталі наракаць.
- Ездзіць па левым баку. Уласна бел. Парушаць нормы літаратурнай мовы.
Крылаты выраз з артыкула К. Крапівы «Ці будзем мы ездзіць па левым баку?» (1973). I ў загалоўку, і ў тэксце артыкула словазлучэнне ўжыта з метафарычным, пераносным значэннем. Падаецца і аснова пераасэнсавання — супастаўленне з правіламі дарожнага руху (у прыватнасці, такога правіла, як «трымайся правага боку»).
- Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах у каго. Хто-н. мае сілу, энергію, каб зрабіць, здзейсніць што-н.
Крылаты выраз з аповесці М. В. Гогаля «Тарас Бульба». У час бітвы з непрыяцелем Тарас тройчы звяртаецца да казакоў: «Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці не гнуцца казакі?» I чуе іх адказ: «Ёсць яшчэ, бацька, порах у парахаўніцах. Не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ не гнуцца казакі!»
- Жаба ў каляіне. Уласна бел. Нікчэмнасць, асуджаная на пагібель
Выраз з аднайменнай байкі (1927) К. Крапівы, у якой гаворыцца, як жаба, сеўшы ў каляіну, рашыла перавярнуць воз.Але: «Тут колам — хрась! I кроў і гразь… Пад кола, жаба, не падлазь».
- Залатая сярэдзіна. Ужыв. са значэннямі: 1) прамежкавае становішча, 2) спосаб паводзін, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкоўных рашэнняў.
Аўтар крылатага выразу — старажытнарымскі паэт Гарацый (65 — 8 гг. да н. э.), які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’.
- За прыгожыя вочы. Бескарысліва, дарэмна, толькі з-за сімпатыі да каго-н. (рабіць што-н.).
Выраз з камедыі Мальера «Манерніцы» (1660). Паклоннікі, адхіленыя манерніцамі, яшчэ раз вяртаюцца да іх і знаходзяць там сваіх слуг, якія, пераапрануўшыся, выдалі сябе за маркіза і віконта. Слугі выкрыты. Звяртаючыся да манерніц, адзін з паклоннікаў гаворыць: «Калі вы пакахаеце іх, то гэта сапраўды будзе за іх прыгожыя вочы».
- 21. З карабля на баль. Спалучаецца з дзеясловамі пападаць, прыязджаць, трапіць і ўжываецца, калі кажуць пра неспадзяваную змену абставін, са значэннем ‘з дарогі на нечаканы занятак’:
Крылаты выраз з рамана А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін». Герой рамана пасля падарожжа прыехаў у сталіцу і трапіў, «як Чацкі, з карабля на баль».
- Змяю гадаваць на сваіх грудзях. Клапаціцца пра чалавека, які пасля адплачвае няўдзячнасцю.
Фразеалагізм склаўся на аснове байкі Эзопа «Селянін і Змяя»: селянін падабраў скарчанелую змяю і паклаў за пазуху, а тая, адагрэўшыся, укусіла яго.
- Кветкі з чужых палёў. Уласна бел. Запазычаныя з іншых прац матывы, вобразы, думкі і іх выражэнне.
Паходзіць ад назвы зборніка (1928) Ю. Гаўрука, куды ўвайшлі пераклады з твораў англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай і польскай паэзіі. Намёк на перакладчыка і яго зборнік знаходзім у паэме К Крапівы «Хвядос — Чырвоны нос»: «Пра яго яшчэ трапалі, што ён жыў „з чужых палёў“, а сваё было ў папары».
- Ківаць на Пятра. Выраз абазначае ‘звальваць віну на іншага’.
Крылаты выраз з байкі І. А. Крылова «Люстэрка і Малпа», у маралі якой гаворыцца:
Што Клімыч рукі грэць умее, — людзі знаюць;
Пра хабар Клімычу чытаюць,
А ён украдкаю ківае на Пятра.
- Кінуць косць каму. Даць зачэпку для спрэчак, сваркі.
Выраз паходзіць з байкі І. А. Крылова «Сабачая дружба». У байцы гаворыцца, як Палкан і Барбос кляліся адзін аднаму ў вечнай дружбе:
Прэч сваркі, зайздрасць, злосць!
Тут повар на бяду ім з кухні кінуў косць.
- Лавіць рыбку ў каламутнай вадзе. Карысліва карыстацца якімі-н. цяжкасцямі.
Выраз склаўся на аснове адной з баек Эзопа. У байцы расказваецца, як хітры рыбак, ускаламуціўшы ваду, ловіць у ёй рыбу, якая сама ўсплывае наверх.
- Людзьмі звацца. Быць свабоднымі, незалежнымі, шчаслівымі.
Крылаты выраз з верша Я. Купалы «А хто там ідзе?»:
А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.
- Ля разбітага карыта. Ужываецца са значэннем ‘ні з чым, страціўшы ўвесь ранейшы набытак’:
Крылаты выраз з «Казкі пра рыбака і рыбку» (1835) А. С. Пушкіна.
- Мёртвыя душы. Неіснуючыя асобы, якія толькі фіктыўна лічацца дзе-н.
Выраз з аднайменнай паэмы (1842) М. В. Гогаля. Галоўны герой паэмы Чычыкаў са спекуляцыйнай мэтай скуплівае ў памешчыкаў «мёртвыя душы» — прыгонных сялян-нябожчыкаў, якія па дакументах яшчэ лічыліся жывымі.
- На задніх лапках хадзіць перад кім. Прыслугоўваць, лісліва дагаджаць каму-н.
Паходзіць з байкі І. А. Крылова „Два сабакі“, дзе спачатку выкарыстаны як свабоднае словазлучэнне (гаворыцца пра сабаку, які ў прамым сэнсе можа хадзіць на задніх лапках).
Так шчасце многія y тым знаходзяць,
Што ўсё жыццё на задніх лапках ходзяць!
- Настаўляць (наставіць) акуляры каму. Уласна бел. Уводзіць у зман, паказваючы што-н. y фальшывым, скажоным, але выгадным для сябе выглядзе.
Фразеалагізаваны крылаты выраз з камедыі К. Крапівы „Хто смяецца апошнім“ (1939): „[Гарлахвацкі—адзін: ] Правяральшчык знайшоўся! Я, брат, такія акуляры настаўлю, што табе і чорнае белым пакажацца“.
- Наступаць (наступіць) на граблі. Рабіць непрадуманы крок з мажлівымі непрыемнымі наступствамі для таго, хто гэта робіць.
Крылаты выраз з байкі Л. Талстога „Вучоны сын“ (1872).
- Неба ў алмазах. Штосьці жаданае, прыемнае (убачыць, пабачыць).
Выраз з п’есы А. П. Чэхава „Дзядзька Ваня“ (1897). Ужыты ў рэпліцы Соні, якая, суцяшаючы змучанага жыццём дзядзьку Ваню, верыць, што яны яшчэ ўбачаць „усё неба ў алмазах“.
- He на той вуліцы. Не так, як трэба (жыць, пражыць).
Выраз з п’есы М. Горкага „Ягор Булычоў і іншыя“ (1932). Галоўны персанаж п’есы, нарэшце, зразумеў, што ён жыў „не на той вуліцы“, што яму не па дарозе з тымі, з кім шмат гадоў пражыў y адным доме, з людзьмі, гатовымі накінуцца адзін на аднаго.
- Не па днях, a па гадзінах. Вельмі хутка (расці, развівацца, павялічвацца і пад.).
Выраз з „Казкі пра цара Салтана“ (1831) А. С. Пушкіна.Размова ідзе пра малога царэвіча. Яго пасадзілі ў бочку, засмалілі яе і кінулі ў мора. Царэвіч там расце не па днях, a па гадзінах і хутка выратоўваецца.
- 36. Ні бэ ні мя. Зусім нічога не разумець, не разбірацца ў чымсьці.
Крылаты выраз з байкі К. Крапівы «Дыпламаваны Баран», мараль якой: «Другі баран — ні „бэ“, ні „мя“, A любіць гучнае імя».
- Ні жывы ні мёртвы. У стане вялікага страху, знямення; страшэнна спалоханы.
Упершыню выкарыстаны ў камедыі «Грубіян» Плаўта (каля 254–184 да н. э.).
- Падкаваць блыху. Паказаць, праявіць надзвычайную вынаходлівасць у якой-н. справе.
Выраз з апавядання М. С. Ляскова «Ляўша» (1881), дзе расказваецца, як тульскі майстар Ляўша змог падкаваць маленькую металічную блыху, якую англічане падарылі рускаму цару, каб паказаць сваё адмысловае ўменне.
- Пайшла пісаць губерня. Выкарыстоўваецца з іранічнай афарбоўкай, калі кажуць пра інтэнсіўнае разгортванне якіх-н. дзеянняў, пра пачатак перапалоху, розных плётак і г.д.
Крылаты выраз з паэмы М. В. Гогаля «Мёртвыя душы». Назіраючы на балі ў губернатара, як дамы і чыноўнікі падняліся і панесліся ў хуткім танцы, Чычыкаў усклікнуў: «Вона! пошла писать губерния!»
- Пальма першынства. Перавага над іншымі, першае месца.
Этымалагічнай асновай выразу з’яўляецца звычай старажытных грэкаў узнагароджваць пальмавай галінкай — сімвалам найвышэйшай славы — пераможцаў на алімпійскіх гульнях ці іншых спаборніцтвах.
- Пасаліўшы есці можна. Уласна бел. Ні кепскі і ні добры, пасрэдны.
І.І.Насовіч звязвае этымалогію фразеалагізма з народным апавяданнем. Малады муж прыйшоў з працы і, калі маці падала яму есці, сказаў са злосцю: «Хто варыў, вочы б яму заліў». — «Ды гэта ж жонка твая», — адказала маці. «Ат! — стрымана заўважыў сын, — пасаліўшы есці можна».
- Ружовы туман. Уласна бел. Стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці.
Паходзіць з назвы апавядання (1995) В. Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ужо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, y тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, «можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка».
- Рыльца ў пушку ў каго. Хтосьці мае дачыненне да чаго-н. нядобрага, заганнага.
Аўтар крылатага выразу — І.А. Крылоў. У яго байцы «Лісіца і Сурок» выраз выкарыстаны двойчы.
- Рыцар журботнага вобраза. Наіўны, бясплённы летуценнік.
Выраз з рамана Сервантэса «Дон Кіхот» (1615). Так аднойчы называе пабітага, пацярпелага, упрыгожанага сінякамі Дон Кіхота яго збраяносец Санча Панса.
- Свінтус грандыёзус. Уласна бел. Ганебны чалавек, нахабнік, невук.
Выраз з камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (1939), дзе ён спачатку ўжыты для абазначэння вялізнай дапатопнай жывёліны з жабрамі, «адкрытай» ілжэвучоным Гарлахвацкім, a пасля пераносна — y дачыненні да таго ж Гарлахвацкага — невука і прайдзісвета.
- Сена на асфальце. Уласна бел. Гараджанін y першым пакаленні, ахоплены настальгіяй па роднай вёсцы.
Выраз з аднайменнага апавядання (1963) і назвы зборніка апавяданняў (1966) М. Стральцова.
- Сіняя птушка. Сімвал шчасця; тое, што ўвасабляе для каго-н. найвышэйшае шчасце.
Аўтар крылатага выразу — бельгійскі паэт і драматург М. Метэрлінк (пісаў на франц. м.). Вяршыня яго творчасці — паэтычная п’еса «Сіняя птушка» (1908). Сюжэт п’есы казачны, пабудаваны на прыгодах дзяцей дрывасека, якія шукаюць «сінюю птушку» — «таямніцу рэчаў і шчасця», але не знаходзяць яе.
- Скакаць пад дудку чыю. Пакарацца каму-н., выконваць яго волю.
Выраз склаўся на аснове байкі старажытнагрэчаскага байкапісца Эзопа «Рыбак і рыбы». Адзін рыбак іграннем на флейце хацеў прывабіць да сябе рыб, але яны не выйшлі з мора. Тады ён закінуў сетку. Улоў быў добры. Бачачы, як рыбы трапечуцца і падскокваюць, рыбак сказаў з дакорам: «О нягодныя! Хопіць. Калі я іграў, вы не скакалі пад маю флейту, a як перастаў, вы скачаце».
- Трышкаў кафтан (каптан). Непапраўнае становішча, сітуацыя, калі з ліквідацыяй адных недахопаў непазбежна ўзнікаюць другія.
Выраз з аднайменнай байкі (1815) І.А. Крылова. У ёй гаворыцца, як Трышка, каб палапіць прадзёртыя локці кафтана, абрэзаў рукавы, a каб надтачыць рукавы, абрэзаў полы і канчаткова сапсаваў свой кафтан. У баечнай маралі выраз ужыты ў іншасказальным значэнні; ён дастасаваны да асоб, якія, заблытаўшы свае справы, так іх папраўляюць, што ў выніку «ў трышкавым кафтане францяць».
- У рожкі з кім. Уласна бел. Уступаць у сутычку з кім-н.
Узнік на аснове фразеалагізма брацца ў рожкі з кім (гл.) y выніку апушчэння дзеяслоўнага кампанента. Першапачаткова (у 20-я гады) ужываўся толькі ў кантэксце ў рожкі са старымі ў мове маладых беларускіх літаратараў, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Маладняк», часам не прызнавалі літаратурных аўтарытэтаў, выступалі супраць старэйшых пісьменнікаў. «Сярод маладнякоўцаў нават хадзячы лозунг бытаваў: „У рожкі са старымі“.
- Хварэць (захварэць) на пана. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘доўга спаць, вылежвацца’ і ‘весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычаі, імкненне да раскошы і пад.’
Выраз з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (1923). Ужыты ў такім кантэксце: «У будныя дні ўставалі рана: няма калі хварэць на пана».
- Круціцца як вавёрка ў коле. У пастаянных занятках, клопатах.
Выраз з байкі І.А. Крылова «Вавёрка» (1833). У ёй апісваецца, як вавёрка, знаходзячыся ў клетцы, увесь час круціць прымацаванае там рухомае кола, чапляючыся лапкамі за тонкія планкі, і нібы бесперапынна бяжыць.
- Як дзядзька ў Вільні. Разгублена, збянтэжана, непрывычна, ніякавата.
Выраз склаўся на аснове эпізодаў з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»).