Максім Багдановіч “Маёвая песня”
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра
Ў струнах сонца залатых,
Ён дрыжачымі крыламі
Звоніць ледзьве чутна ў іх.
I ліецца хваляй песня —
Ціхі, ясны гімн вясне.
Ці не сэрца напявае,
Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі
Ў тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі,
Не разведаць, не спазнаць:
Не даюць мне думаць зыкі1,
Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца
На раздольны, вольны свет.
Але хто яе пачуе?
Можа, толькі сам паэт.
Незразумелыя словы
- Шпаркі – быстрый.
- Матылёк – бабочка.
- Хваля – волна.
- Зёлкі – лекарственные травы.
- Шапацець – шелестеть.
- Чарот – камыш.
- Зыкі – звуки.
Гульня на замацаванне
(для мабільных гаджэтаў)
Прасканіруйце тэлефонам qr-код. Перайдзіце на старонку гульні. Праверце, наколькі вы засвоілі незразумелыя словы.