Фразеалагізмы, якія прыйшлі з прафесій

- Абводзіць (абкручваць) вакол (кругом) пальца каго. Спрытна, хітра ашукваць, падманваць каго-н.
Паходзіць выраз ад жульніцтва базарных ілюзіяністаў. Фокуснік браў у гледачоў які-небудзь прадмет і абводзіў ім вакол пальца, адцягваючы іхнюю ўвагу, а ў гэты час фокуснікавы хаўруснікі ачышчалі кішэні гледачоў.
- Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці.
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з аблавай на ваўкоў.
- Агнём і мячом. 3 бязлітаснай лютасцю, гвалтоўна. Агнём і мячом хочуць вынішчыць яны ўсіх непакорных.
Першапачаткова ў старажытных грэчаскіх медыкаў выраз асацыіраваўся са сродкам залечвання, «знішчэння» ран выразаннем іх і прыпяканнем у адпаведнасці з формулай славутага Гіпакрата: «Чаго не можа вылечыць жалеза (меч, нож), тое вылечваецца агнём».
- Адводзіць (адвесці) вочы каму. Хітруючы, адцягваць увагу ад чаго-н.
Склаўся на аснове былога павер’я ў магічную сілу слова або пэўных дзеянняў, даступных ведзьмакам, знахарам, нібыта здольным знарок пераключыць чыю-небудзь увагу на што-небудзь іншае.
- Аддаць канцы. Ужыв. са значэннямі: 1) адвязаць канаты, трос або ланцуг, калі судна
адыходзіць ад прычала ў плаванне, 2) уцячы, 3) памерці.
Выраз сваім першым значэннем прыйшоў з прафесійнага маўлення маракоў, дзе замест афіцыйнага
аддаць швартовы кажуць і аддаць канцы (швартовы і канцы — ‘канаты’).
- Асёл маляваны. Уласна бел. Тупы, неразумны чалавек.
Фразеалагізм «ідзе ад вандроўных цыркаў, калі такога „ўдзельніка“ спектакля, як асёл, размалёўвалі, але гэта не змяняла характару, упартасці „цыркача“, асёл заставаўся аслом».
- Баш на баш. Рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.).
Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай. Баш — з цюркскіх м.: bаs ‘галава’. Літаральна: ‘галава за галаву’
- Без сучка і <без> задзірынкі. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі лёгка, добра, без перашкод і ўскладненняў (ісці, выходзіць і пад.)’ і ‘вельмі добры, без заган і недахопаў’.
Паходзіць з прафесійнай мовы сталяроў, дзе ён ужываўся, калі гаварылася пра драўляныя вырабы высокай якасці.
- Біць адбой. Адступаць, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння, погляду.
Паходзіць з ваеннай тэрміналогіі, дзе адбой першапачаткова абазначаў ‘барабанны бой ці іншы гукавы сігнал пра адступленне войска’, а біць адбой — ‘падаваць знак адступлення’.
- Біць пад дых каго. Уласна бел. Раптоўна ашаламляць якім-н. паведамленнем, дзеяннем, учынкам.
Склаўся ў выніку пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.
- Блытаць (зблытаць, пераблытаць) <усе> карты. Разладжваць, разбураць чые-н. планы, намеры, разлікі.
Узнік у выніку метафарычнага пераасэнсавання свабоднага словазлучэння з маўлення карцёжнікаў.
- Браць (узяць) быка за рогі. Смела, энергічна пачынаць з самага галоўнага.
Узнікненне фразеалагізма звязана з такім масавым відовішчам у Іспаніі, Партугаліі, як карыда — бой тарэадора з быком.
- Браць (узяць) на арапа каго. Дабівацца чаго-н. ашуканствам, хітрыкамі.
Выток фразеалагізма — маўлснне карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам.
- Браць (узяць) на буксір каго.Дапамагаць таму, хто адстае.
Паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое ўжывалася і ўжываецца ў маўленні маракоў, дзе буксірам называюць канат ці стальны трос, пры дапамозе якога адно судна можа цягнуць за сабой другое.
- Браць (узяць) на зыхер каго. Уласна бел. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н.
Паходзіць з жаргону арыштантаў. Адно са значэнняў слова sісhеr (у такім разе з клічнікам
на канцы) абазначае ‘абавязкова, безумоўна’.
- Браць (узяць) на мушку каго, што. Засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н.
Выток фразеалагізма — маўленне ваенных.
- Браць (узяць) на понт каго. Дзейнічаючы з апломбам, правакаваць каго-н., выклікаць разгубленасць з мэтай дабіцца чаго-н.
Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе понт атаясамліваецца з хітрыкамі, ашуканствам і, відаць, з’яўляецца запазычаннем з франц. м., у якой ропtе (чытаецца: понт) абазначае ‘панцёр’ і
‘уплывовая асоба’.
- Браць (узяць) на пушку каго. Дзейнічаючы хітрасцю, падманам, дабівацца чаго-н. ад каго-н.
Выраз са зладзейскага жаргону, дзе пушкай называюць рэвальвер.
- Бярозавая каша. Агульны для ўсходнесл. м. Розгі або дубец, рэмень і пад.
Як мяркуюць, выраз узнік у школьным асяроддзі. Раней у школах, дзе вучылі дзяцей грамаце, пераход да чытання новай кнігі і іншыя поспехі ў вучобе адзначаліся кашай: бацькі ў такіх выпадках прыносілі гаршчок кашы, якую ўсе вучні елі разам. Калі вучань правінавачваўся, яго каралі розгамі, як правіла,бярозавымі. Такое пакаранне сталі называць бярозавай кашай.
- Вешаць нос на квінту. Агульны для ўсходнесл. м. Даходзіць да адчаю, тужыць, маркоціцца.
Фразеалагізм узнік у асяроддзі музыкантаў. Вобраз, пакладзены ў аснову фразеалагізма, становіцца зразумелым, калі мець на ўвазе, што музычны тэрмін квінта абазначае найвышэйшую па тону скрыпічную струну, да якой, як да найбліжэйшай, скрыпач амаль што датыкаецца носам, іграючы на
інструменце і падтрымліваючы яго падбародкам.
- Вуха на вуха. Адно на другое, паслуга за паслугу, рэч за рэч, без даплаты (мяняць, абменьваць і пад.).
Паходзіць з жаргону гандляроў жывёлай.
- Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю. Ужыв. са значэннямі ‘траціць працаздольнасць ці баяздольнасць’ і ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’.
Утвораны на аснове адпаведнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.
- Вывесці на чыстую ваду каго. Выкрыць чые-н. цёмныя справы, нядобрыя ўчынкі.
Мяркуюць, што фразеалагізм паходзіць з мовы рыбакоў — са словазлучэння вывесці на чыстую ваду рыбу (калі яна, клюнуўшы, трапіла на вудачку). Узнікненне выразу звязваюць таксама са старажытным жорсткім звычаем выпрабавання «ведзьмакоў» вадой: падазронага кідалі ў раку, і калі ён усплываў, то лічыўся вінаватым, а калі тануў — несправядліва абвінавачаным.
- Выдаваць (выдаць) нагара што. Ужыв. са значэннямі ‘рабіць што-н., займацца чым-н.’, ‘даваць жыццё чаму-н., спараджаць што-н.’ і ‘ствараць у працэсе творчай дзейнасці’.
Утвораны на аснове тэрміналагічнага словазлучэння гарнякоў, у якім нагара абазначае ‘наверх, на паверхню зямлі’.
- Выклікаць агонь на сябе. Ужыв. са значэннямі: 1) знарок адцягваць увагу ворага на сябе замест іншых, 2) прымаць на сябе самае цяжкае, першаму трапляць у небяспеку.
Паходзіць з маўлення вайскоўцаў. У часе баявых дзеянняў іншы раз, каб выратаваць астатніх, даводзіцца знарок адцягваць увагу праціўніка на адзін аб’ект.
- Выпускаць (выпусціць) пару. Уласна бел. Узбуджана, як выбух раздражнення, рэагаваць на што-н. і пасля супакойвацца.
Відаць, выраз «паравознага паходжання». З дапамогай пары паравоз гудзеннем падае розныя сігналы.
- Высокай пробы. Ужываецца са значэннем ‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’, калі характарызуюць асобу ці прадмет.
Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; у іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць самай высокай, высокай або нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве.
- Выходзіць (выйсці) на арбіту. Станавіцца прыметным, вядомым, дабівацца больш высокага становішча ў жыцці.
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое з прамым значэннем выкарыстоўваецца ў галіне касманаўтыкі.
- Выходзіць (выйсці) у тыраж. Ужыв. са значэннямі ‘становячыся непрыгодным да чаго-н., канчаць ранейшую дзейнасць’ і ‘старэць, станавіцца непрыгодным для выкарыстання’.
Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.
- Да белага калення даводзіць (давесці). Да поўнага адчаю, да поўнай страты самавалодання.
Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое ў маўленні кавалёў ужываецца ў прамым значэнні. Метал перад коўкай ці плаўкай награваюць, у залежнасці ад тэмпературы ён становіцца спачатку чырвоным, а затым светлым (белым).
- Даваць (даць) газу каму. Прымушаць каго-н. быць больш энергічным.
Узнік у выніку пераасэнсавання састаўнога тэрміна, які ў маўленні шафёраў абазначае ‘паскараць рух машыны, павялічыўшы паступленне гаручага’.
- Даваць (даць; задаваць, задаць) тон <каму, чаму, у чым>.. Паказваць прыклад у чым-н., аказваць уплыў на ход падзей.
Склаўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні музыкантаў.
- Даваць (даць) задні ход. Адступаць ад раней сказанага, зробленага, адмаўляцца ад ранейшага намеру, рашэння.
Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні машыністаў-чыгуначнікаў або шафёраў ужываецца з прамым значэннем ‘ад’язджаць назад’.
- Даць пудла. Уласна бел. Памыліцца, схібіць.
Паходзіць з мовы паляўнічых, дзе пудла—‘няўдачны стрэл, промах’. Першапачатковае значэнне выразу — «спудлаваць, прамахнуцца, страляючы; толькі спудзіць (птушку ці звера)».
- Для мэблі. Зусім бескарысны, непатрэбны пры якой-н. справе або дзе-н.
Паходзіць з маўлення карцёжнікаў. Словам мэбля (мебель) карцёжнікі называлі хаўруснікаў шулера, якія не ведалі шулерскіх прыёмаў і ўдзельнічалі ў гульні для павелічэння колькасці партнёраў, калі іх было мала.
- Другое дыханне. Новыя сілы, прыліў энергіі, бадзёрасці (пасля стомы, апатыі, няўдачы і пад.).
Паходзіць з маўлення спартсменаў-бегуноў. У часе бегу на далёкія дыстанцыі ў здаровага чалавека пасля крайняй стомы нечакана адбываецца новы прыліў сілы, выраўноўваецца дыханне.
- Заганяць (загнаць) у тупік каго. Даводзіць да разгубленасці, збянтэжанасці.
Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння з маўлення чыгуначнікаў, дзе тупік абазначае ‘чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом’.
- Заставацца (застацца) за кадрам. (Заставацца) неадлюстраваным, непаказаным.
Паходзіць з маўлення кінарэжысёраў, дзе кадрам называюць асобны здымак або асобны эпізод у фільме.
- Закідваць (закінуць) вуду (вудачку). Асцярожна намякаць на што-н. з мэтай высвятлення абставін, выведвання чаго-н.
Паходзіць з маўлення рыбакоў. Рыбак закідвае вудачку, каб разведаць, ці будзе клёў.
- Закручваць (закруціць) гайкі каму. Павышаць патрабаванні да каго-н., узмацняць строгасць.
Паходзіць з маўлення механікаў. (гайкі закручваюць, каб механізм працаваў надзейна, бездакорна).
- Заліваць кулі каму. Бессаромна лгаць, расказваць няпраўдападобнае.
Выраз склаўся ў асяроддзі ліцейшчыкаў.
- Запраўляць арапа. Знарок уводзіць у зман, выдумваючы што-н.
Паходзіць з жаргону карцёжнікаў, дзе слова арап атаясамліваецца з ашуканствам, а выраз запраўляць арапа першапачаткова ўжываўся са значэннем ‘не заплаціць долі ўдзельнікам шулерскай гульні’.
- Збоку прыпёку. Абазначае ‘зусім непатрэбны, лішні, чужы’ і ‘зусім недарэчы, недарэчна (быць, аказацца, знаходзіцца дзе-н. і інш.)’.
Узнік у прафесійнай мове пекараў, дзе прыпёкай называюць тое лішняе, непатрэбнае, што прыліпла збоку да печыва пры выпяканні.
- Зводзіць (звесці) канцы з канцамі. Ужыв. са значэннямі ‘пераадольваючы перашкоды, узгадняць розныя бакі чаго-н., злучаючы іх у адно’ і ‘задавальняць жыццёвыя патрэбы, знаходзячы выйсце з цяжкага матэрыяльнага становішча’.
Узнік у маўленні рахункаводаў, дзе канцы асэнсоўваліся як «расход і прыход».
- Здымаць (знімаць, зняць) стружку з каго. Уздзейнічаць на каго-н., адчытваючы, моцна прабіраючы яго.
Паходзіць, відаць, з маўлення токараў, дзе здымаць стружку з загатоўкі абазначае ‘даводзіць дэталь да неабходных памераў’.
- З месца ў кар’ер. Адразу ж, без адцягвання.
Паходзіць з мовы кавалерыстаў, дзе словам кар’ер называюць самы хуткі бег каня і дзе спалучэнне з месцаў кар’ер, звычайна ўжываючыся з дзеясловам узяць, мае значэнне ‘адразу перайсці на галоп’.
- Зроблены на адзін капыл. Вельмі падобныя адзін да другога, аднолькавыя.
Паходзіць з маўлення шаўцоў: капыл — ‘кавалак з дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’.
- Зялёная вуліца. Свабодны шлях, без перашкод і затрымак.
Паходзіць з прафесійнай мовы чыгуначнікаў: калі трэба тэрмінова даставіць па чыгунцы важны груз, то поезду на працягу ўсяго яго руху адкрываюць зялёныя семафоры.
- Іграць першую скрыпку. Быць галоўным у якой-н. справе.
Прыйшоў з прафесійнай мовы музыкантаў, якія першай называюць скрыпку, што выконвае ў аркестры галоўную партыю.
- I след прастыў каго, чый. Хто-н. бясследна знік, схаваўся.
З лексікону паляўнічых, для якіх след можа прапасці ці прастыць і ў прамым значэнні гэтых слоў.
- Камар носа не падточыць (не падсуне). Нельга прыдрацца да чаго-н.
Першапачаткова выраз выкарыстоўваўся, як ацэнка такой сталярнай або цяслярскай работы, пры якой паміж шчыльна падагнанымі дошкамі ці бярвёнамі нельга прасунуць нават камарынага носа.
- Кідаць (кінуць) якар дзе. Спыняцца, уладкоўвацца дзе-н. на пастаяннае жыхарства.
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні маракоў.
- Класці (пакласці, палажыць) пад сукно што. Адкладваць рашэнне чаго-н. (справы, просьбы, заявы), пакідаць без увагі, без руху.
Узнікненне фразеалагізма звязана з традыцыямі даўнейшай судовай практыкі, калі тыя ці іншыя заявы, прашэнні знарок адкладваліся на доўгі час пад сукно, якім засцілаўся службовы стол чыноўніка.
- Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую. Ужыв. са значэннямі ‘паддацца на падман’ і ‘аказацца пад уздзеяннем чаго-н.’.
Узнік у выніку метафарызацыі свабоднага словазлучэння, якое ў маўленні рыбакоў ужываецца з прамым значэннем слоў.
- Круціць баранку. Працаваць шафёрам.
Паходзіць з маўлення шафёраў, дзе баранкай называюць рулявое кола ў аўтамабілі.
- Легчы (залегчы) на дно. Прытаіўшыся, не рабіць ніякіх дзеянняў.
Паходзіць з маўлення маракоў падводнага флоту.
- Мёртвая хватка. Здольнасць упарта дабівацца свайго.
Узнік y выніку метафарызацыі тэрміналагічнага словазлучэння, вядомага ў мове паляўнічых, дзе яно абазначае хватку ў сабак, пры якой сківіцы, сутаргава сціснуўшыся, доўгі час не могуць разамкнуцца.
- На кудыкіну гару. Ужыв. як уніклівы, няпэўны адказ на пытанне: „Куды ідзеш?“
Прыметнікавы кампанент “кудыкіну”, утвораны ад прыслоўя “куды”, па-за фразеалагізмам y літаратурнай мове не ўжываецца. Мяркуюць, што выраз узнік y асяроддзі паляўнічых. Ідучы на паляванне, яны, y адпаведнасці з павер’ем, ні ў якім разе не называлі месца, куды ідуць: іначай ім не пашанцуе.
- На поўную (усю) катушку. Ужыв. са значэннямі ‘вельмі строга (караць, штрафаваць і пад.)’, ‘па-сапраўднаму, як і трэба (рабіць што-н.)’ і ‘спаўна, як толькі можна (рабіць што-н.)’.
Паходзіць з жаргону зняволеных, дзе катушка асацыіруецца з тэрмінам асуджэння, зняволення каго-н.
- На ўсе коркі. Mae значэнне ‘вельмі моцна’.
Выраз паходзіць з мовы пекараў і ўжываўся спачатку ў поўнай форме “распекать на обе (на все) корки” (дзе корка адпавядае беларускаму скарынка).
- Ні грана. Зусім нічога (няма, не было, не знайсці і пад.).
Узнік, відаць, y маўленні аптэкараў. Гран — даўнейшая мера аптэкарскай вагі, роўная 0,062 грама.
- Ні пуху ні пяра. Ужыв. як шчырае пажаданне поспеху, удачы каму-н. y якой-н. справе.
Узнік y асяроддзі паляўнічых і гаварыўся перад адыходам на паляванне як пажаданне ўдачы, выказанае ў адмоўнай форме, што адлюстроўвала прымхлівыя ўяўленні, быццам пры прамым пажаданні (і пуху і пяра) можна сурочыць.
- Па гарачых слядах. Неадкладна, не марудзячы, непасрэдна пасля чаго-н.
Паходзіць з мовы паляўнічых, для якіх, калі яны гоняцца за зверам, сляды сапраўды могуць быць гарачымі, астылымі ці халоднымі, што асабліва відаць зімой.
- Пад заслону. У самым канцы (рабіць, зрабіць што-н.).
Паходзіць з маўлення акцёраў. Найбольш эфектныя сцэны нярэдка прыпадаюць на канец акта ці ўсёй п’есы перад тым, калі апускаецца заслона.
- Пачуццё (адчуванне) локця. Узаемная падтрымка.
Утвораны шляхам пераасэнсавання адпаведнага словазлучэння, якім y маўленні ваенных называюць уменне салдатаў падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі.
- Скідаць (скінуць) з рахунку каго, што. Не ўлічваць што-н.,пераставаць надаваць значэнне чаму-н.
Утварыўся ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні бухгалтараў, рахунковых работнікаў. Калі падлікі закончаны, то костачкі скідваюць з лічыльнікаў, паварочваючы рамку так, каб костачкі аказаліся справа.
- Спісваць (спісаць) y тыраж каго. Адхіляць каго-н., лічачы непрыдатным да якой-н. дзейнасці.
Паходзіць з аднайменнага тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.
- Трымаць руку на пульсе чаго. Быць у курсе падзей, сочачы за іх развіццём.
Утвораны на базе састаўнога медыцынскага тэрміна ў выніку яго пераноснага ўжывання.
- У абозе. Ззаду ўсіх (заставацца, плесціся, цягнуцца і пад.).
Паходзіць з маўлення ваенных. Вайсковы абоз як сукупнасць транспартных сродкаў знаходзіўся ззаду палка, дывізіі, замыкаў рух вайсковага злучэння.
- У ажуры. Абазначае ‘добра, паспяхова’ і ’добры, паспяховы, як і павінна быць’.
Узнік y мове рахунковых работнікаў, дзе словам ажур называюць такі стан рахункаводства, пры якім запісы ў бухгалтарскіх кнігах робяцца ў дзень правядзення аперацыі.
- Удар пад дых. Уласна бел. Раптоўная і балючая непрыемнасць для каго-, чаго-н.
Склаўся ў выніку пераасэнсаванкя адпаведнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні баксёраў.
- Ход канём. Спрытны, абходны манеўр.
Выраз узнік параўнальна нядаўна і ўвайшоў y літаратурны ўжытак з мовы шахматыстаў. Конь ходзіць не па прамой лініі ці дыяганалі, як іншыя фігуры, a літарай «Г», таму яго хады звычайна не чаканыя для праціўніка.
- Ціхай сапай. Цішком, потайкам і паступова рабіць што-н.
Выраз узнік y асяроддзі ваенных, дзе тэрмін сапа, запазычаны, як і роднаснае сапёр, з франц. м., абазначае ‘падкоп або роў y кірунку да непрыяцельскай пазіцыі’. Такія падземныя хады, звычайна для падрыву крапасных сцен, a таксама траншэі рабіліся непрыкметна, цішком. Ва ўзнікненні метафарычнага
зместу фразеалагізма семантыкаўтваральную ролю адыгрывае і эпітэт ціхай, што «прырос» да пераасэнсаванай формы сапай.
- Цуд(-а) y рэшаце. Штосьці незвычайнае, неверагоднае.
Паходзіць з прыказкі “Чудеса в решете: дыр много, a вылезть некуда”.
- Чыстай (самай чыстай) вады. Сапраўдны, несумненны, дакладны.
Узнік y выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якім ювеліры называюць зусім бясколерныя і празрыстыя, як чыстая вада, брыльянты, алмазы і іншыя каштоўныя камяні.
- Шыта (сшыта) белымі ніткамі. Ужыв. y ролі выказніка і азначэння, a таму развіў два суадносныя значэнні: 1) няўмела схавана, скрыта што-н., 2) няўмела, няўдала схаваны, скрыты.
Паходзіць, відаць, з маўлення краўцоў, якія адзенне для першай прымеркі толькі збольшага прыхопліваюць звычайна белымі ніткамі.
- Як (быццам, нібы) аршын праглынуў. Ненатуральна прама стаіць ці сядзіць.
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз, які мог узнікнуць у маўленні краўцоў ці гандляроў, дзе аршынам называлі лінейку, меру даўжыні, роўную 71,12 см.
- Як піліп з канапель. Зусім нечакана, знянацку, раптоўна (выскачыць, з’явіцца).
У польск. м. слова filip і сёння — другая, народная назва зайца. Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд іх цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў іх цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху і стрымгалоў выскокваў адтуль.