Анатоль Вярцінскі “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць”

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
віць і далей — любоўю, справай дзейнай
ды словам, што ад справы неаддзелена.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
высакародным, дружным намаганнем,
што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыццестваральны.
Інакш — якая ад жыцця карысць?
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, —
Тварыць!
Незразумелыя словы
- Тварыць – создавать.
- Парыванне – порыв.
- Высакародны – благородный.
- Намаганне – усилие.
- Карысць – польза.
- Марнаваць – тратить впустую.
- Нішчыць – истреблять.