Фразеалагізмы як часткі прыказак ці прымавак

1 Абое рабое. Адны не лепшыя за другіх, адзін не лепшы за другога.
Выраз з’яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя “Абое рабое, паеў воўк абое”.
2. Абрастаць (абрасці) мохам. Ужыв. са значэннямі ‘станавіцца багацейшым, разжывацца’ і ‘адставаць ад жыцця, духоўна апускацца’.
Паходзіць з прыказкі “На адным месцы і камень мохам абрастае “ і сваім першым значэннем знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘жывучы на адным месцы, чалавек разжываецца, становіцца багацейшым’.
3. Абяцанка-цацанка. Ненадзейнае ці нездзяйсняльнае абяцанне.
Паходзіць з прыказкі “Абяцанка-цацанка, а дурню радасць”.Скарачэнне прыказкі адлюстроўвае адзін з жывых працэсаў і часткова вытлумачваецца стылістычным недагаворваннем, тактычным замоўчваннем.
4. Адальюцца слёзы каму, чые. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. паплаціцца за прычыненае каму-н. зло, крыўду.
Паходзіць з прыказкі “Адальюцца воўку авечыя слёзы”.
5. Ад дошкі да дошкі. Ад пачатку да канца, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць і пад.).
У «Зборніку беларускіх прыказак» выраз фіксуецца ў форме ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі і тлумачыцца як ‘насмешка з хлопчыкаў, якія хваляцца ўменнем чытаць’.
6. Адрэзаная луста (скібка, кавалак). Абазначае ‘чалавек, аддзелены ад сям’і’ і ‘чалавек, які парваў сувязь з чымсьці прывычным’.
Выток фразеалагізма — прыказка “Адрэзанае лусты не прылепіш”, якая першапачаткова ўжывалася, калі гаворка ішла пра аддадзеную замуж дачку.
7. Араць дарогі(-у). Уласна бел. Гаварыць ці рабіць якое-н. глупства.
З прыказкі “Каб свінні рогі, арала б дарогі”.
8. Ваду ў ступе таўчы. Ужываецца са значэннямі ‘марнаваць час, займацца бескарыснай справай’ і ‘весці пустыя размовы, пустасловіць’.
Паводле паходжання гэта першая частка прыказкі “Ваду ў ступе таўчы — вада і будзе”.
9. Вазіць ваду на кім. Агульны для ўсходнесл. м. Абцяжарваць каго-н. непасільнай, зневажальнай работай.
Паходзіць з прыказкі “На сярдзітых ваду возяць”.
10. Вольнаму воля. Перадае значэнне ‘як сабе хочаш’, калі гавораць пра таго ці таму, хто не прымае чыіхсьці парад.
Узнік з прыказкі “Вольнаму воля, шалёнаму поле” і існуе як яе скарочаны варыянт з тым жа значэннем.
11. Гнацца (пагнацца) за двума зайцамі. Брацца адразу за некалькі спраў.
Паходзіць з прыказкі “За двума зайцамі пагонішся, ніводнога не зловіш” і знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘калі возьмешся адразу за некалькі спраў, не даб’ешся вынікаў ні ў адной’.
12. Гром грымнуў. Узнікла небяспека, пагроза; здарылася бяда.
Паходзіць з прыказкі “Пакуль гром не грымне (не загрыміць), мужык не перахрысціцца”, сэнс якой — ‘пакуль не здарыцца непрыемнасць, бяда, бестурботны чалавек не думае пра гэта’.
13. Губа не дура ў каго. Хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае.
Паходзіць з прыказкі Губа не дура: знае, што прымае.
14. Дабры бабры. Уласна бел. Хітры, выкрутлівы чалавек.
Выраз з’яўляецца часткай прыказкі “Усе бабры дабры, адна выдра ліхая”.
15. Дзяліць шкуру (скуру) незабітага мядзведзя. Загадзя размяркоўваць прыбытак ад чагосьці яшчэ не ажыццёўленага.
Склаўся на аснове прыказкі, вядомай многім народам у блізкіх разнавіднасцях: Не забіўшы мядзведзя, шкуры не прадавай (руск.).
16. Другая натура. Арганічная патрэба, унутраная схільнасць, істотная рыса каго-н.
«Абломак» прыказкі “Прывычка — другая натура”.
17. Журавéль у небе. Аддаленая будучыня, нешта няпэўнае.
Паходзіць з прыказкі “Лепш сініцаў руках, чым журавель у небе”, якая абазначае ‘лепш мець што-н. пэўнае менавіта цяпер, чым спадзявацца на большае і лепшае ў аддаленай будучыні’.
18. Забіваць (забіць) двух зайцаў. Дабівацца адначасовага ажыццяулення дзвюх мэт.
Узнік на вобразнай аснове прыказкі “За двума зайцамі пагонішся, ніводнага не зловіш” як бы насуперак значэнню яе літаральнага плана.
19. За гуж узяцца. Пачаць якую-н. справу, лічачы сябе здольным выканаць яе.
Паводле паходжання гэта «абломак», першая частка прыказкі “Узяўся за гуж, дык не кажы, што не дуж”, якая абазначае ‘калі ўзяўся за якую-н. справу, не адмаўляйся, спасылаючыся на цяжкасці яе выканання’.
20. Заднім розумам моцны. Няздольны своечасова прыняць патрэбнае рашэнне.
Паходзіць з прыказкі “Мужык задним умом крепок”
21. Закідваць (закінуць) наперад. Уласна бел. Рабіць які-н.прадбачлівы, апераджальны ход з надзеяй мець потым ад гэтага пэўную карысць для сябе.
Паходзіць з прыказкі “Кінь (закінь) наперад — знойдзеш ззаду”, якая мае сэнс ‘калі зробіш каму-н. ласку, то і табе адплацяць тым самым’.
22. Закон(-ы) не пісаны каму, для каго. Хто-н. не лічыцца з агульнапрынятымі правіламі, нормамі паводзін.
Выраз паходзіць з прыказкі “Дурному закон не пісан”, у складзе якой меў тое ж значэнне.
23. За саломінку ўхапіцца. Шукаючы выйсця, паспрабаваць выратавацца хоць якім, хоць і ненадзейным спосабам.
Паводле паходжання гэта другая частка прыказкі “Хто топіцца — за саломінку ўхопіцца”.
24. З’есці пуд солі з кім. Доўга пражыць разам.
Фрагмент прыказкі “Каб пазнаць чалавека, трэба з ім пуд солі з’есці”.
25. З міру па нітцы збіраць, сабраць. Ад усіх патроху.
Паходзіць з прыказкі “З міру па нітцы — голаму сарочка”.
26. З царом у галаве. Вельмі разумны, кемлівы.
Узнік на аснове прыказкі “Свой ум — царь в голове”.
27. I кнігі ў рукі каму. Агульны для ўсходнесл. м. У кагосьці ёсць усе падставы, вялікія магчымасці зрабіць, выканаць што-н.
Узнік з прыказкі “Пісьменнаму і кнігі ў рукі”.
28. I нашым і вашым. Ужыв. са значэннем ‘адначасова і адным і другім’, адмоўна характарызуючы паводзіны чалавека, які служыць, дагаджае двум розным па поглядах бакам.
Выраз паводле паходжання з’яўляецца часткай прыказкі “И нашим и вашим за копейку спляшем”.
29. Калоць вочы каму. Абазначае ‘быць непрыемным каму-н., выклікаць злосць’ і ‘моцна папікаць, сароміць каго-н.’.
Выраз паходзіць з прыказкі “Праўда вочы коле”.
30. Капаць яму каму, пад каго, для каго. Рабіць зло, шкодзіць, рыхтаваць вялікую непрыемнасць каму-н.
Паходзіць з прыказкі Не капай другому яму, сам увалішся.
31. Крывое кола. Уласна бел. Упарты чалавек, які сваімі ўчынкамі пляміць сам сябе.
Крыніцай фразеалагізма стала прыказка “Крывое кола на сябе гразь (бруд, балота) кідае”.
32. Куку ў руку. Абазначае ‘хабар, звычайна грашовы’.
Склаўся, відаць, на аснове прыказкі “Схавай тры грошы ў руку на куку”; узнікненне прыказкі звязвалі са старажытным павер’ем. Прыметай вясны было з’яўленне зязюлі ў лясах, і, каб шчасце падарожнічала чалавеку ўвесь год, трэба было, пачуўшы першае «куку», зазвінець мапетамі ў кішэні ці ў руцэ. На куку або на зязюльку стала абазначаць ‘грошы, прызапашаныя на шчасце’.
33. Кусаць <сабе> локці. Перажываць, шкадаваць з прычыны чагосьці няздзейсненага, непапраўна страчанага.
Узнік на аснове прыказкі “Блізка локаць, ды не ўкусіш”.
34. Лезці са сваім статутам у чужы манастыр. Умешвацца ў чужыя справы, навязваючы каму-н. свае рашэнні.
Паходзіць з прыказкі “У чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць”. Даўней кожны манастыр меў свой статут — звод правіл, якімі і кіраваліся члены пэўнай абшчыны манахаў.
35. Ліслівае (ласкавае) цяля. Спрытны, дагодлівы чалавек, які ўмее пакарыстацца абставінамі.
Узнік з прыказкі “Ліслівае (ласкавае) цяля дзвюх матак ссе”.
36. На мякіне не правядзеш каго. Не перахітруеш, не абдурыш, не ашукаеш.
Паходзіць з прыказкі “Старога вераб’я на мякіне не правядзеш”.
37. Неба капціць. Жыць без пэўнай мэты, без справы, без карысці для іншых.
Узнік з прыказкі “Без працы жыць — толькі неба капціць”.
38. Ні села ні пала. Неспадзявана, нечакана.
Страчаная вобразнасць фразеалагізма ўзнаўляецца, калі мець на ўвазе, што ён утварыўся з прыказкі “Ні села ні пала, захацела баба сала ў выніку яе скарачэння”.
39. Ногі кормяць каго. Чыя-н. плённая праца патрабуе бегатні, амаль сталага знаходжання ў руху.
Паходзіць з прыказкі “Ваўка (воўка) ногі кормяць”, якая абазначае ‘каб пракарміцца, трэба шукаць харчы, турбавацца, a не сядзець на адным месцы’.
40. Пальца ў рот не кладзі каму. Хто-н. такі, што з ім трэба быць асцярожным.
Узнік y выніку скарачэння прыказкі “Не кладзі сабаку пальца ў рот, бо адкусіць”.
41. Паспееш з козамі на торг. Няма чаго спяшацца, не спяшайся.
Гэта «абломак», першая частка прыказкі Паспееш з козамі на торг: і коз прадасі, і грошы праясі.
42. Прыйдзе коза да воза. Выкарыстоўваецца як выказванне пагрозы, папярэджання ці прароцтва, што хтосьці некалі адумаецца, пакаецца, звернецца з просьбай.
Паходзіць з прыказкі “Прыйдзе коза да воза, ды не будзе сена”.
43. Пужаная варона. Залішне асцярожны чалавек, які з-за перажытых выпрабаванняў баіцца нават таго, што не пагражае яму небяспекай.
Паходзіць з прыказкі “Пужаная варона куста баіцца”.
44. Ранняя птушка. Дбайны чалавек, які рана ўстае, раней за іншых прыходзіць куды-н.
Выток фразеалагізма — прыказка “Ранняя птушка зубкі цярэбіць, a позняя вочкі працірае”.
45. Раса вочы выядае каму. Уласна бел. Хто-н. нешчаслівы, жыве ў горы, нядолі.
Паходзіць з прыказкі “Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць”.
46. Сабака на сене. Чалавек, які сам не карыстаецца і іншым не дае карыстацца чымсьці.
Крыніца фразеалагізма — прыказка “Сабака на сене ляжыць, сам не есць і другім не дае”.
47. Сабаку з’еў на чым, y чым. Mae вялікі вопыт, навык у чымсьці.
Паходзіць з прыказкі “Сабаку з’еў, a хвастом удавіўся” (падаецца ў слоўніку УДаля) Яна ўжывалася ў XIX ст., калі гаворка ішла пра вопытнага майстра, які выканаў штосьці вельмі цяжкае, a на дробязі спатыкнуўся.
48. Стары верабей. Вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек.
Узнік з прыказкі “Старога вераб’я на мякіне не правядзеш”.
49. Сыр-бор. Шум, неразбярыха, перапалох.
Паходзіць з прыказкі “Ад іскры сыр-бор загарэўся”.
50. Трапіць (папасціся, улезці) y нерат. Уласна бел. Апынуцца ў безвыходным, непрыемным ці няёмкім становішчы.
Узнік з прыказкі “Трапіў y нерат — ні ўзад ні ўперад”.
51. Тры корабы нагаварыць, наплесці і пад. Вельмі многа і абы-чаго.
Паходзіць з прыказкі “Приехала баба из города, привезла вестей с три короба”.
52. У лес глядзець. Мець намер вярнуцца да ранейшага, прывычнага, свайго.
Утварыўся з прыказкі “Як ваўка ні кармі, a ён усё ў лес глядзіць”.
53. Цягнуць ваду на сваё кола. Уласна бел. Рабіць усё на сваю карысць, служыць выключна асабістым інтарэсам, не клапоцячыся аб іншых.
Паходзіць з прыказкі “Усякі чорт на сваё кола ваду цягне”.
54. Чорт дзяцей калыша каму. Каму-н. вельмі шанцуе.
Паходзіць з прыказкі “Багатаму чорт дзяцей калыша <а беднаму з калыскі выкідае>”.
55. Язык без касці (касцей) у каго. Хто-н. вельмі балбатлівы, гаворыць лішняе.
Паходзіць з прыказкі “Язык без касці: што хочаш пляшчы”.
56. Як гарох пры дарозе. Ужыв. са значэннямі: 1) ненадзейна, трывожна, неспакойна, 2) адзінока і без дагляду (расці, заставацца, жыць і пад.).
Прыказка: “Жыву, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той скубе”.
57. Як нітка за іголкай. Уласна бел. Неразлучна (ісці, цягнуцца і пад.)
Утварыўся на вобразнай аснове прыказкі “Куды іголка, туды і нітка”, якой характарызуюць непарыўныя сувязі паміж кім-н.
58. Як чорт панёс каго, што. Уласна бел. Хто-н. ці што-н. вельмі хутка памчаўся (памчалася).
Паходзіць з прыказкі “Баба з калёс, a калёсы як чорт панёс”.