Якуб Колас “О, край родны, край прыгожы…”

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;

Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?..

Незразумелыя словы

  1. Бруіцца – струиться.
  2. Гмах – высотное здание (в тексте – большой простор).
  3. Гоман – говор.
  4. Лозы – ивняк, ивы.
  5. Шлях – путь, дорога.
  6. Гожа – красиво.

Міхась Шушкевіч “Ты мне вясною прыснілася”

Міхась Шушкевіч

Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знічкаю.
Падаюць зоры світальныя
Ў чыстыя воды крынічныя.

Ой ты, дзяўчыначка мілая,
Як жа ты свет упрыгожыла.
Ластаўка ты легкакрылая,
Светлы мой сон растрывожыла.

Ты мне вясною прыснілася
Неразгаданымі чарамі,
Сэрца парыўна забілася
Вольнымі крыламі-марамі.

Пэўна, цябе, ненаглядная,
Стрэў я часінай удалаю.
Ты мая доля спагадная,
I не шкадую німала я.

Незразумелыя словы

  1. Знічка – падающая звезда.
  2. Світальны – рассветный.
  3. Мара – мечта.
  4. Доля – участь.
  5. Шкадаваць – жалеть.
  6. Німала – нисколько.

Сяргей Грахоўскі “Як я жыў без цябе”

Як я жыў без цябе?
І не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А ў нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.
Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку адно
Аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
І не знаў бы,
За страту каго папракнуць.
Мабыць, трэба было
Праваліцца ў пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе
Пад Палярнаю зоркай
Сустрэць,
І пазнаць,
І адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
У зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
І паверыць, што прыйдзе
І збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй адкрываць
Таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.
Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляжу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?

Незразумелыя словы

  1. Мяжа – граница.
  2. Сузор’е – созвездие.
  3. Страта – потеря.
  4. Ратавацца – спасаться.
  5. Зрэнка – зрачок, зеница.
  6. Збавенне – избавление.
  7. Істота – существо.
  8. Гартаваць – закалять.
  9. Скроні – виски.

Гульня на замацаванне

(для мабільных гаджэтаў)

Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.

QR Code