№2 Фразеалогія (тэставыя заданні)

№1 Фразеалогія (тэставыя заданні)

Тэарэтычны матэрыял па раздзелу “Фразеалогія”

Да ведама: тэарэтычны матэрыял на аснове вытрымак з вучэбнага матэрыялу УА “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”. Ссылка на электронны дакумент http://elib.bspu.by/bitstream/doc/32693/1/%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%B7%D0%B5%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D1%96%D1%8F.pdf

1.1. Фразеалогія як раздзел мовазнаўства

У беларускай мове ўжываюцца ўстойлівыя спалучэнні слоў з непадзельным цэласным значэннем: вадой не разальеш ―вельмі дружныя, неразлучныя, абое рабое ―аднолькавыя. Гэтыя спалучэнні слоў выкарыстоўваюцца ў мове як гатовыя моўныя адзінкі. Іх называюць фразеалагізмамі або фразеалагічнымі адзінкамі.
Фразеалогія – раздзел мовазнаўства, які вывучае:
– значэнне фразеалагізмаў,
– іх структуру,
– адносіны да слова і словазлучэння,
– паходжанне;
– ужыванне фрзеалагічных адзінак у маўленні.

1.2. Фразеалагізм як адзінка мовы

Фразеалагізм – гэта ўстойлівая, узнаўляльная, не менш як двухкампанентная сінтаксічна непадзельная моўная адзінка з цэласным значэннем.
Фразеалагічная адзінка мае некаторыя агульныя рысы са словам і са свабодным словазлучэннем. Яна, як слова, выражае адно паняцце, мае  цэласнае значэнне, можа быць мнагазначнай, як словазлучэнне, яна складаецца не менш чым з двух кампанентаў.
Фразеалагізмы мы не ствараем у працэсе маўлення, а ўзнаўляем у памяці і выкарыстоўваем як гатовую моўную адзінку падобна слову. У складзе фразеалагізма словы–кампаненты страчваюць сваё першаснае значэнне. Фразеалагізм мае адзіны, цэласны сэнс, які не вынікае з паасобных значэнняў слоў, што ўваходзяць у яго склад.
У сінтаксічных адносінах фразеалагізм выступае адным членам сказа.

Пераклад фразеалагізмаў з адной мовы на другую ў большасці выпадкаў ажыццяўляецца шляхам падбору аднолькавых або блізкіх сэнсам адпаведнікаў. Так, напрыклад, адмыкаць адамкнёныя дзверы – ломиться в открытую дверь; абое рабое – два сапога пара; дрыжыкі бяруць – в дрожь бросает. Калі ж у адной з моў такога адпаведніка няма, то сэнc фразеалагічнай адзінкі перадаецца апісальным спосабам.